Пошук

30.05.2020 12:12   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Рicserio.com

У сваім блогу напрыканцы мая біскуп Юзаф Станеўскі дзеліцца са студэнтамі «сакрэтам», як добра здаць сесію.

Любая моладзь, мае дарагія сябры!

6 мая тры дыяканы, сёлетнія выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, развіталіся з Alma Mater. Дзякуем Богу за гэтых маладых кандыдатаў да святарства і чакаем у наступным навучальным годзе тых, каго Пан таксама кліча пайсці за сабою.

Фота: Андрэй Юхнік

У слове пастыра падчас святой Імшы на развітанне з выпускнікамі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разважаў над пакліканнем і дарогай да святарства. Між іншым, ён выказаў такую думку:

«Не дарога з’яўляецца цяжкай, а цяжкасці, якія мы сустракаем, з’яўляюцца дарогай рэалізацыі нашага паклікання». Біскуп Аляксандр дадаў, як важна, калі мы гэтыя цяжкасці пераадольваем у лучнасці з Тым, хто нас паклікаў, — з Езусам Хрыстом.

Ілюстрацыйнае фота: Svaboda.org

…У адным універсітэце вылучаўся малады, вясёлы і вельмі таварыскі студэнт. Калегі яго паважалі і лічылі за гонар з ім сябраваць, нягледзячы на тое, што ён быў інвалідам і перасоўваўся з дапамогай мыліцаў.

Хтосьці са студэнтаў аднойчы спытаўся ў яго, што з ім здарылася і як яму ўдаецца захаваць бадзёрасць духу ў такіх складаных абставінах. Той без жалю яму адказаў: «Мяне зрабіла інвалідам хвароба — поліяміэліт.

А прычына таго, што я не сумую, простая: гэтая хвароба не скалечыла майго сэрца». Сапраўды, варты павагі юнак!

Ілюстрацыйнае фота: Freepik.com

Дарагія студэнты!

Месяц май сапраўды асаблівы. Для школьнікаў гучыць апошні званок, а вы пачынаеце рыхтавацца да экзаменаў. Напоўненыя салаўінымі спевамі майскія ночы такія кароткія, і часу на падрыхтоўку заўсёды не хапае. Вы ламаеце галаву над тым, як добра здаць сесію, і марыце: «Толькі б выцянуць білет, які я ведаю, бо інакш…»

Дружа, а што «інакш»? Дрэнная адзнака і нават няздадзены экзамен — не прычына для таго, каб шукаць вінаватых ці кінуць вучобу. Праблемы і цяжкасці не павінны цябе зламаць.

Проста ў складаную хвіліну ўзгадай узыход сонца, сустрэты разам з сябрамі пасля школьнага выпускнога, і няхай сэрца зноў напоўніцца тою радаснаю надзеяй і смелымі планамі на далейшае жыццё.

Цяжкасці ў ім непазбежныя, таму не дай ім збіць сябе з дарогі. Менавіта іх пераадоленне — гэта і ёсць твая дарога. Пераадольвай іх разам з Езусам: Ён табе ў гэтым заўсёды дапаможа. Зноў узыдзе сонца, распачнецца новы дзень: ці ты гэта ўбачыш, ці зможаш гэтаму радавацца? Калі так, лічы, што ты добра здаў сесію, нават калі засталіся «хвасты»: я ўпэўнены, што ты з імі справішся.

Ілюстрацыйнае фота: Аляксей Мальчук / vnnews.ru

Святы Ян Павел ІІ у такіх выпадках казаў моладзі:

«Не бойцеся ступіць на шлях вашага паклікання, не бойцеся шукаць праўду пра сябе і пра свет вакол вас. Ваш узрост — гэта жыццёвая пара, найбольш карысная для пасеву і падрыхтоўкі глебы для будучага ўраджаю. З чым большым стараннем вы будзеце выконваць свае абавязкі, тым лепш і больш плённа зможаце выконваць вашае пасланніцтва ў будучыні.

Старайцеся вучыцца з вялікім запалам. Вучыцеся пазнаваць усё больш новага. Веды адкрываюць гарызонты і спрыяюць духоўнаму развіццю чалавека. Сапраўды вялікі той чалавек, які хоча чамусьці навучыцца.

А калі вам будзе цяжка, калі ў жыцці вам давядзецца перажыць няўдачы ці расчараванні, няхай вашыя думкі ўзносяцца да Хрыста, які любіць вас, які з’яўляецца верным спадарожнікам і дапамагае перажыць усе цяжкасці. Ведайце, што вы не самотныя. Вас суправаджае Той, хто ніколі не падводзіць. Хрыстус разумее самыя пакрыёмыя жаданні вашага сэрца. Езус хоча дапамагаць вам. Ён хоча быць для вас апорай і ўмацоўваць у юнацкай барацьбе за набыццё цнотаў і ведаў».

Ілюстрацыйная выява: Ausiliatrice.firenze.it

Мой дарагі сябра, вось яшчэ адзін «сакрэт», як добра здаць сесію. Не лянуйся, вучыся старанна, не марнуй дадзены табе час і створаныя дзяржавай і тваімі бацькамі ўмовы для набыцця ведаў. Не жадай «усяго і адразу», памятай, што набытыя ў маладосці веды і ўменні будуць не цяжарам, а палёгкаю на шляху ўсяго жыцця. Яны стануць самым каштоўным багаццем — тваім асабістым і ўсяго грамадства.

Не наракай, што вучыцца цяжка і нудна, бо многім тваім аднагодкам, якія мараць пра вучобу, лёс не даў такога шанцу.

Тваіх ведаў і здольнасцяў, намаганняў і адкрыццяў, твайго непаўторнага «эўрыка» чакае Беларусь, каб стаць яшчэ больш прыгожай, сучаснай і прывабнай.

Каб мы маглі ў старасці, гледзячы разам з нашымі нашчадкамі на залатыя нівы, сіняву азёр і рэк, пад пошум лясоў паўтарыць: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы».

Ілюстрацыйная выява: Рixabay.com

Са свайго боку, як і вашыя родныя, я абяцаю маліцца аб паспяховым вырашэнні вашых жыццёвых «праблем» і аб тым, каб вы добра здалі сесію і вытрымалі ўсе экзамены, якія рыхтуе вам жыццё.

З малітвай і благаслаўленнем

вучань Хрыстовай школы
+ Юзаф

Абноўлена 31.05.2020 16:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.