Пошук

03.09.2020 03:09   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому ўлады не дазваляюць вярнуцца на Радзіму, — далёка не першы служыцель Бога, які пацярпеў за сваю вернасць Яго слову.

Вось пра што Езус Хрыстус папярэджваў сваіх вучняў у сваім славутым Казанні на гары: «Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне.

Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі» (Мц 5, 11–12).

Якіх прарокаў меў на ўвазе Збаўца? Сітуацыя, у выніку якой арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нечакана апынуўся ў выгнанні, нагадвае эпізод з Кнігі прарока Амоса.

«Амасія, святар з Бэтэля, сказаў Амосу: „Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч. А ў Бэтэлі больш не прароч, бо ён — святыня караля і дом каралеўскі“. Адказваючы, Амос сказаў Амасію: „Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: ‘Ідзі, прароч народу Майму Ізраэлю’“».

Прарок Амос і Амасія / Выява: St-Takia.org

Гэтая гісторыя адбывалася амаль тры тысячы гадоў таму. Амос — самы ранні з усіх прарокаў-пісьменнікаў, кнігі якіх пазней увайшлі ў склад Святога Пісання.

Што ж так не падабалася магутным гэтага свету ў прапаведванні звычайнага пастуха? Амос, хоць і не называе сябе прарокам, фактычна ім з’яўляецца, бо ягонымі вуснамі сапраўды прамаўляе сам Бог.

Ён нагадвае людзям пра першынство духоўных каштоўнасцяў, выкрывае недахопы тагачаснага грамадства, асабліва сацыяльную несправядлівасць і няроўнасць, заклікае да міласэрнасці ў адносінах да бедных і прыніжаных.

Практычна тое самае мы ў апошні месяц шмат разоў чулі з вуснаў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Чаму яго, карэннага беларуса, які нарадзіўся на нашай зямлі і без рэшты прысвяціў сваё жыццё нашаму народу, цяпер не пускаюць на Бацькаўшчыну? Што раптам «не так» з ягоным грамадзянствам?

Вядома, што Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся пад Гроднам, вучыўся ў школе ў Беларусі, вышэйшую адукацыю атрымліваў у Ленінградзе, а потым працаваў у Вільні. Звычайнае жыццё звычайнага чалавека ў Савецкім Саюзе. Многія тады вучыліся і працавалі ў розных рэспубліках адной вялікай краіны і мелі адно грамадзянства — савецкае.

Стаўшы святаром, ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч спачатку служыў на Віленшчыне, а потым у Гродне. Там жа ў 1989 годзе стаў біскупам.

Першым пасля вайны БЕЛАРУСКІМ — не польскім, не літоўскім і не расійскім — іерархам Каталіцкага Касцёла для мясцовых вернікаў.

Якая ж гэта была вялікая радасць! Якія ўдзячныя былі беларускія католікі Папу Яну Паўлу ІІ за гэтага СВАЙГО біскупа!

Але ў красавіку 1991 года Вялікі Папа вырашыў скіраваць біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сталіцу Савецкага Саюза, у Маскву, каб ён там аднавў знішчаныя багаборчай савецкай уладай структуры Касцёла.

«Не бойся, Тадэвуш!» — падбадзёрыў маладога пастыра святы Ян Павел ІІ, даручаючы яму такое адказнае заданне.

І біскуп Кандрусевіч не спалохаўся, але, паслухмяны голасу Бога і Папы, пайшоў працаваць у Маскву.

Менавіта там заспеў яго распад Савецкага Саюза. На прасторы вялізнай краіны ўтвараліся новыя дзяржавы. Памятаю, як яшчэ гадоў пяць пасля таго, як СССР перастаў існаваць, мы надалей карысталіся старымі чырвонымі савецкімі пашпартамі, у якіх проста стаяў штамп «Грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Такім чынам пасля савецкага ў арцыбіскупа Кандрусевіча, які нёс пастырскае служэнне ў Маскве, аўтаматычна з’явілася расійскае грамадзянства. Зрэшты, як і ў мноства нашых суайчыннікаў, якія на момант распаду Савецкага Саюза жылі і працавалі ў іншых рэспубліках.

