Калісьці давялося мне папрацаваць некалькі дзён у кніжным намёце з рэлігійнай літаратурай. Кожны дзень да нас прыходзіў інтэлігентнага выгляду мужчына, нічога не набываў, прыходзіў проста паразмаўляць. Падыскутаваць пра Бога, дакладней пра тое, што Бога няма, што нашыя ўяўленні пра Яго (якога няма) памылковыя.
Суразмоўца аказаўся вельмі адукаваным, начытаным, разумным чалавекам. Ён цытаваў Стары і Новы Запавет, вядомых тэолагаў, філосафаў і, шчыра кажучы, не раз ставіў мяне ў тупік. Ветліва развітаўшыся, пакінуўшы мяне ў разгубленасці, ён сыходзіў, але на наступны дзень прыходзіў ізноў, каб працягнуць размову. Нібы хацеў яшчэ раз самому сабе нешта даказаць. Парадокс заключаўся ў тым, што ён ведаў пра Бога значна больш, чым я, але не верыў у Яго. Здавалася, што ён быццам стаяў перад храмам і не мог зрабіць апошняга кроку, каб пераступіць парог. Тады я зразумеў, што веды — не самае галоўнае.
Канешне, без ведаў далёка не заедзеш. Трэба ведаць, у што верыш, трэба пазнаваць тое, да чаго імкнешся, трэба разумець, куды ўвогуле імкнуцца. Чытаць разумныя кнігі, наведваць катэхезу, ездзіць на семінары і г.д. Але часам здаецца, што мы моцна заглыбляемся ў дробязі, забываючыся пра галоўнае. Адукаваныя фарысеі і кніжнікі не здолелі распазнаць Месію, а адкрыўся Ён простым рыбакам.
І хоць Святое Пісанне напоўнена бясконцай Божай мудрасцю, якую, каб да канца зразумець, жыцця не хопіць, галоўны сэнс Евангелля дасяжны для разумення кожнаму прастаку. Увесь яго сюжэт у тым, што «так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Кульмінацыяй гісторыі збаўлення стала тое, што Бог, самога сябе склаўшы ў ахвяру, адкупіў нас ад граху і смерці і даў нам надзею. А ўся мараль сканцэнтравалася ў адным слове — «любоў». Бог паказаў нам сваю любоў і хоча таксама ад нас любові, перад усім праз любоў да іншага чалавека.
Гэта рэчы даступныя да разумення кожнаму, але пакуль іх усведамленне не пачне змяняць нашае жыццё, не ведаю, ці ёсць сэнс заглыбляцца ў штосьці іншае, — ці не будзе тады любы рух проста таптаннем на месцы. Вядома, змяняць сябе цяжка. Раптам стаць іншым амаль немагчыма. Тут паглыбленне ведаў павінна спрыяць працы над сабою, а не ствараць толькі бачнасць такой працы.
І пакуль мая пыха не дазваляе мне памыць брудны кубак з-пад кавы майго калегі па працы — проста так, каб зрабіць прыемнае, каб паклапаціцца пра бліжняга ў дробнай справе, без разліку на ўдзячнасць ці ўзаемнасць, добраахвотна, без боязі быць выкарыстаным, што вось зраблю раз-другі, і мне на галаву сядуць, — пакуль мая пыха трактуе служэнне тым, хто побач, як прыніжэнне, якога нельга ні ў якім разе дапусціць, — дарэмныя ўсе разам узятыя катэхезы.
Пра першых хрысціян іх сучаснікі не казалі «паглядзіце, якія яны разумныя» ці «як шмат яны моляцца». Казалі — «паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго». Сёння нам прасцей, чым першым хрысціянам. Сёння ў нас ёсць практычна ўсё — сакрамэнты, літургія, традыцыя, вучэнне Касцёла, прыклады святых. Божая ласка перад усім. Ад нас патрабуецца толькі адно — жыць паводле Евангелля, па прыкладзе Хрыста, і дзеля Яго імя мыць адзін аднаму ногі і кубкі.
Віталій Палінеўскі