Пошук

05.02.2020 09:28   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Святая Агата / muzeum-radom.pl

5 лютага адзначаецца ўспамін святой Агаты, панны і мучаніцы, праз заступніцтва якой просяць паратунку ад пажару. У гэты дзень у касцёлах благаслаўляецца хлеб і вада святой Агаты.

На пачатку лютага ў касцёлах благаслаўлялі свечкі. Грамнічныя свечкі — сімвал Хрыста, святла на асвячэнне язычнікаў, — благаслаўлялі на свята Ахвяравання Пана, а ва ўспамін святога Блажэя благаслаўленне свечак было спалучана са спецыяльнай малітвай аб захаванні ад хваробаў горла і належным выкарыстанні дару голасу.

Фота Міколы Гракава

Агонь як крыніца святла і цеплыні з’яўляецца ў хрысціянстве важным і яскравым сімвалам мудрасці і дабрыні Бога, пра што сведчыць шырокае выкарыстанне свечак у хрысціянскіх абрадах.

Аднак той самы агонь, выйшаўшы з-пад кантролю, можа быць страшэннай знішчальнай стыхіяй.

У старажытнай малітве-просьбе, якая на лаціне называецца «Суплікацыя», мы просім Тройчы святога, моцнага і несмяротнага Бога, каб уратаваў нас «ад пажару, голаду, вайны і заразы». Сярод чатырох страшэнных бедстваў на першым месцы знаходзіцца менавіта пажар, які знішчае ўсё на сваім шляху.

Ілюстрацыйнае фота: bbc.com

Заступніцай ад небяспекі агню ў Касцёле лічыцца святая Агата, панна і мучаніца, успамін якой адзначаецца 5 лютага.

Агата — маладая дзяўчына, якая, прагнучы захаваць цнатлівасць і вернасць Хрысту, прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі на Сіцыліі каля 250 года.

Яна нарадзілася ў заможнай сіцылійскай сям’і патрыцыяў. Прыняўшы хрост, Агата ўсім сэрцам палюбіла Хрыста і Яму ахвяравала сваю дзявочую цнатлівасць, даўшы зарок чыстасці — штосьці накшталт манаскага шлюбу.

Мучаніцтва святой Агаты. Старажытная мініяцюра / wikiwand.com
Прыгожую і багатую нявесту пажадаў узяць сабе за жонку консул Квіцыян, прэфект Сіцыліі. Атрымаўшы адмову, ён вырашыў подступам здабыць дзяўчыну, аддаўшы яе «пад апеку»… жанчыны лёгкіх паводзінаў у дом цярплівасці.

Аднак і сярод пануючай распусты Агата захавала чысціню душы і цнатлівасць дзявоцтва і па-ранейшаму не жадала выходзіць замуж, а тым больш жыць у граху з магутным вяльможам.

Падчас пераследу хрысціянаў пры імператары Дэцыі Квіцыян вырашыў адпомсціць і распачаў супраць Агаты судовы працэс. Мужная хрысціянка адмовілася складаць ахвяры паганскім бажкам, за што яе аддалі на жудасныя катаванні.

Яе цела прыпякалі распаленым жалезам, пасля чаго адрэзалі грудзі.

Ад атрыманых ранаў святая памерла, маючы ўсяго каля 16-і гадоў.

Вывяржэннне вулкана Этна на Сіцыліі. Фота: magical-planet.com

Праз год пасля яе мучаніцтва адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Патокі лавы пагражалі знішчыць увесь горад, але яны спыніліся, калі жыхары Сіцыліі, просячы ў малітвах заступніцтва Агаты, паклалі на іх шляху вэлюм, што належаў святой.

Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў.

Згодна з традыцыяй, у дзень яе ўспаміну благаслаўляецца «хлеб святой Агаты», а таксама вада і студні.

Благаслаўлёны ў касцёле хлеб трымаюць у доме, каб ён ахоўваў пабудовы ад пажару, а ваду святой Агаты п’юць дзеля ўтаймавання «ўнутраных пажараў» жарсцяў і неўпарадкаваных прывязанасцяў, напрыклад, як паратунак ад прагі «вогненнай вады» — алкаголю — ці ад грахоўнай пажадлівасці. Заступніцтва Агаты просяць таксама жанчыны, якія пакутуюць ад хваробаў грудзей.

Благаслаўленне хлеба і вады святой Агаты. Фота: opiekun.kalisz.pl

Само імя Агата паходзіць ад грэцкага слова ἀγαθός, што азначае «файны», «добры». У сваім «Казанне пра святую Агату» святы Мятод Сіцылійскі, біскуп, называе яе дадзенай Богам — крыніцай дабра.

«Яна сапраўды добрая, бо з’яўлялася часткаю Бога, была дадзеная свайму Абранніку Богам, крыніцай усякага дабра. Была дадзеная і нам, каб мы ўдзельнічалі ў тым дабры, якое сімвалізуе яе ўласнае імя.

Ці можа быць большае дабрадзейства, чым Найвышэйшае Дабро? І ці можна знайсці нешта больш годнае пахвалы, як не Агату?

Дабрыня Агаты адпавядае яе імені і самой рэчаіснасці, бо яна носіць гэта імя, якое свечыць пра яе цудоўныя справы. Агата нават сваім імем заклікае нас ахвотна звяртацца да яе. Сваім прыкладам вучыць усіх людзей, каб, не марудзячы, спяшаліся разам з ёй да сапраўднага дабра, якім ёсць толькі Бог», — заахвочвае вернікаў святы біскуп Мятод Сіцылійскі.

Мучаніцтва святой Агаты (фрагмент). Мастак Джаванні Батыста Цьепала / deon.pl

Абноўлена 05.02.2020 12:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.