Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі многія вернікі адкладалі споведзь на пазнейшы час, але аказалася, што чакаць даводзіцца занадта доўга.
Згодна з рашэннем 78-а надзвычайнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, час для выканання абавязку прымаць Камунію ў Велікодны перыяд і прынамсі раз на год спавядацца (бо Камунію можна прымаць толькі ў стане асвячальнай ласкі, гэта значыць, пасля сакрамэнтальнай споведзі) быў працягнуты да 15 жніўня.
Да заканчэння гэтага тэрміну застаецца менш за два месяцы, а эпідэміялагічная сітуацыя пакуль не дазваляе зрабіць аптымістычных прагнозаў на бліжэйшую будучыню.
Набліжаецца ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, падчас якой традыцыйна мноства людзей прыступала да споведзі. Нацыянальны санктуарый у Будславе вядомы як асаблівае месца навяртанняў і паяднання з Богам, дзе штогод спавядаліся тысячы ўдзельнікаў фэсту. Сёлета Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў спецыяльным Паведамленні звяртаецца з просьбай да тых, хто прыедзе ў Будслаў на ўрачыстасць 1 і 2 ліпеня, паспавядацца загадзя, у сваіх парафіях.
У красавіку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на нашым партале ўжо тлумачыў, як гэта магчыма зрабіць ва ўмовах пандэміі.
Але і сёння нямала вернікаў задаюць пытанне: «Ці можна паспавядацца на адлегласці: па тэлефоне ці праз іншыя сродкі камунікацыі?»
Адказ адназначны: такой магчымасці ў Каталіцкім Касцёле няма.
Споведзь — гэта сустрэча асоб, для якой неабходная фізічная і духоўная блізкасць. Акрамя таго, сучасныя сродкі камунікацыі не даюць надзейнай гарантыі захавання таямніцы споведзі, якая ні ў якім выпадку не можа быць парушана ці пастаўлена пад пагрозу.
Споведзь нельга ўспрымаць як нейкае аўтаматычнае дзеянне, накшталт мыцця бялізны ў пральнай машыне; гэта не нейкае бягучае пытанне, якое магчыма хутка вырашыць па тэлефоне.
Сітуацыя можа здавацца безвыходнай, але выйсце ёсць. Калі з прычын, якія ад мяне не залежаць, я аб’ектыўна (а не «на мой погляд») не маю магчымасці прыступіць да споведзі, ідзе гаворка пра надзвычайную сітуацыю.
У гэтым выпадку Божая міласэрнасць і Касцёл выходзяць насустрач чалавеку дзеля яго духоўнага дабра. У такіх умовах неабходна зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення і ўзбудзіць дасканалы жаль за грахі.
Дасканалы жаль паходзіць не ад страху пакарання ці асуджэння на Апошнім Судзе, а вынікае з любові да Бога, якую раніць кожны наш грэх.
Аднак нас не павінна палохаць слова «дасканалы», пад якім зазвычай разумецца штосьці на мяжы магчымасцяў, выключнае і недасяжнае. Дасканаласць не азначае абсалютнай любові, якой мы, на жаль, не маем, а такі акт волі, які пад сілу чалавеку.
Для гэтага важна мець перад сваім духоўным позіркам любячага Бога і Айца і адчуваць жаль за тое, што мы абразілі блізкую нам Асобу. Дасканалы жаль таксама не павінен абавязкова суправаджацца нейкімі моцнымі эмацыйнымі перажываннямі і слязьмі. Дастаткова са скрухай у сэрцы ўсведамляць, што я сваімі грахамі парушыў сувязь любові да Бога.
Калі надзвычайная сітуацыя скончыцца, тады неабходна абавязкова прыступіць да споведзі і вызнаць усе грахі, нават калі мы мелі за іх дасканалы жаль.
Калі ж надзвычайная сітуацыя будзе працягвацца далей, мы верым, што Бог у сваёй міласэрнасці нас прабачыў і адпусціў нам грахі, бо наш нябесны Айцец ніколі не патрабуе ад сваіх дзяцей немагчымага.
Таму калі сёння хтосьці не можа паспавядацца, не трэба панікаваць. Варта ў малітве з даверам вызнаць Богу свае грахі і прасіць Яго аб міласэрнасці асабліва цяпер, калі Касцёл рыхтуецца адзначыць урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, поўнага дабрыні і любові.