Дар’я з Мінска задае пытанне: «Які пераклад больш дакладны? Бо чытаю па-беларуску ў Евангеллі паводле Марка: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай» (Мк 9, 29); а ў Бібліі па-руску ў гэтым месцы напісана: «Сей род не может выйти иначе, как от молитвы и поста»?
Які пераклад Бібліі больш дакладны?
Раней Святое Пісанне не існавала як адзін збор натхнётых тэкстаў, якім мы яго ведаем цяпер. Кнігі Бібліі пісаліся на працягу доўгага перыяду часу і ў розных месцах, а захоўваліся яны як асобныя спісы.
Толькі з цягам часу большасць кніг, прызнаных натхнёнымі, былі далучаны да канону Святога Пісання і сабраны ў адзін збор. Гэтыя зборы і паасобныя кнігі перапісваліся, перакладаліся, капіраваліся. Дзейнасць перапісчыкаў была звязана з памылкамі, зробленымі наўмысна і ненаўмысна.
Наўмысныя памылкі маглі з'явіцца пад уплывам той традыцыі ці тэалогіі, якая панавала ў нейкім асяроддзі. Ненаўмысныя памылкі ўзнікалі з прычыны канкрэтных чалавечых умоў: недахоп святла для пісання кніг, стомленасць, няведанне мовы, няўважлівасць.
З гэтай прычыны ў розных копіях рукапісаў Пісання ўзнікалі разыходжанні. Таму, часамі, немагчыма сказаць, якое тлумачэнне Бібліі больш правільнае. Мы не маем ніякіх арыгінальных тэкстаў і пераклад залежыць ад крыніцы, на якую абапіраецца канкрэтны пераклад Бібліі.
Напрыклад, рускі сінадальны тэкст Мк 9, 29 супадае з Візантыйскім грэчаскім тэкстам (Byzantine Text Form, 2005), у якім узгадваецца малітва і пост, а ў версіі Novum Testamentum Graece (Nestle-Aland 27a, выданне 1993 г.) сказана толькі пра малітву.
Да гэтых несупадзенняў трэба падысці як да спасылак у навуковым творы, памятаючы, што розныя версіі тэксту падаюць розныя магчымасці, але сутнасць Евангелля не губляецца.
Кс. Валдзіс Дрыксна
aКсёндз Валдзіс Дрыксна, святар Ліепайскай дыяцэзіі (Латвія), дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ
Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».