Пошук

31.05.2017 11:15   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

Кожны дзень у Мінск прыязджае шмат гасцей з іншых гарадоў і мясцовасцей Беларусі, а таксама з-за мяжы. Для прыезджых католікаў бадай што першым важным месцам для наведвання з’яўляецца касцёл. У Мінску на дадзены момант ёсць пяць касцёлаў. Прапануем невялікі агляд сталічных каталіцкіх святыняў.

Касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (архікатэдра)

Галоўная каталіцкая святыня Мінска была пабудаваная па ініцыятыве Ордэна езуітаў у першай палове ХVIII стагоддзя. Спачатку касцёл меў назву «Езуса, Панны Марыі і Святой Барбары». У 1773 годзе дзейнасць ордэна на нашых землях была часова забаронена, і касцёл перайшоў у ранг парафіяльных. Статус катэдральнай святыня набыла ў 1798 годзе ў сувязі з утварэннем Мінскай дыяцэзіі. А ў 1820 годзе касцёл асвяцілі ў Імя Найсвяцейшай Панны Марыі…

«У гэты касцёл хаджу ўжо пятнаццаць гадоў. У савецкі час я працавала на Мінскім аўтамабільным заводзе, малявала Леніна фарбамі і афармляла пры камуністах дэманстрацыі. І гэтымі нітрафарбамі і нітралакамі атруцілася. Я пачала паміраць. Аднойчы ў сне да мяне прыйшоў Ленін і кажа: “Ты куды ідзеш, да Бога або да Мяне?” Я тады кажу: “Госпадзі, яшчэ мне не хапала да чорта ісці!” І я папрасіла ў Бога, каб Ён мяне пакінуў на Зямлі і каб я вылечылася Прычасцем ці Камуніяй. І Бог так прыгожа ўсё ўладкаваў! (...) Кожны дзень сюды прыходжу. Я вельмі ўдзячная Богу за ўсё», — заўважае парафіянка мінскай архікатэдры Ірына Якуніна.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха)

Парафія Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы была заснавана яшчэ каралём Ягайлам у далёкім XIV стагоддзі. Гэта найстарэйшая парафія ў Мінску. У той жа час на месцы сённяшняй мураванай святыні была ўзведзена драўляная, якая ў сувязі з пажарамі перабудоўвалася два разы. У 1832 годзе на месцы былога касцёла была ўзведзена драўляная капліца. Аднак, ужо ў 1850 годзе было вырашана пабудаваць мураваную святыню. Касцёл будаваўся не толькі на сродкі католікаў, але і прадстаўнікоў іншых канфесій і рэлігій. Жыхары Мінска вырашылі такім чынам адудзячыць святому Роху, які, паводле легенды, выратаваў горад ад эпідэміі халеры. Будаўніцтва святыні было скончана ў 1864 годзе. 1 лістапада 1864 года адбылося асвячэнне касцёла.

«У жніўні я вырашыла прыняць каталіцтва, — дзеліцца парафіянка Таццяна Сімінская. — Я зразумела, што мне гэтая канфесія бліжэй, хоць я і была ахрышчана ў Праваслаўнай Царкве. Мае бацькі не былі супраць. І я вырашыла паездзіць па ўсіх касцёлах Мінска. Прыйшла сюды і мне тут вельмі спадабалася. Тут і ў любым іншым касцёле я магу засяродзіцца на Божай прысутнасці. Таксама я ўвесь час прашу ў св. Роха аб дары здароўя для мяне».

«Я жыву побач. Стары будынак, багатая гісторыя. Калісьці хадзіў сюды слухаць арганную музыку… Увогуле, мне падабаецца гэтае месца. Гэты касцёл прыцягвае сваёй назвай, гісторыяй і незвычайнай прыгажосцю», — заўважае вернік Анатоль Мазуркевіч.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя)

Мінская Кальварыя — гэта адно з тых месцаў, дзе, здаецца, час спыніўся. Святыня знаходзіцца ў цэнтры Кальварыйскіх могілак. Першы касцёл на месцы сучаснага мураванага быў пабудаваны тут у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Тады Кальварыйскія могілкі, якія належалі кармэлітам, знаходзіліся за межамі горада. У 1798 годзе святыня перайшла да ордэна францішканаў, а могілкі сталі агульнагарадскімі. У 1836 годзе стары драўляны касцёл быў разабраны, а на яго месцы ўзведзены неагатычны мураваны. Святыню асвяцілі ў 1842 годзе. У савецкі перыяд у будынку касцёла былі майстэрні. А ў 1980-м касцёл быў вернуты вернікам.

«Хаджу ў гэты касцёл з часу яго адкрыцця. Зараз кожны дзень хаджу, малюся і люблю гэты касцёл вельмі», — падзялілася верніца Леантына.

«Гэта нашая парафія. Мы прывыклі сюды хадзіць. Ідзеш, як дадому. Я лічу, што вера ў Бога — гэта ўсё. Без веры ніякага жыцця не будзе», — заўважыла другая парафіянка Людміла.

«Раней толькі ў нядзелю службы былі, а зараз увесь час. Хаджу кожны дзень сюды. Памятаю, як гэты касцёл адкрывалі. Самі тут рамонт рабілі, усё лішняе выносілі. Каплічку таксама рабілі. Да Бога мы заўсёды хадзілі. Хадзілі ў касцёл у Трабы за 15 кіламетраў і ў Баруны за 7», — распавяла верніца касцёла Узвышэння Святога Крыжа Марыя Цімашэвіч.

Касцёл свв. Сымона і Алены (Чырвоны)

Касцёл быў пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя — у 1905-1910 гг. на сродкі Эдварда Вайніловіча, вядомага дзеяча палітычнага і гаспадарчага жыцця на беларускіх землях і ўвогуле Расійскай Імперыі (куды Беларусь уваходзіла на той час). Касцёл названы ў гонар дзяцей мецэната — Сымона і Алены Вайніловічаў, якія заўчасна памерлі. «Чырвоным» касцёл называюць з-за колеру даху і цэглы, якая выкарыстоўвалася пры будаванні.

«Для мяне гэта быў цэнтральны касцёл. Мае бабуля і дзядуля падчас вайны тут вянчаліся. Гэта таксама для мяне важна. Як бы ні было, у савецкія часы мне прыходзілася наведваць гэты касцёл не як касцёл, а як “Дом кіно”. Таксама для мяне гэта знакава, таму што на той момант мая сям’я была не асабліва веруючай, ды і я была яшчэ дзіцём. А калі ўжо стала веруючай, для мяне гэта было важна. Усё ж такі, у дзяцінстве Бог мяне нейкім цудоўным чынам сюды запрашаў. Мае родзічы, мая родная цётка таксама вянчалася тут. Таму для мяне гэта “сямейны” касцёл. Канешне, мы вельмі радуемся, што будзе рэканструкцыя, і ўвогуле, для нас гэта гістарычнае месца», — дзеліцца парафіянка Юлія Кухцінская.

Касцёл Маці Божай Будслаўскай

Самы малады касцёл Мінска. Парафія Маці Божай Будслаўскай была заснавана ў 1996 годзе. Спачатку дзейнічала капліца, асвячаная ў 2005 годзе. Потым пачалася будоўля касцёла. Вуглавы камень быў прывезены з санктуарыя ў Будславе. 1 ліпеня 2012 года яго асвяціў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. А ўжо 3 ліпеня 2016 года новазбудаваную святыню асвяціў кардынал Крыстаф Шонбарн OP. Гэта быў першы касцёл на тэрыторыі горада, асвячаны за апошнія 105 гадоў.

«Мне вельмі падабаецца, што гэты касцёл названы менавіта ў гонар Маці Божай Будслаўскай, таму што яна апякунка нашай Беларусі. Кожную першую суботу месяца мы ездзім у Будслаў памаліцца. Акрамя таго, я стараюся хадзіць сюды на Імшу. Я дзякую Богу за гэтае месца, выбранае для гэтага касцёла, за тое, што мы маем магчымасць сюды хадзіць. Сюды сапраўды з радасцю хочацца хадзіць… Маці Божая  ахінае сваім плашчом, дапамагае ва ўсіх штодзённых сітуацыях і ў вырашэнні розных праблем», — гаворыць верніца Ганна Шабанава.

 

P.S. Таксама схадзіць на святую Імшу і памаліцца ў Мінску можна ў шматлікіх капліцах, якія знаходзяцца ў розных мікрараёнах горада. Пра іх мы паразмаўляем наступным разам, а пакуль расклад Імшаў у іншых парафіях горада вы можаце прачытаць на нашым сайце.

Падрыхтавала Марына Валасар,
Фота аўтара

Абноўлена 24.11.2017 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.