Усё змянілася. У постапакаліптычным горадзе шэрасці цяпер кожны займае чужое месца.
У свеце, які перажыў глабальную вайну, існуе мегаполіс, жыхары якога прыдумалі спосаб пазбягаць канфліктаў і падтрымліваць вакол непарушны парадак. Кожны чалавек у залежнасці ад сваіх асобасных якасцяў належыць да адной з фракцый, на якія падзелена грамадства.
Вялікадушныя і самаахвярныя павінны належаць да фракцыі... «Эрудыцыя»! Нечакана? Смелыя і адважныя, якія нічога не баяцца ідуць у... «Адрачэнне», шчырыя ў «Прыязнасць», прыязныя ў «Бясстрашнасць» і г.д. Галоўнае — не трапіць у фракцыю, адпаведную сваім сапраўдным здольнасцям.
Тыя, хто мае адразу некалькі здольнасцяў — дывергенты — самыя небяспечныя людзі, ім падыходзяць, а значыць супрацьпаказаны, любыя фракцыі. Іх баяцца, з імі змагаюцца. Не, іх не знішчаюць, як у вядомым галівудскім фільме. Іх проста высылаюць з Горада ў якую-небудзь муха... у Горкі, напрыклад.
Калеб не быў 100%-м дывергентам, але з выбарам фракцыі моцна прамахнуўся. Ён трапіў у «Эрудыцыю», таму што ўсё жыццё марыў служыць іншым людзям, аднак у дадатак меў аналітычны склад розуму, быў даволі начытаным і цікаўным чалавекам. У гэтым і была яго галоўная праблема.
Калеб бачыў усю недарэчнасць сістэмы «фракцый-наадварот», яму толькі не хапала смеласці выказаць гэта адкрыта. Мабыць, трэба было ісці ў «Бясстрашнасць».
Па роду працы Калеб часта бачыўся з кіраўнікамі фракцый, асабліва з Мэтам, які ўзначальваў «Эрудыцыю». Аднойчы Калеб падзяліўся з ім сваімі думкамі. Сівы Мэт, самае добрае душы чалавек, паглядзеў на Калеба ласкава і растлумачыў:
— Ты ўсё не так разумееш. Тое, што табе здаецца абсурдным, насамрэч вельмі правільна. Проста ёсць пэўныя акалічнасці, якіх ты не ведаеш. І не павінен ведаць. Запомні, Калеб, – гэта не твая справа.
— Як жа не мая, я ж член нашага грамадства. І потым… Вось глядзіце, нашая фракцыя распрацоўвала праект палаца Праўды, я некалькі год правёў на гэтым будаўніцтве — там усе разлікі памылковыя, іх музыканты рыхтавалі, напалову збудаваная вежа хутка абрынецца…
— Я ведаю. Мы хацелі замяніць кіраўніка будаўніцтва, але высветлілася, што ён аніводнага разу на працы не быў. Такіх больш няма, разумееш? Ён цяпер незаменны.
— Але чаму? Гэта ж абсурд! Так жа нельга!
Твар Мэта пахмурнеў.
— Нешта для эрудыта ты зашмат разважаеш.
Пасля падобных размоваў Калеб адчуваў нейкую пустэчу, сваю непатрэбнасць, а галоўнае — бяссілле. «Ці магу я штосьці змяніць? — пытаўся ён сябе. — Што я зраблю адзін?» Жонка Калеба даўно наракала на яго і казала: «Кідай усё, возьмем дзяцей, з’едзем туды, дзе няма ніякіх фракцый».
Але сэрца Калеба належала Гораду.
З’ехаць альбо змагацца? З кожным днём у гэтым чалавеку расла рашучасць. Кожны крок аддаляў яго ад кампрамісаў. Прага праўды і шчырасці перамагала. Ён станавіўся дывергентам.
Аднойчы па дарозе на працу Калеба спыніў незнаёмы чалавек у шэрым касцюме. Ён проста загарадзіў яму дарогу і працягнуў нейкія паперкі.
— Вам туды нельга, — цвёрда сказаў ён.
— Чаму? Хто вы? Што гэта? — Калеб не разумеў, што адбываецца.
— Палац Праўды дабудаваны, вежа абрынецца з дня на дзень. Гэта білеты на цягнік. Вам больш няма чаго рабіць у Горадзе.
Гісторыя заснавана на рэальных падзеях. Усе супадзенні лічыць правільнымі.
Віталій Палінеўскі