«Слёзы шчасця гэтак жа, як і слёзы гора, маюць свой выток з той самай вады чалавечай душы», — піша ў сваім блогу падчас пандэміі каранавірусу біскуп Юзаф Станеўскі.
Час, які перажывае цяпер чалавецтва, сапраўды можна назваць часам выпрабавання. Чалавецтва змагаецца з каранавірусам — пандэміяй ХХІ стагоддзя.
Я не буду цяпер параўноўваць COVID 19 з іншымі эпідэміямі, якія закранулі нашых продкаў у мінулым, бо я не лекар, ані гісторык.
Затое я прапаную разам пашукаць адказ на пытанне, якое нараджаецца сёння ў многіх сэрцах і так і ціснецца на вусны: дзе Бог? ці гэта кара Божая?
А хтосьці ў адчаі кажа: «Пакажыце мне свайго Бога ў гэтым цярпенні!»
Мае дарагія браты і сёстры, асабліва тыя, якія хварэеце. Хачу раздзяліць з вамі вашу самотнасць прабывання ў каранціне. З вамі звяртаюся да Бога Айца: «збаў нас ад злога». Але перад гэтым мы казалі «прыйдзі Валадарства Тваё» і «будзь воля Твая», калі ва ўрачыстасць Звеставання Пана па ініцыятвыве Папы Францішка разам з усімі хрысціянамі маліліся «Ойча наш».
Умілаваныя, пра прычыну цярпення і зла ў жыцці чалавека пыталіся ў Бога і да нас.
Таксама ў мінулую нядзелю мы чулі ў Евангеллі падобнае пытанне: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказвае: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя» (пар. Ян 9, 2–3).
Якія ж гэта Божыя справы павінны выявіцца праз цярпенне?.. Звернемся ж да тлумачэння святога Тэафіла з Антыёхіі: «Пакажы, ці вочы тваёй душы здольныя бачыць, а вушы твайго сэрца здольныя чуць. Калі скажаш мне: пакажы мне свайго Бога, я адкажу табе: пакажы мне свайго чалавека, і я пакажу табе свайго Бога» (пар. Lib. 1, 2. 7: PG 6, 1026–1027, 1035).
Дарагія сябры, тыя, хто бачыць вачыма цела, успрымаюць фізічны бок рэчаў і адрозніваюць святло ад цемры, белае ад чорнага, агіднае ад прыгожага… Падобна і з успрыманнем розных гукаў, якія чуе нашае вуха.
Але Бога немагчыма ўбачыць фізічным зрокам і пачуць Яго голас звычайным слыхам.
Як казаў славуты французскі пісьменнік, трэба «глядзець сэрцам».
Толькі зрокам сэрца можна бачыць Бога; толькі слыхам душы можна чуць Ягоны голас. Бога бачаць тыя, у каго адкрытыя вочы сэрца.
Калі невідушчы не бачыць, гэта не азначае, што сонца не свеціць, але толькі тое, што гэты чалавек сляпы.
Ёсць таксама духоўная слепата, што не дае чалавеку бачыць Бога.
Аднак калі хочаш, можаш быць аздароўленым: даверся Лекару, і Ён вылечыць вочы тваёй душы і сэрца. Хто гэты Лекар? Бог, які праз слова і мудрасць лечыць і ажыўляе. Словам і мудрасцю Бог заснаваў усё, бо «словам Пана створаны нябёсы, дыханнем Яго вуснаў — уся іхняя моц» (пар. Пс 33 (32), 6).
26 кастрычніка 2017 года Папа Францішак праз спадарожнікавую сувязь больш за 20 хвілін размаўляў з шасцю членамі экіпажу Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС). Між іншым, Святы Айцец запытаўся ў іх, што яны мяркуюць пра месца чалавека ў сусвеце, а таксама пра ролю «той Любові, якая рухае сонцам і іншымі зоркамі».
У адказ Пантыфік пачуў з вуснаў расійскага касманаўта Аляксандра Місуркіна, што кніга Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі Прынц» дае найлепшы прыклад такой любові, бо яе галоўны герой «быў гатовы аддаць сваё жыццё для таго, каб абараніць, зберагаць і любіць сваю адзіную кветку, сваё адзінае блізкае стварэнне».
Дапоўніць гэты адказ могуць словы Езуса Хрыста: «Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ані прадуць. <…> Ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам» (пар. Мц 6, 28–33).
Гэта праўда, што чалавек навучыўся сёння асвятляць вуліцы гарадоў так ярка, што ў іх ужо амаль не відаць зорак. Прагрэс крочыць нябачанымі тэмпамі, і нават цяжка сабе ўявіць, што нас яшчэ чакае наперадзе. Але ніякія тэхнічныя дасягненні не ў стане вырашыць усіх праблем чалавечага існавання, забраць назаўсёды боль і цярпенне.
Вера нясе сапраўднае святло, яна накіроўвае нас да Бога і да Яго Сына Езуса Хрыста, які прыйшоў лячыць раны душы і сэрцы. Ён сярод нас!
Спытаешся, дзе? Езус кажа, што Яго асабіста сустрэў кожны, хто накарміў галоднага, напаіў сасмяглага, прыняў падарожнага, наведаў хворага (гл. Мц 25, 35 і наст). Езус гэтымі словамі не проста праяўляе салідарнасць: Ён атаясамлівае сябе з церпячым чалавекам. Таму калі мы ў цярпенні і хваробе з вераю ўсклікаем да Бога, Ён выслухоўвае і вызваляе з нядолі (пар. Пс 34 (33), 5–10). Так было заўжды, так ёсць і цяпер.
Браты і сёстры, цяпер асаблівы час, час Вялікага посту, калі мы можам адчуць боль без віны і дапамагчы бліжняму, не спадзяючыся на ўзнагароду. Гэта час нашага збаўлення!
Слёзы шчасця гэтак жа, як і слёзы гора, маюць свой выток з той самай вады чалавечай душы.
Умілаваныя сябры, станем жа перад Езусам і ўзнясём да Яго малітву за ўсіх хворых: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць» (Мк 1, 40).
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі. Маці Божая, Каралева Беларусі, маліся за нас.