Пошук

31.07.2020 10:43   Тэкст: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by
Святы Ігнацый Лаёла / Сristianismoenlinea.com

31 ліпеня Касцёл адзначае ўспамін святога Ігнацыя Лаёлы — заснавальніка ордэна езуітаў, да якога належыць таксама Папа Францішак.

Адзін з першых паплечнікаў святога Ігнацыя Лаёлы айцец Хэронімо Надаль успамінаў: «Ва ўсіх рэчах, учынках і размовах ён сузіраў Божую прысутнасць і духоўную рэальнасць, у выніку чаго і ў дзеянні быў сузіральным, кажучы, што Бога трэба знаходзіць ва ўсім».

Ілюстрацыйная выява: firestock.ru

У сваіх шматлікіх лістах святы Ігнацый часта і нястомна нагадваў сваім адрасатам «шукаць Бога ва ўсім». Заўважце, якія словы: «ва ўсім»! Калі было б магчыма напісаць яму цяпер аб сваіх клопатах, сумневах, просячы парады ў духоўным жыцці, то з вялікай верагоднасцю мы атрымалі б той самы наказ: шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім. Але што гэта значыць у сённяшніх умовах?

Пачнем, хіба што, з таго, ці ёсць у нас жаданне шукаць. Калі Бога хтосьці ўяўляе «дачэпным» суддзёй, ласкавы позірк якога яшчэ трэба заслужыць, то такі чалавек будзе баяцца знайсці Яго. Ды яшчэ ва ўсім! Куды ні павярніся — Ён тут!

Але Ігнацый кажа пра пошук сапраўднага Бога, а не пагрозлівых версій.

Тое ж можна аднесці і да залішне сентыментальных вобразаў Бога. Аднак менавіта з тым, што ёсць цяпер у нашай душы, у нашым жыцці і свеце, мы можам (але ж не — «павінны»!) шукаць Бога, а значыць рабіць высілак пошуку і распазнавання: у тым, што адбываецца, і праз тое, што раблю сам, я набліжаюся да Бога ці адыходжу?

Ілюстрацыйная выява: w-dog.ru

Удзел у матэрыяльным свеце і ў духоўным, на думку святога, маюць аднолькавую каштоўнасць у вачах Бога, калі ў любы час нашыя дзеянні адпавядаюць Божай волі. Бог праслаўлены і тады, калі едзем на працу, і тады, калі гуляем з дзецьмі ці дапамагаем камусьці, і калі ўдзельнічаем разам з іншымі ў святой Імшы, і калі молімся ў цішыні ў сваім пакоі.

Што рабіць, калі тое, што даводзіцца рабіць у дадзены момант, зусім не адпавядае жаданню і нават, здаецца, супярэчыць таму, што, магчыма, Бог хоча ад нас? Кідаць адразу?

Даволі шмат відаў дзейнасці выглядаюць нуднай руцінай, нявартай таго часу, які яна забірае. Каб дзень пры дні шукаць у гэтым Бога, сапраўды патрэбная цнота пакоры — як Божы дар і запрашэнне да супрацоўніцтва. Аднак сапраўдная пакора не мае нічога супольнага з маладушнасцю і апатыяй.

Можа, насамрэч тое настойлівае адчуванне, што я марную час і жыццё на непатрэбныя рэчы, паходзіць ад Бога, які мае для мяне лепшы план, і трэба толькі прыслухацца ўсур’ёз?

Ілюстрацыйная выява: firestock.ru

Майце жаданне знайсці Бога, сказаў бы Ігнацый, а не адчуваючы ў сабе жадання, маліцеся аб тым, каб Бог яго даў.

Не трэба доўга тлумачыць, што любы дар паходзіць з Крыніцы ўсіх ласкаў. Аднак нашая ўвага часам рассейваецца, і мы перастаём выразна бачыць нават атрыманае дабро, а значыць і дзякаваць Дарыцелю. А тым часам кожны ўчынак любові, які мы дасведчылі ад іншых ці зрабілі для кагосьці, не спадзеючыся на адплату і пахвалу, з’яўляецца адлюстраваннем Божай любові да нас і ўсяго стварэння.

Адна справа — шукаць Бога там, дзе мы выбіраем быць (з большай ці меншай ахвотай і матывацыяй), а зусім іншая — там, дзе мы не збіраліся апынуцца альбо меркавалі хутка вызваліцца, «перацярпець», як укол у дзяцінстве, ды ўсё ж вымушаны застацца ў непрыемных ці недарэчных сітуацыях, сэнс якіх незразумелы.

Тут пошукі Бога даюцца цяжэй, патрабуюць большага высілку, які, тым не менш, дапамагае нам знайсці цвёрдую апору ў нявызначанасці і трывозе. Зноў гаворка ідзе пра цноту — цноту поўнага даверу Пану. У гэтым даверы вяртаецца (прынамсі, часткова) унутраны спакой, з якім лягчэй убачыць, які крок зрабіць далей, калі Ён ідзе побач у найгоршых выпрабаваннях.

Ілюстрацыйная выява: Рinterest.com

Здараецца, мы шукаем Яго далёка. «Вобласць пошуку» і праўда неабмежаваная.

Але не варта забывацца, што Бог вельмі блізка да нас.

Думкі нашыя аблятаюць усю планету за імгненне, імкнуцца пранізаць цэлы Сусвет, але абставіны, у якіх праходзіць жыццё, даволі канкрэтныя. І пад шатром зорнага неба, і ў размове з чалавекам, з якім няма паразумення, матэрыяльная рэчаіснасць спалучана з духоўнай.

Паўсядзённасць і кола блізкіх людзей, поспехі і няўдачы, месцы, рашэнні, з якіх сатканыя дні, — тут гатоўнасць «шукаць Бога ва ўсім» абяцае і большую яснасць мыслення, асветленую Божым натхненнем, і глыбейшую радасць сэрца, якое ва ўсім сустракае свайго Стварыцеля і Збаўцу.

Ілюстрацыйная выява: Wikimedia.org

Кажуць, што аднойчы ў доме езуітаў у Рыме святы Ігнацый падмятаў калідор, калі малады кандыдат, які жадаў уступіць у Таварыства Езуса, спытаўся:

«Ойча Ігнацый, калі б вы ведалі, што праз пятнаццаць хвілін наступіць канец свету, што б вы зрабілі?» Ігнацый, абапёршыся на мятлу, паглядзеў на маладога чалавека і адказаў: «Я б далей падмятаў калідор».

Няхай заступніцтва святога Ігнацыя Лаёлы ў ягоны святочны дзень натхняе ўсіх нас зважаць на духоўнае вымярэнне жыцця, працягваць распачатыя справы і імкнуцца знайсці Бога ва ўсім.

Абноўлена 31.07.2020 13:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа