Пошук

28.06.2020 09:32   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Кадр з фільма «Малы» / Amazon.com

Дзень моладзі сёлета прыпаў на складаны час пандэміі, і сёння адказны за душпастырства моладзі ў беларускім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі асабліва звяртаецца да моладзі, якая вырашыла прысвяціць сябе служэнню бліжнім.

Любая моладзь!

Дазвольце звярнуцца да вас з пажаданнямі з нагоды Дня моладзі, які з 1998 года адзначаецца ў нашай краіне ў апошнюю нядзелю чэрвеня.

Гэта вашае свята, ваш час, вашая пара: свята творчасці і натхнення, энергіі і запалу, пазнання і самасцвярджэння, любові і рамантыкі.

Гэта таксама час экзаменаў для паступлення ў навучальныя ўстановы — час выбару жыццёвага шляху.

Час, калі так прывабна свеціць летняе сонейка, а разам з тым так сурова гучаць патрабаванні медыкаў і санітарных службаў у час пандэміі, становіцца сёлета часам гартавання нашага духа, веры і надзеі.

У сувязі з гэтым я хачу падзякаваць вам за тое, што разам з весялосцю маладога сэрца вы ўмееце праявіць сталасць у паводзінах і ахвярнасць у служэнні іншаму чалавеку.

Дзякуй асабліва вам, маладыя медыкі і студэнты медыцынскіх навучальных устаноў нашай краіны. Мы звяртаемся да вас з падзякай, а да Бога з просьбай: Божа, аддзяч людзям у белых халатах!

Мае дарагія сябры, нядаўна ў мяне атрымалася паглядзець цікавую хрысціянскую кінастужку «Малы» (Little Boy, 2015). Прызнаюся, яна мне вельмі спадабалася: я раю паглядзець яе ўсім — не пашкадуеце. Галоўны герой фільма Джэйкаб Сальваці, «малы» ростам для сваіх гадоў хлопчык, перажывае з гэтай прычыны нямала прыкрасцяў: з яго кпяць і родныя, і сябры.

Аднойчы гэты хлапчук у святыні пачуў прыпавесць аб гарчычным зерні (гл. Лк 17, 5–6), якое сімвалізуе моц веры, і з таго часу пачаўся новы этап яго жыцця: ён здзяйсняў нават па-чалавечы немагчымыя рэчы. Аднак паўплываць сваёй верай на рост Джэйкаб не мог, і гэта яго вельмі засмучала. Аднойчы, як у байцы, хлопец сустрэў добрага старца-мудраца, які дапамог яму змяніць погляд на ўласнае «эга». Ён даў малому параду: «Джэйкаб, перастань мерыць сябе ад зямлі: раўняйся з небам, і станеш вялікім чалавекам».

Дарагія юнакі і дзяўчаты!

Словамі з гэтай кінастужкі і я хачу сёння звярнуцца да вас як з пажаданнем: «Моладзь, заўсёды раўняйся на неба».

З малітвай за маладых Сінявокай
ваш брат Юзаф

Абноўлена 29.06.2020 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця