Яшчэ першай чалавечай пары – Адаму и Еве – Бог дае заданне падпарадкаваць сабе зямлю і валадарыць над усялякай жывой істотай. Але тут не ідзе гаворка пра дэспатычнае кіраванне, але пра клопат, пра дар, давераны чалавеку Стварыцелем.
Чалавек павінен апрацоўваць і ахоўваць даброты, створаныя Богам.
Праца ўласціва першапачатковаму стану чалавека і папярэднічае яго падзенню, таму не з’яўляецца ані праклёнам, ані пакараннем. Яна становіцца цяжкай і пакутлівай з-за граху Адама і Евы, якія знішчылі даверлівыя і гарманічныя адносіны з Богам.
Працу варта шанаваць, паколькі яна з’яўляецца крыніцай багацця ці, у нейкай ступені, годных жыццёвых умоў. Гэта — дзейсны сродак супраць беднасці, але трэба асцерагацца спакусы абагаўляць працу, бо яна не з’яўляецца канчатковым сэнсам жыцця.
Усведамленне таго, што «мінае вобраз гэтага свету», не вызваляе ні ад якіх абавязкаў у гісторыі, тым больш ад працы, якая з’яўляецца адной з умоў чалавечага існавання. Вернікі павінны ставіцца да працы так, як Хрыстус, і рабіць яе нагодай для хрысціянскага сведчання «перад тымі, хто застаецца звонку».
Сваёй працай і працавітасцю чалавек – удзельнік боскага майстэрства і мудрасці – робіць яшчэ больш прыгожым стварэнне, сусвет, які ўжо ўпарадкаваны Айцом. Ён абуджае тую сацыяльную і грамадскую энергію, якая павялічвае агульнае дабро, перш за ўсё на карысць саміх бедных. Праца чалавека, падпарадкаваная любові, становіцца магчымасцю для сузірання, ператвараецца ў пабожную малітву, у чуйную аскезу, у трапяткую надзею на дзень, які не мае захаду.
У гэтым найвышэйшым бачанні праца ўключае і іншы аспект, а менавіта рэлігійны, які быў паспяхова адлюстраваны ў бэнэдыктынскай формуле «Оra et labora!» (Маліся і працуй). Рэлігійны элемент надае працы чалавека жыватворны і адкупленчы духоўны характар. Такая роднасць паміж працай і рэлігіяй адлюстроўвае таямнічы, але рэальны саюз паміж чалавечым дзеяннем і дзеяннем Божага Провіду.
Ганна Страшкевіч