Але святар, як дыпламат і жаўнер, не выбірае, дзе яму служыць, і паслухмяна ідзе туды, куды яго скіроўвае кіраўніцтва. 21 верасня 2007 года Папа Бэнэдыкт XVI менаваў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Вярнуўшыся на Радзіму, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, як і іншыя нашы суграмадзяне ў падобнай сітуацыі, адмовіўся ад расійскага грамадзянства і атрымаў беларускае.

Дык што ж цяпер «не так» з ягоным грамадзянствам? Што раптам (праз 13 гадоў!) вырашылі правяраць чыноўнікі?..

Вось чаму адмова ў вяртанні на Радзіму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу вельмі ж нагадвае сітуацыю з прарокам Амосам. І не толькі з ім, але і са шматлікімі іншымі служыцелямі Бога, чыё слова праўды было недаспадобы моцным гэтага свету.

Прыходзіць на памяць прыклад вялікага хрысціянскага біскупа святога Атаназія. За нязгоду паступіцца праўдай веры, каб дагадзіць імператару, ён некалькі разоў павінен быў пакідаць сваю кафедру ў Александрыі і адпраўляцца ў выгнанне. Падобнае перажылі і ўсе папярэднікі Тадэвуша Кандрусевіча на біскупскай кафедры ў ХХ стагоддзі.

Святы Атаназій Вялікі ідзе ў выгнанне. Старадаўняя гравюра / depositphotos.com

Мітрапаліт Магілёўскі арцыбіскуп Эдвард фон Роп у 1919 годзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі і высланы ў Польшчу.

Сто гадоў таму, у 1920 годзе, быў таксама арыштаваны і пасля шматмесячнага зняволення высланы ў Польшчу біскуп Мінскі Зыгмунт Лазінскі.

У верасні 1927 годзе савецкія ўлады арыштавалі Апостальскага Адміністратара ў Мінску і ў Магілёве біскупа Баляслава Слосканса. Правёўшы тры гады ў сталінскіх лагерах, іерарх вярнуўся ў Магілёў, але быў адразу ж зноў арыштаваны і высланы ва Усходнюю Сібір, а адтуль у 1933 годзе — у Латвію.

Праз савецкія і нацысцкія арышты і вязніцы акрамя біскупаў прайшлі таксама шматлікія святары, а сярод іх і кардынал Казімір Свёнтэк — Сведка веры, наступнік і адначасова папярэднік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на біскупскай кафедры.

Прыклад гэтых нязломных пастыраў, пачынаючы са старазапаветных прарокаў і ажно да сённяшніх носьбітаў Божага слова, з’яўляецца сведчаннем таго, што змаганне з Богам і яго слугамі — пустое марнаванне часу. Людзі, якія гэта робяць — свядома ці несвядома, дабравольна ці пад прымусам, — становяцца інструментам у руках злога духа, які ад пачатку быў падманшчыкам і чалавеказабойцам. За такіх людзей трэба маліцца, каб Бог паказаў ім шлях пакаяння, даў сілы апамятацца і навярнуцца.

Спадзяюся, што, памятаючы пра лёс сваіх папярэднікаў — прарокаў, апосталаў і біскупаў, — наш арцыпастыр не падае духам. І ў выгнанні ён сэрцам і ў малітвах з Беларуссю, са сваёю пастваю, якая яго любіць і чакае.

Дэвіз біскупскага служэння Тадэвуша Кандрусевіча — «Хто як Бог?!» Так перакладаецца імя святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі. З Богам беларускія вернікі пераадолеюць усе цяжкасці і з дапамогаю Князя Нябесных Войскаў перамогуць сілы зла, якія б падступныя хітрыкі яны ні чынілі.

Фота: yandex.by

***

Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыю ККББ па закранутых пытаннях.

Абноўлена 24.09.2020 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця