Пошук


– Чым скончылася вашая сварка з жонкаю?
– Прыпаўзла да мяне на каленях!
– І што сказала?
– Вылазь з пад ложка, я супакоілася.

rНародная мудрасць кажа, што калі жанчына не мае рацыі, то лепей папрасіць у яе прабачэння. Гэта, канешне, жарт. А калі сур'ёзна, то як часта мы просім прабачэння? Ці кожны раз, калі правінімся?

Бывае, пасварыцца муж з жонкаю, пасля яны тры дні дуюцца адно на аднаго, а потым неяк само сабой усё нармалізуецца. Інцыдэнт вычарпаны, аднак асадачак застаецца. Далей падобныя сітуацыі неаднаразова паўтараюцца, крыўды назапашваюцца.

Як добрыя католікі, мы больш-менш рэгулярна прыступаем да сакрамэнту пакаяння, перад Богам грахі вызнаём і за правіны шкадуем. Пасля споведзі мы ўпэўненыя, што Бог нам усё дараваў, можам пачынаць жыццё з чыстага ліста. Толькі нашыя бліжнія аб гэтым не ведаюць. Няма перазагрузкі ў адносінах, цягнецца ўвесь цяжар папярэдніх канфліктаў. І пры гэтым мы лічым сваё сумленне чыстым. Аднак адной з умоваў добрай споведзі з’яўляецца выпраўленне крыўды. Хрыстус жа кажа:

«Калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі дар свой» (Мц 5, 23-24).

Папрасіць Бога аб прабачэнні няцяжка. А бліжняга свайго? Бывае, што лёгка, напрыклад, едучы ў трамваі. Калі выпадкова штурхнём кагосьці ці наступім камусьці на нагу, аўтаматычна вырываецца: «Ой, прабачце!» Бываюць і іншыя «стандартныя сітуацыі». Некаторыя практыкуюць добрую традыцыю падчас дзялення аплаткай не толькі віншаваць бліжніх з Божым Нараджэннем і складаць найлепшыя пажаданні, але таксама і прасіць прабачэння за ўсе ўчыненыя крыўды. Выглядае гэта так:

– Ну, гэта... можа, калі я цябе пакрыўдзіў, дык прабач мне.
– Няма пытанняў, і ты таксама прабач, калі што...

Што значыць «можа, я калісьці цябе пакрыўдзіў»? А можа, і не? Мабыць, ніякай віны я не адчуваю і кажу гэтыя словы толькі фармальна, як жэст ветлівасці. Значна цяжэй казаць пра канкрэтныя рэчы. «Учора я паводзіў сябе па-хамску і сапсаваў табе ўвесь дзень. Не ведаю, што тады на мяне найшло. Мне сапраўды вельмі сорамна і вельмі шкада, што так атрымалася». Гэта была б зусім іншая размова. Але, па-першае, сваім нягодным учынкам маю сто апраўданняў, а па-другое, чаму я павінен перапрашаць, калі мяне ніхто ніколі не перапрашае? Не дачакаецеся! Вока за вока, зуб за зуб, нос за вуха...

Дасведчаныя людзі расказваюць реальныя гісторыі з жыцця, як блізкія ў выніку нейкага канфлікту гадамі не хацелі бачыцца і размаўляць адно з адным. Кожны вінаваціў іншага і лічыў сябе абражаным. Толькі надзвычайныя абставіны, напрыклад, пагроза смерці, штурхалі іх да прымірэння. І аказвалася, што дастаткова было простага «прабач мне, тата», «прабач мне, сын».

Канешне, калі мы першымі робім крок да прымірэння, то не маем ніякіх гарантый. Ёсць верагоднасць не быць пачутым, не ўсё можна выправіць, не ведаем, ці ўдасца аднавіць адносіны. Надзея можа не апраўдацца. Аднак у любым выпадку пачнецца хоць крыху, але іншая гісторыя. Шлях пачынаецца з аднаго кроку.


Віталій Палінеўскі

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.