Пошук

15.05.2020 13:57   Тэкст: Марына Валасар / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: blogspot.com

Моладзевая актывістка Марына Валасар у сваім аўтарскім матэрыяле прапануе нам зрабіць рахунак сумлення, разважаючы над грахамі, якія руйнуюць супольнасць Касцёла, на што ў сваім вучэнні неаднаразова звяртаў увагу таксама Папа Францішак.

Эпідэмія каранавірусу — няпросты час для ўсіх. Але таксама гэта час, каб пераасэнсаваць сваё жыццё, у тым ліку хрысціянскае. Час, каб папрасіць прабачэння ў Бога за ўсе тыя заганы, якія ёсць таксама і ў нас, хрысціянаў. Час для ачышчэння ад тых закаранелых грахоў, якія на першы погляд нябачныя, але знішчаюць і руйнуюць Касцёл.

Касцёл — гэта прастора, дзе Бог дае збаўленне. І самая першая матывацыя, якая павінна быць у верніка, — пошук Бога і еднасць з Ім праз сакрамэнты і малітву.

Але часам здараецца так, што грахі супольнасці хрысціянаў не даюць у поўнай меры здзяйсняцца пакліканню Касцёла: весці чалавека да Бога.

З-за гэтага некаторыя людзі могуць нават адысці ад веры, не кажучы ўжо пра тых, хто ў пошуках Бога робіць толькі першыя крокі ў бок Касцёла.

Плёткі

Ілюстрацыйная выява: pantip.com

На вялікі жаль, гэты грэх даволі часта сустракаецца не толькі ў свецкіх калектывах, але і ў супольнасці Касцёла.

Плёткі выкарыстоўваюцца як інструмент, каб ачарніць іншага верніка, законніцу, святара, біскупа, Папу…

Ёсць і іншая, «бяскрыўдная» прычына плётак: жаданне проста паразмаўляць, калі ўсе тэмы ўжо перабраныя…

Здаецца, супольнасць — хрысціянская; тут усе пакліканы любіць адзін аднаго, але не заўсёды атрымліваецца ў сваіх словах кіравацца выключна любоўю да бліжняга. Вядома, хрысціяне таксама людзі грэшныя і таксама могуць часам пляткарыць. Аднак атрыманае ў хросце пакліканне быць сведкамі Божай любові абавязвае нас працаваць над сабой, каб пазбавіцца ад гэтай заганы, калі яна праяўляецца ў нашых размовах.

Плётка — гэта заўсёды цяжкі грэх супраць восьмай Божай запаведзі «Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго».

Інтрыгі

Ілюстрацыйная выява: ieshua.org

Часцей за ўсё, плёткі з’яўляюцца адной з прыладаў яшчэ адной з’явы, якая разбурае супольнасць, а менавіта інтрыг.

Інтрыгі выкарыстоўваюць для таго, каб заняць «лепшае месца пад сонцам», маральна знішчыць «канкурэнтаў», застаючыся пры гэтым «анёлам».

Паспяховыя на першы погляд супольнасці могуць быць духоўна нездаровымі з-за інтрыг і плётак.

Хоць знешне ўсё выглядае прыстойна і нават прыгожа, унутры атмасфера можа быць моцна атручана інтрыгай, нездаровай канкурэнцыяй, завуаляванай барацьбой.

Найгорш тое, што людзі сумленныя і адкрытыя найчасцей аказваюцца безабароннымі перад тайнай зброяй інтрыгі і моцна ад яе церпяць. Несумненна, гэта не можа падабацца Богу, перад якім кожнаму давядзецца даць адказ за ўсе свае справы: і яўныя, і тыя, якія былі зроблены пакрыёма.

«Паказуха»

Ілюстрацыйная выява: stockfresh.com

Актыўнасць у Касцёле, безумоўна, вельмі важная. Але ў гэтым крыецца небяспека ператварыць дзейнасць у сумнавядомую «паказуху», калі ўсё робіцца перадусім напаказ, каб заўважылі іншыя. Асноўнае, што адрознівае руплівасць ад «паказухі», — гэта матывацыя. Таму варта задаць сабе наступнае пытанне і шчыра на яго адказаць: чаму я служу ў Касцёле ў розных супольнасцях? каб праславіць Бога ці каб мяне ўсе бачылі і хвалілі?

