Пошук

07.03.2014 12:49  

Другі Ватыканскі Сабор ставіў перад сабой пастырскія задачы, але сацыяльныя праблемы так цесна пераплятаюцца з пастырскімі, што нельга было пакінуць іх па-за увагай. І хаця на першапачатковым этапе працы не планаваўся дакумент на сацыяльную тэматыку, але па меры абмеркавання актуальных тэм узнікла патрэба ў падрыхтоўцы такога дакумента. Сярод дакументаў Сабору на сацыяльную тэматыку вылучаюцца два – „Gaudium et spes” i “Dignitatis humanae”, якія шукаюць і даюць адказ на глыбокія хуткія змены тагачаснага свету.

„Gaudium et spes”: галоўныя тэмы і аспекты навучання

Пастырская канстытуцыя Другога Ватыканскага Сабору “Gaudium et spes” аб Касцёле ў сучасным свеце была абвешчана 8 снежня 1965 года і ўяўляе сабой выразны адказ Касцёла на чаканні сучаснага свету.

Касцёл заўжды павінен даследаваць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля так, каб быць здольным кожнаму пакаленню даць зразумелы адказ  на вечныя пытанні пра сэнс цяперашняга і будучага жыцця і пра іх узаемасувязь.

“Gaudium et spes” прапануе сістэматычнае даследаванне тэм культуры, эканамічнага і сацыяльнага жыцця, сужэнства і сям’і, палітычнай супольнасці, спакою і грамадства ў святле хрысціянскага антрапалагічнага бачання і місіі Касцёла. Усё разглядаецца, зыходзячы з асобы і арыентацыі на асобу, якая з’яўляецца “адзіным на зямлі стварэннем, якога Бог хацеў дзеля яго самога”. Грамадства, яго структуры і развіццё павінны быць скіраваны на ўдасканаленне чалавечай асобы.

Упершыню Настаўніцкі Інстытут Касцёла на самым высокім узроўні так падрабязна спыняецца на розных зямных аспектах хрысціянскага жыцця. Трэба прызнаць, што ўвага, з якой канстытуцыя занялася сацыяльнымі, псіхалагічнымі, палітычнымі, эканамічнымі, маральнымі і рэлігійнымі пераменамі, з кожным разам усё больш стымулюе пастырскі клопат аб праблемах чалавека і дыялогу са светам.

“Dignitatis humanae”: галоўныя тэмы і аспекты навучання


Іншым вельмі важным дакументам Другога Ватыканскага Сабору ў “корпусе” сацыяльнага вучэння Касцёла з’яўляецца дэкларацыя “Dignitatis humanae” (7 снежня 1965 года). Гэтая дэкларацыя абвяшчае права на рэлігійную свабоду.

Дадзенай тэме прысвечаны два раздзелы. У першым раздзеле, які мае агульны характар, сцвярджаецца, што рэлігійная свабода грунтуецца на годнасці чалавечай асобы і павінна быць замацавана як грамадзянскае права ў юрыдычнай сістэме грамадства. Таксама ніхто і нішто не можа сілай, пагрозай і іншымі сродкамі навязваць грамадзянам вызнанне ці адкідванне той ці іншай рэлігіі або забараняць каму-небудзь далучацца ці пакідаць тую ці іншую рэлігійную супольнасць.

Другі раздзел разглядае тэму рэлігійнай свабоды ў святле Божага Аб’яўлення, прадстаўляе пастырскія вынікі з улікам таго, што размова ідзе пра права, якое датычыць не толькі канкрэтных асоб, але таксама розных супольнасцяў.

Ганна Страшкевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.