Пошук

27.06.2014 23:01  

У працяг нашай папярэдняй тэмы пра агульнае дабро прапаную паразважаць над тэмай прыватнай ўласнасці. Як Касцёл ставіцца да прыватнай уласнасці? Пры якіх умовах чалавек мае права на прыватную ўласнасць і як правесці мяжу паміж прыватнай уласнасцю і агульным дабром?

Прыватная ўласнасць і іншыя формы прыватнага валодання дабротамі даюць кожнаму прастору, неабходную для асабістай і сямейнай аўтаноміі, таму іх трэба разглядаць як працяг чалавечай свабоды.

Мэта прыватнай уласнасці – забеспячэнне свабоды і годнасці асобы; яна дапамагае асобе задаволіць свае асноўныя патрэбы і патрэбы тых, за каго мы адказваем, а таксама тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Cрава на прыватную ўласнасць існуе пры ўмове, што яна была набыта ці атрымана справядлівым чынам; і што захоўваецца першаснае ўсеагульнае прызначэнне дабротаў для задавальненняў асноўных патрэбаў усіх людзей.

Сацыяльнае вучэнне патрабуе, каб валоданне дабротамі было справядліва даступным для ўсіх. Таму права прыватнай уласнасці падпарадкавана праву ўсеагульнага карыстання, універсальнаму прызначэнню дабротаў. Чалавек павінен лічыць матэрыяльныя рэчы, якімі валодае, не толькі сваімі, але і агульнымі ў тым сэнсе, што яны павінны прыносіць карысць не толькі яму, але і іншым. Асобны чалавек не можа дзейнічаць, не звяртаючы ўвагі на вынікі сваёй маёмасці. Ён павінен імкнуцца дасягнуць, акрамя выгады для сябе і сваёй сям’і, таксама і агульнага дабра.

Прыватная і грамадская ўласнасць павінны арыентавацца на эканоміку, якая служыць чалавеку. У гэтай перспектыве істотным з’яўляецца пытанне наконт выкарыстання і ўласнасці новых тэхналогій і ведаў, якія ў наш час маюць не меншае значэнне, чым валоданне зямлёй і капіталам.

Відавочныя выгады, якія паходзяць з прыватнай уласнасці, для чалавека і грамадства ў цэлым — гэта і лепшыя ўмовы жыцця, і упэўненасць у будучыні, і больш шырокія магчымасці выбару. Але Касцёл папярэджвае пра іншую крайнасць, калі гэтыя паняцці абсалютызуюцца і чалавек трапляе ў рабства, абагаўляючы даброты.

Толькі прызнаючы іх залежнасць ад Бога Стварыцеля і выкарыстоўваючы іх дзеля агульнага дабра, мы можам ператварыць іх у карысны інструмент, які будзе садзейнічаць развіццю людзей і народаў.

Ганна Страшкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.