У Трэцюю нядзелю Вялікага посту, калі Касцёл звяртае нашую ўвагу на размову Езуса з самаранкай каля студні Якуба, біскуп Юзаф Станеўскі прапануе моладзі паразважаць пра жыватворчую крыніцу, якая не дасць засохнуць маладому дрэву, што імкнецца расці ўвысь.
Любая моладзь, два з паловай тыдні таму нашыя галовы былі пасыпаны попелам у літургічным абрадзе Папяльцовай серады і мы пачулі заклік Касцёла да навяртання праз малітву, пост і міласціну.
Большасць з вас добра ведае з заняткаў па катэхезе і з выхавання ў родным доме, што гэта азначае. Трэба сябе абмежаваць у ежы і забавах: менш мяса, салодкага, тэлевізара, музыкі, ніякіх дыскатэк. І многія маладыя хрысціяне трымаюцца гэтай засвоенай з маленства традыцыйнай практыкі.
Аднак далёка не ўсе ранняй вясной спяшаюцца ў касцёл на Крыжовы шлях ці Песні Жальбы. Не ўсе нарадзіліся ў пабожных сем’ях, не ўсе мелі магчымасць хадзіць з бацькамі ў касцёл, удзельнічаць у занятках па рэлігіі…
Не ўсе выраслі каля гэтай «жыватворчай крыніцы», не ўсе пазналі Дарогу, Праўду і Жыццё, якімі з’яўляецца для нас і для ўсіх людзей Езус Хрыстус.
Тым больш не ўсе разумеюць сэнс цярпення Бога, Яго мукі і крыжовай смерці. «Што гэта за Бог, — кажуць некаторыя, — які дазваляе над сабою такі здзек? Дзе ж Яго ўсемагутнасць?..»
Таму ў многіх на малітву «няма часу»: маўляў, хто за мяне будзе здаваць экзамены? Захаванне посту таксама «не мае сэнсу»: студэнт жа і так заўжды галодны! А міласціна? — «Дык самому ж не хапае; чым тут яшчэ падзелішся?..»
Дарагія сябры, як данесці глыток жывой вады тым, хто вырас далёка ад жыццядайнай крыніцы Божай любові, як дапамагчы ім зразумець і адчуць, што Бог прыйшоў не для таго, каб ліквідаваць цярпенне, а для таго, каб напоўніць яго сваёй прысутнасцю, як казаў французскі паэт і драматург Поль Кладэль?
І што рабіць, калі нават тыя, хто рос каля крыніцы, сёння легкадумна адмаўляюцца ад яе жывой вады і імкнуцца да новай «абяцанай зямлі», шукаючы яе ў камяністай пустыні даступных, але плыткіх зямных уцех? Замест таго, каб наталіць духоўную смагу, прагна хлябтаюць нездаровую, прагорклую вадкасць, ад якой толькі яшчэ больш расце прага…
«А ўжо тая крынічанька засарылася…»
Ці ж не прыходзяць на памяць словы з народнай песні, калі бачыш, як са старой дзедавай хаты маладыя ўнукі робяць модную «дачу»: вясёлкавыя шыбы, зашклёныя дзедам, замяняюць пластыкавымі шклопакетамі, крытую гонтай страху замяняюць на металадахоўку, здымаюць са сцен старыя абразы, перад якімі ў мінулыя гады было ўзнесена столькі малітваў.
Некранутым ад хаты застаецца толькі падмурак; застаецца ва ўнукаў і прозвішча дзеда, але паўсюль ужо іншыя парадкі, іншае жыццё.
Але ці ёсць у гэтых парадках парадак? Ці ёсць у хаце, што калісьці звінела ад дзіцячых галасоў, сапраўднае жыццё?..
Дрэва, што расце каля крыніцы, не засохне. Але калі перасадзіць яго на сухазем’е, доўга не пражыве. Пакінуўшы свае карані, перастаўшы чэрпаць жывую ваду з крыніцы, якая паіла многія пакаленні продкаў, хутка ператворыцца дрэва ў куст «перакаці-поля», сухі і безжыццёвы.
«Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць», — кажа Езус (Мц 5, 17).
Мой дарагі малады сябра!
Не спяшайся «адмяняць законы», па якіх жылі твае продкі. Законы ўзаемнай любові, прабачэння, узаемадапамогі, добрых учынкаў, абароны дзяцей, павагі да старэйшых — Божыя законы.
Не адарвіся ад гэтых моцных каранёў, дзякуючы якім можаш чэрпаць жывую ваду, каб маладое дрэва твайго жыцця не засохла, а ўмацоўвалася і цягнулася ўвысь. Адчуй гэтую добрую смагу — смагу Бога — і наталі яе з крыніцы, з якой пілі твае прадзеды, дзяды і бацькі, з якой можаш піць сам і паіць тваіх будучых дзяцей.
Памятай: гэта — гаючая вада, якая змывае з сэрца бруд і лечыць раны душы.
Гэта вада Хрыстовай любові, якая адзіная дае жыццё: шчаслівае жыццё на зямлі і ў вечнасці.
Час Вялікага посту — гэта час вяртання да каранёў, час наталіць смагу душы. Не змарнуй яго!