Пошук

09.01.2017 00:00  

Чытач пад нікам Ben Binben задае пытанне: «Дапамажыце, калі ласка, з тлумачэннем урыўка з кнігі прарока Амоса (Ам 6, 10). Мне не зусім зразумела, што азначае выраз “Маўчы! Бо нельга ўжываць імя Пана!” у кантэксце дадзенага верша».

Кнігі прарокаў, якія з’яўляюцца часткай Старога Запавету, вельмі цяжкія для тлумачэння. Яны патрабуюць ведання і глыбокага разумення гістарычнага і культурнага фону часу ўзнікнення кніг. Сённяшні чытач павінен адчуць сябе чалавекам тых часоў і пачаць думаць падобна тым людзям.

У радках, якія папярэднічаюць дзясятаму вершу шостага раздзела кнігі Амоса, прарок прадказваў Божае пакаранне людзей, якое здзейснілася. Такім чынам, у доме, дзе жылі дзесяць асоб, усе загінулі. Затым туды ўваходзяць два чалавекі — той, хто выносіць косці (г. зн. целы памерлых), і той, хто іх потым спаліць.

Цяжка сказаць, якім было Божае пакаранне. Аднак, па прычыне таго, што памерлых спальвалі, вучоныя дапускаюць, што гэта была нейкая смяротная хвароба, паколькі ў Ізраэлі быў распаўсюджаны звычай пахавання, а не крэмацыі людзей.

У кнізе прарока Амоса (Ам 6, 10) гучыць пытанне: ці ёсць яшчэ хтосьці ў доме? Гучыць адмоўны адказ, і потым ужо немагчыма высветліць, хто да каго звяртаецца.

Адна з магчымых інтэрпрытацый гэтага месца ў Святым Пісанні такая: страх ад відовішча Божага пакарання настолькі вялікі, што людзі баяцца вымавіць імя Пана, каб Ён не пачуў голас жывога чалавека і не забіў тых, хто выжыў.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што ва ўяўленні людзей Старога Запавету вобраз Бога часта адрозніваўся ад нашага ўяўлення пра Бога. Бога бачылі тым, які карае, забівае, злуецца. Так людзі думалі пра Бога да прыйсця Хрыста, але не заўсёды, бо і на старонках Старога Запавету мы сустракаем Бога добрага, міласэрнага, які прабачае. Сапраўдны вобраз Пана Бога мы знаходзім у Новым Запавеце, які дае Хрыстус, — і такі Бог нас збаўляе.

Кс. Валдзіс Дрыксна

aКсёндз Валдзіс Дрыксна, святар Ліепайскай дыяцэзіі (Латвія), дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».
Абноўлена 05.06.2017 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця