Сацыяльна-палітычны кантэкст Пантыфікату
Шасцідзясятыя гады адкрываюць шырокія перспектывы: свет ачуняў пасля ваенных разбурэнняў, пачалася дэкаланізацыя, з’явіліся першыя нясмелыя адзнакі пацяплення ў адносінах паміж двума блокамі - амерыканскім і савецкім. У такой атмасферы Папа Ян ХХІІІ глыбока аналізуе “знакі часу”.
Сацыяльнае пытанне набывае ўніверсальны характар і ахоплівае ўсе краіны: побач з пытаннем працоўных і праблемай прамысловай рэвалюцыі паўстаюць праблемы сельскай гаспадаркі, рэгіёнаў, якія развіваюцца, праблемы дэмаграфічнага росту і праблемы, звязаныя з неабходнасцю сусветнага эканамічнага супрацоўніцтва. Няроўнасць, якая раней праяўлялася ў нацыянальных рамках, выходзіць на міжнародны ўзровень. Усё выразней выяўляецца драматычнае становішча, у якім знаходзіцца Трэці Свет.
Сацыяльныя дакументы Яна ХХІІІ
Папа Ян ХХІІІ, чалавек вялікай душы, валодаў выключным разуменнем сучаснасці, надзвычайна реалістычным бачаннем і асэнсаваннем становішча, у якім знаходзілася чалавецтва, добра ўсведамляў і задачы, якія стаялі перад Касцёлам. Кампетэнцыя і веды Папы, яго ўменне весці дыялог з сучаснікамі спрыялі стварэнню сінтэзу сацыяльнага вучэння, якое, канешне, абапіралася і на вопыт папярэднікаў. За перыяд Пантыфікату (1958 – 1963 гг.) Папа напісаў 8 энцыклік, 2 з якіх былі цалкам прысвечаны сацыяльнай тэматыцы – “Mater et magistra” (“Маці і настаўніца”) і “Pacem in terris” (“Супакой на зямлі”).
Галоўныя тэмы і аспекты навучання
Ян ХХІІІ у энцыкліцы “Mater et magistra” (1961 г.) , якая была напісана ў 70-ю гадавіну першай сацыяльнай энцыклікі „Rerum Novarum”, імкнецца выкарыстаць ужо вядомыя дакументы і зрабіць наступны крок на шляху аб’яднання ўсёй хрысціянскай супольнасці. Ключавыя словы гэтай энцыклікі – супольнасць і сацыялізацыя. Касцёл пакліканы да супрацоўніцтва ў праўдзе, справядлівасці і любові з усімі людзьмі з мэтай стварэння сапраўднай супольнасці. На гэтым шляху эканамічны рост не абмяжоўваецца задавальненнем патрэб людзей, але зможа садзейнічаць сцвярджэнню іх годнасці.
У эпоху, якая адзначалася імклівым пашырэннем ядзернай зброі, Ян ХХІІІ у энцыкліцы “Pacem in terris” (1963 г.) закранае тэму супакою.
Акрамя гэтага, “Pacem in terris” змяшчае першае паглыбленае разважанне Касцёла аб правах. Гэта энцыкліка супакою і чалавечай годнасці. Яна працягвае і дапаўняе энцыкліку “Mater et magistra” і, ідучы ў кірунку, вызначаным Львом ХІІІ, падкрэслівае важнасць усеагульнага супрацоўніцтва: упершыню дакумент Касцёла адрасаваны таксама і “ўсім людзям добрай волі”, якія пакліканы да рашэння вялікай задачы – “устанавіць новыя адносіны на падставе прынцыпаў праўды, справядлівасці, любові і свабоды”. “Pacem in terris” гаворыць пра грамадскія ўлады сусветнай супольнасці, якія пакліканы “разглядаць і вырашаць праблемы эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага і культурнага зместу, што датычыць універсальнага агульнага дабра”. Неабходнай умовай трывалага супакою на зямлі, паводле Папы, з’яўляецца гармонія, парадак у свеце, у першую чаргу паміж людзьмі. Навучанне аб асновах гэтай гармоніі і спосабах яе дасягнення і складае сутнасць гэтай энцыклікі.
Ганна Страшкевіч