Пошук

21.11.2016 11:33  

Чытаючы Стары Запавет, сапраўды можна сустрэць вельмі цяжкія для разумення сцэны Божага гневу, асабліва ў адносінах да язычнікаў або нават да выбранага народа, калі той адыходзіць ад Божага закону. Пэўныя ўрыўкі Святога Пісання могуць нават шакаваць чалавека, але памылкай было б спрабаваць зразумець Бога толькі па некалькіх фрагментах Бібліі. Гэта можа паспрыяць стварэнню фальшывага вобразу Бога. 

Святое Пісанне паступова рыхтуе нас да пазнання Бога «міласэрнага і літасцівага, цярплівага, багатага на ласкі і вернасць», рыхтуе да адкрыцця важнай праўды пра тое, што «Бог так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае».

Сапраўды, вельмі часта вобраз Бога, які малюецца ў Старым Запавеце, — гэта вобраз Валадара, які патрабуе ад свайго стварэння поўнай падданасці. За непаслухмянасць Бог карае першых людзей выгнаннем з раю, за шматлікія грахі карае чалавецтва патопам (але ратуе вернага Яму Ноя). За амаральнае жыцце насельнікаў Садомы і Гаморы Бог знішчае гэтыя гарады (але варта ўспомніць, што Бог абяцае Абрагаму не знішчаць гэтыя гарады, калі там знойдзецца прынамсі дзесяць справядлівых).


Джон Марцін. Знішчэнне Садома и Гаморы, 1852

Так можна было б пералічваць і далей, але ўжо гэтыя ўрыўкі Святога Пісання выразна даюць зразумець, што гнеў Божы з’яўляецца наступствам адыходу чалавека ад Божага закону. Зрэшты, пра тое, што Бог доўгацярплівы і міласэрны, нагадвае ўрывак пра аздараўленне жыхароў Нінівы. Бог не знішчыў горад, жыхары якога пасля закліку прарока Ёны паверылі Богу і адвярнуліся ад злых учынкаў.

Напрыканцы хацелася б зазначыць, што ў Старым Запавеце словы пра Божую любоў мы сустракаем куды часцей, чым словы пра Божы гнеў, «які доўжыцца толькі імгненне».

Кс. Дзмітрый Леўчык

dКс. Дзмітрый Леўчык — святар Гродзенскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

Абноўлена 05.06.2017 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.