Пошук

31.03.2020 12:29   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У сваім блогу ў сённяшняй складанай сітуацыі біскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся да моладзі, піша пра тое, як па-хрысціянску перажыць час выпрабавання — без страху і з малітвай.

Мае дарагія сябры, я зноў звяртаюся да вас са сваім роздумам над цяперашняй гадзінай.

Кожны з нас, сочачы за навінамі, успрымае пачутае па-рознаму: хтосьці — спакойна і разважліва, хтосьці — насцярожана і з занепакоенасцю, а хтосьці — абыякава: маўляў, няхай старыя і хваравітыя перажываюць і баяцца…

Народная мудрасць кажа, што страх — кепскі спадарожнік.

Святы Гілярый разважае так:

«Страх — гэта перажыванне трывогі, што вынікае з чалавечай слабасці, якая баіцца цярпення, што ёй пагражае, і не жадае яго прыняць». Такі род страху, на думку святога, узнікае і жыве ў нас ад дакораў сумлення, ад загаду кагосьці больш магутнага, ад нападу мацнейшага, ад хваробы, ад нечаканай сустрэчы з дзікім зверам і ад усялякага зла. Гэтаму страху не трэба вучыцца, бо ён паходзіць з нашай прыроджанай слабасці. Мы таксама не павінны вучыцца таму, чаго нам трэба баяцца, бо гэтыя рэчы самі напаўняюць нас страхам (пар. св. Гілярый, біскуп, «Каментар да Псальмаў»).

Ілюстрацыйная выява: tsn.ua

Ці хрысціянін павінен баяцца?

Не, мае дарагія, не павінен, бо гэта да нас Езус кіруе сваё заахвочванне:

«Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства» (Лк 12, 32).

Аднак крыху далей Езус кажа: «Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе» (Лк 12, 37). Таму падчас малітвы на Аліўнай гары Збаўца з дакорам звяртаецца да вучняў: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе» (Лк 22, 46).

А святы Ян Залатавусны кажа: «Малітва — гэта святло душы, сапраўднае пазнанне Бога <…>, гэта перадусім жаданне, скіраванае да Бога» (пар. св. Ян Залатавусны, біскуп, «Пра малітву. Гамілія 6»).

Чаго сёння чалавек жадае ад Бога, ад жыцця, ад уладаў? Чаго я чакаю і на што спадзяюся? Ці я выступаю спадарожнікам Хрыста, ці толькі назіральнікам за цяперашняй гадзінай?..

Любая моладзь, я да вас звяртаюся з просьбай аб малітве. Аб малітве не толькі ў лучнасці з Папам, біскупам або душпастырамі.

Прашу аб малітве не ў акрэсленыя гадзіны, але аб малітве, якая няспынна працягваецца ўдзень і ўначы.

Разумею, што вам сумна з-за таго, што шмат дзе моладзевыя сустрэчы адменены, бо такая рэальнасць цяперашняй гадзіны, але яна міне. Святы Апостал Павел падбадзёрваў рымлянаў у цяжкую хвіліну: «Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго?» (Рым 8, 31–32). І далей пытаецца: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці нябяспека, ці меч?» (Рым 8, 35).

Любыя мае юнакі і дзяўчаты, малітва, поўная даверу, вызваляе ад страху і спакусы.

Таму знакаміты хрысціянскі пісьменнік Тэртуліян робіць адважную выснову:

«Толькі малітва здольная перамагчы Бога»

(пар. Тэртуліян, прэзбітэр, Трактат «Пра малітву»).

І яшчэ некалькі словаў аб «прароцтвах» на цяперашнюю гадзіну: афіцыйных і прыватных. Іх шмат, нават занадта шмат можна знайсці ў сеціве.

Памятаю, як падчас вучобы ў семінарыі ксёндз прафесар Люцыян Вайцяхоўскі прасіў нас на лекцыях па Святым Пісанні: «Хлопцы, не чытайце добрых кніжак. Чытайце найлепшыя, бо на добрыя вам не хопіць жыцця».

Хтосьці таксама сказаў, што ўсе кнігі, якія напісаў чалавек, — гэта толькі больш ці менш удалая спроба інтэрпрэтацыі Божага Слова, Святога Пісання. А ў ім, у трэцім раздзеле Апакаліпсісу святога Яна, Езус кажа:

«Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся. Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною. Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам» (Ап 3, 19–22).

З малітвай за вас, ваш брат Юзаф.

Абноўлена 31.03.2020 12:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.