У святле Евангелля Трэцяй Велікоднай нядзелі біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу прапануе шукаць і знаходзіць звычайныя адказы на складаныя пытанні жыцця.
Умілаваныя ва Уваскрослым Пану браты і сёстры!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Такі знаёмы велікодны заклік зноў прагучаў у нашых святынях і ў сэрцах. Абуджае і напаўняе радасцю зямлю веснавы перазвон птушынага спеву і абуджаны лясны ручай — надышоў Вялікдзень. А для кагосьці проста прыйшла вясна.
Інакш кажучы, чалавек па-свойму апіша з’яву, але не вытлумачыць складаны працэс, бо ўсё адбываецца згодна з загадам Створцы: маўляў, чалавек спіць, а лес расце.
Як жа часта ў нашым жыцці мы чулі: не думай зашмат; табе гэта не патрэбна; ты гэтага не зразумееш; гэта проста так; або: навошта табе гэта?..
Святы Аўгустын, калі ў яго спыталіся, што такое час, напісаў:
«Калі мяне пра гэта ніхто не пытаецца, то я ведаю. Аднак калі пачынаю тлумачыць, то не ведаю сам».
У вядомым анекдоце эканаміст кажа сябру: я ніяк не магу зразумець, на чым заснаваны насамрэч сусветны фінансавы крызіс. У адказ сябра пачаў тлумачыць, але першы яго спыніў: дзякуй, расказаць і я сам магу.
Мае дарагія сябры!
Урывак з Евангелля паводле святога Лукі, які чытаецца ў Трэцюю Велікодную нядзелю, распавядае пра вучняў Езуса, якія ішлі ў вёску Эмаўс. Ідучы, яны разважалі, наракалі і пыталіся адзін у аднаго: як такое магло здарыцца, чаму так здарылася з Езусам?
Яны спадзяваліся на іншае заканчэнне, згодна з чалавечай логікай. Але раптам пасля цярпення і смерці, якія не маглі зразумець і прыняць, зноў убачылі Езуса жывым. І пачулі папрок з Яго вуснаў:
«О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» (пар Лк 24, 13–35).
Скажаш: зноў пра цярпенне? Так, пра яго, нам добра вядомае. Яго ж так проста растлумачыць: баліць — значыць церпіш. Без болю не абыходзіцца жыццё ніводнага чалавека. У болю чалавек прыходзіць у гэты свет. Аднак «боль» адрозніваецца ад «цярпення».
Боль фізічны, з якім сустракаецца малое дзіця, падаючы пры першым самастойным кроку, — гэты боль матуля ўлагоджвае пацалункам, прыгаворваючы: коціку баліць, зайчыку баліць, а табе не баліць.
Медыцына таксама можа на пэўны час спатоліць болем пацыента падчас аперацыі, анестэзаваць хворае месца так, што рана, прычыненая вострым скальпелем, не баліць.
А цярпенне? Яно большае за фізічны боль. Цярпенне — гэта перажыванне болю душы і цела ў самоце. Таму ксёндз прафесар Юзаф Цішнер падчас свайго перажывання болю невылечнай хваробы напісаў: «Цярпенне заўсёды нішчыць, цярпенне не надае шляхетнасці. Тым, што дапамагае, падымае і рухае наперад, з’яўляецца любоў».
Пэўны швейцарскі тэолаг да гэтага пытання падыходзіць так: «Любоў Бога не абараняе мяне ад кожнага цярпення, аднак абараняе мяне ў кожным цярпенні». А цытаваны ўжо паэт і драматург Поль Кладэль піша:
«Бог не прыйшоў, каб вытлумачыць цярпенне: Ён прыйшоў напоўніць яго сваёй прысутнасцю».
Цяжка зразумець і адказаць чалавеку і на простае пытанне: чаму Бог церпіць? Езус у Евангеллі паводле святога Яна кажа: «Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы не верыце, то як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?» (Ян 3, 12).
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Браты і сёстры, гэта так складана зразумець для нас і так проста для Бога вытлумачыць нам: «Ён уваскрос, як сказаў» (пар. Мц 28, 6). Таму сёння, асабліва сёння, калі многія тлумачаць складанасць сітуацыі, звязанай з сусветнай пандэміяй, і спрабуюць вызначыць шляхі яе вырашэння, прарок Ерамія кажа нам: «Няхай мудры не хваліцца мудрасцю сваёй, моцны хай не хваліцца сваёю сілай, а багаты няхай не хваліцца сваім багаццем» (пар. Ер 9, 22–23).
«Дык у чым чалавек сапраўды вялікі? — пытаемся ў Створцы за святым Базылём Вялікім. — Бог кажа: Няхай кожны хваліцца тым, што пазнае і разумее, што Я ёсць Бог».
А знакаміты тэолаг сучаснасці, Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI кажа:
«Кожны з нас з’яўляецца плёнам Божай задумы. Кожны з нас жаданы, любімы, патрэбны. І няма нічога прыгажэйшага за тое, чым жыць паводле Евангелля Хрыста. Няма нічога прыгажэйшага за тое, чым спазнаць Яго і падзяліцца Яго любоўю з іншым чалавекам».
Дарагія сябры! Касцёл, як яблыня, штогод вясной зацвітае новай квеценню. Tак будзе і зараз. Гэта вельмі складаны працэс, а адначасова простая справа для Бога.
Будзе новы росквіт і новы плод і ў Касцёле, калі ты спазнаў і паверыў, што Хрыстус уваскрос.
Бо, як напісаў ксёндз Ян Твардоўскі, калі Бог зачыняе дзверы — адчыняе вакно!