Часам нават у добра арганізаванай дзейнасці няма глыбіні: замест евангелізацыі і супольнага жыцця верай атрымліваецца звычайная «прыкасцёльная тусоўка».

Аднак бывае і наадварот: людзі нібыта не робяць нічога незвычайнага, але пры гэтым іх агульныя справы, размовы і нават супольны адпачынак набліжаюць іх да Бога, спрыяюць каштоўнаму ўзаемаабмену і духоўнаму развіццю.

Езус нездарма так рэзка і негатыўна выказваўся наконт фарысеяў, якія выстаўлялі сваю пабожнасць напаказ, але пры гэтым шукалі толькі ўласнай выгоды. «Паказуху» ў Касцёле можна назваць таксама фарысействам, або крывадушнасцю.

Дэструкцыйныя спрэчкі

Ілюстрацыйная выява: depositphotos.com

Апошнім часам у сацсетках часта ўзнікаюць бурныя спрэчкі, якія неадменна суправаджаюцца бязлітаснай крытыкай апанентаў. Ёсць, канечне, і канструкцыйныя дыскусіі, у якіх удзельнікі імкнуцца ўзняць пытанні, на якія шчыра і без прадузятасці шукаюць адказу, але іх няшмат у агульнай колькасці бессэнсоўных спрэчак і сварак.

Нярэдка дэструкцыйныя спрэчкі ў віртуальнай прасторы звязаныя з пытаннямі веры і адносінамі да Касцёла. І правіла, што «ў спрэчцы нараджаецца ісціна», тут часта не працуе. У такіх дыскусій зусім іншая мэта.

Іх ініцыятары найчасцей імкнуцца проста звярнуць на сябе ўвагу, атрымаць «псіхалагічную зарадку» ад спрэчкі, адчуць сваю «вышэйшасць» у працэсе пераконванання і крытыкі апанентаў. Словам, гэта даволі папулярны сёння спосаб падняць сваю самаацэнку, «выпусціць пару», выплюхнуць хвалю негатыву, перадаўшы яго іншым.

А гэта ўжо падобна на сімптомы цяжкай духоўнай хваробы, якая завецца пыхай і з’яўляецца глыбокім коранем шматлікіх грахоў супраць супольнасці.

Падобныя спрэчкі найчасцей ні да чаго не прыводзяць, акрамя як да распаўсюджвання агрэсіі, зла і варожасці паміж тымі, хто разам з усім гэтым лічаць сябе вернікамі.

Неканструкцыйная крытыка

Кадр з фільма «Мукі Хрыстовы», 2004 г.

Менавіта з такой крытыкай мы найчасцей сутыкаемся ў апісаных вышэй спрэчках. Часам яна выказваецца ў зняважлівай і абразлівай форме, а бывае, што і прыхавана, у выглядзе тонкага сарказму або кпінаў. Зноў жа, як і ў выпадку з дыскусіяй, важна тое, што намі кіруе, якія матывы нашых крытычных заўваг.

Добра, калі намі кіруе імкненне даць добрую параду, зрабіць штосьці лепш, дапамагчы іншаму. І бяда, калі крытыка выклікана зайздрасцю або жаданнем падняць уласную самаацэнку за кошт прыніжэння іншых.

Калі крытыка перастае быць добразычлівай заўвагай, братнім напамінам і становіцца абвінавачваннем або — барані Божа! — асуджэннем, гэта вядзе да парушэння пятай Божай запаведзі «Не забівай», бо забіць можна не толькі фізічна, але і маральна.

Пералічаныя грахі супраць супольнасці пазбаўляюць нас, хрысціянаў, самага галоўнага — Божай ласкі, якая неабходная для збаўлення. Акрамя таго, плёткі, інтрыгі, спрэчкі, крытыка і іншыя пачварныя спараджэнні пыхі адбіраюць у нас час, які мы можам выкарыстаць на духоўнае развіццё, плённую дзейнасць, любоў… Гэта значыць, на выкананне той місіі, якую Бог даў як заданне для кожнага з нас.

***

Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.

Абноўлена 15.05.2020 14:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.