Пошук

22.05.2020 17:10   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Фота: Budslau.by

У сваім блогу біскуп Юзаф Станеўскі ўзгадвае знамянальныя словы святога Яна Паўла ІІ — першага ў гісторыі Папы, які прамовіў да беларусаў на нашай матчынай мове.

Сябра… Так мы можам сказаць пра таго, хто звяртаецца да нас асабіста. Асабліва калі ён гаворыць на нашай мове; на мове, якая дапамагае лепш зразумець Бога, бо яна — мова матулі. Так Папа Францішак кажа ў Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium.

Так рабіў святы Ян Павел ІІ, калі звяртаўся да «любага народа Беларусі».

17 кастрычніка 1998 года на плошчы святога Пятра ў Рыме ён прамовіў да пілігрымаў з Беларусі на беларускай мове:

Сёння вы дзякуеце Пану Богу за дар веры, за адвагу, з якой баранілі хрысціянскую традыцыю. Прыходзіце таксама, каб шукаць падтрымкі на дарозе, якая наперадзе вас.

Таму сузірайце заўсёды Хрыста; як вы прынялі Пана Езуса Хрыста, так паступайце ў Ім, укаранёныя і збудаваныя ў Ім, умацаваныя вераю. Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыціі, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста (пар. Клс 2, 6–8)».

8 чэрвеня 1999 года падчас сёмага Апостальскага падарожжа на сваю Радзіму, у Польшчу, Ян Павел ІІ звярнуўся па-беларуску да прысутных на святой Імшы ў Элку вернікаў з Беларусі. Дарэчы, у той Імшы практычна ў поўным складзе брала ўдзел супольнасць Гродзенскай семінарыі. У сваіх словах Святы Айцец працягнуў выказаную раней думку:

«Жадаю, каб у вас асабліва ў гэты час <…> дзейнічала Божая ласка. Любіце Хрыста і Евангелле: такім чынам ваша вера ўзрасце і прынясе шчодрыя духоўныя плёны».

3 чэрвеня 2000 года ў Рыме Ян Павел ІІ таксама асабіста прамовіў да пілігрымаў з Беларусі. Сярод іх тады былі сёстры з супольнасці Святой Сям’і з Назарэта, якія прыбылі ў інтэнцыі падзякі за дар беатыфікацыі іх сясцёр, мучаніц з Навагрудка.

Святы Айцец падзякаваў за шчодры духоўны плён сясцёр назарэтанак, якія любілі Хрыста і Евангелле не толькі на ўроках катэхезы для мясцовых дзетак, але і ў ноч, што стала выпрабаваннем іх евангельскага радыкалізму на ўзор Хрыста, які казаў: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказаў вам» (Ян 15, 13–14.).

Па-беларуску Ян Павел ІІ дадаў:

«Няхай новыя благаслаўлёныя Марыя Стэлла і дзесяць яе сясцёр, паплечніц, заступаюцца перад Богам за ўвесь народ Беларусі, які я сардэчна вітаю».

Сёння вернікі Беларусі памятаюць і моляцца праз заступніцтва свайго сябра — святога Яна Паўла ІІ, Вялікага Папы, Папы-славяніна, і дзякуюць за кожнае слова, скіраванае да нас на мове нашых матуль.

Абноўлена 22.05.2020 18:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа