Пошук


«Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі» (Мц 25, 5). Прыпавесць пра дзесяць паннаў змяшчае ў сабе верш, які на першы погляд супярэчыць ідэі чування, пра якое чытач Евангелля паводле св. Мацвея разважаў крыху раней. 

Вось хаця б гэтыя радкі з 24 раздзела выразна ўсхваляюць паставу чування ўдзень і ўначы: «Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Але знаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой» (Мц 24, 42–43).

Паснулі і мудрыя панны, і неразумныя. Чаму не чувалі мудрыя? На гэтае пытанне ў экзэгетаў існуе шмат розных адказаў. Гэта і разуменне Езусам людскога стану, які далёкі ад радыкалізму; і спроба паказаць праз вобраз сну смерць, якая прыходзіць да чалавека і ад якой «абудзіць» яго жаніх-Хрыстус; і звяртанне ўвагі на розныя тыпы сну: з-за ляноты і бязвер’я ў неразумных паннаў і з пачуцця бяспекі і «адпачынку ў Пану» ў мудрых. Такія асноўныя меркаванні вучоных на тэму гэтага евангельскага верша.

Аднак разуменне паасобных выразаў і думак таго ці іншага верша немагчыма адрываць ад кантэксту. Таму, праўдападобна, найбольш адпаведным тлумачэннем «парадоксу» сну мудрых паннаў разам са сном неразумных будзе тое, што аўтар скіроўвае позірк чытача на роўныя ўмовы для кожнага, хто чакае прыйсця Пана. Гэта значыць, няма ніякіх заслугаў мудрых паннаў у іх мудрасці, і няма ніякіх апраўданняў для неразумных з-за іх неразумнасці. Увага сканцэнтравана на алеі, а дакладней на ўзяцці яго з сабой.

Вось менавіта гэты чын усё вырашае, а не сон. Ужо на пачатку прыпавесці гэта выразна падкрэсліваецца:
«Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны» (Мц 25, 3–4). У гэтым выразна бачная ідэя евангеліста раскрыць перад чытачом ролю алею (ласкі Хрыста) для падрыхтоўкі да спаткання з прыходзячым Панам. Вырашальнай тут будзе толькі ласка Збаўцы нашага Езуса Хрыста, а мудрасць — пастава, усхваленая ў гэтай прыпавесці, — заключаецца ў тым, каб узяць з сабой гэтую ласку.

кс. Валерый Марціноўскі

a Ксёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

Абноўлена 30.01.2018 11:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа