Пошук

08.03.2020 08:03   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ян Павел ІІ у Фаціме. Фота: Giancarlo Giuliani / CPP / CIRIC

Сёння, 8 сакавіка, біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу дзякуе жанчынам за іх незаменную ролю ў свеце і ў Касцёле і моліцца за іх словамі святога Яна Паўла ІІ.

Умілаваныя ў Хрысце Пану Сёстры,

З нагоды Міжнароднага дня жанчын кожная з вас — пачынаючы ад самай маленькай, якая яшчэ гуляецца ў лялькі, і да той, чый твар паараны маршчынамі клопату і перажывання за дзяцей і ўнукаў, сёння ў свой адрас пачуе шмат цёплых слоў.

Мае дарагія дзяўчынкі, дзяўчаты і жанчыны, дазвольце і мне звярнуцца да вас са словамі віншавання.

Перажываючы ў Касцёле на Беларусі Пастырскі год святога Яна Паўла ІІ з нагоды 100-годдзя з дня яго нараджэння, дазвольце мне сёлетнія віншаванні запазычыць з яго Ліста да жанчын, напісанага 25 гадоў таму, у 1995 годзе. Вельмі хацелася б, каб мы не толькі ведалі пра яго асобу, але і ўзгадалі, з якой вялікай павагай і любоўю святы Ян Павел ІІ гаварыў пра жанчыну, таму вось гэтыя віншаванні:

«Дзякуй табе, жанчына-маці, якая ў сваім улонні носіш чалавека ў радасці і намаганнях адзінага досведу, які робіць цябе Божай усмешкай для дзіцяці, што прыходзіць у свет, спадарожніцай для яго першых крокаў, падтрымкай у падлеткавым узросце і арыенцірам для далейшага кірунку жыцця.

Дзякуй табе, жанчына-жонка, якая непарыўна звязваеш свой лёс з лёсам мужа, каб стаць узаемным дарам адно для аднаго і так служыць еднасці і жыццю.

Дзякуй табе, жанчына-дачка і жанчына-сястра, за тое, што прыносіш у бацькоўскі дом, а потым ва ўсё грамадскае жыццё багацце сваёй чуласці, інтуіцыі, ахвярнасці і трываласці.

Дзякуй табе, жанчына, якая прафесійна працуеш, актыўна ўдзельнічаеш ва ўсіх сферах грамадскага, эканамічнага, культурнага, мастацкага, палітычнага жыцця, за твой незаменны ўнёсак у фармаванне культуры, здольнай спалучаць розум і пачуцці, у жыццё, заўсёды адкрытае для пачуцця «таямніцы», у будаўніцтва больш чалавечных эканамічных і палітычных структур.

Дзякуй табе, кансэкраваная жанчына, якая па прыкладзе самай вялікай з жанчын — Маці Хрыста, Уцелаўлёнага Слова, — адкрываешся пакорна і аддана для Божай любові, дапамагаючы Касцёлу і ўсяму чалавецтву даць Богу «шлюбны» адказ як выраз цудоўнай еднасці, у якой Бог жадае заставацца са сваім стварэннем.

Дзякуй табе, жанчына, за тое, што ты — жанчына!

Ты з тваёю здольнасцю ўспрымаць, уласціваю тваёй жаноцкасці, узбагачаеш належнае разуменне свету і спрыяеш адкрыццю поўнай праўды пра адносіны паміж людзьмі».

Перафразуючы словы Вялікага Папы, узношу за вас, дарагія сёстры, маю гарачую малітву:

Марыя, Каралева любові, апякуйся жанчынамі [Беларусі] і іх місіяй у служэнні чалавецтву і міру, а таксама ў справе пашырэння Валадарства Божага [на нашай Бацькаўшчыне!].

З малітвай за вас,

біскуп Юзаф Станеўскі

Абноўлена 09.03.2020 00:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа