Адкуль Біблія трапіла на Беларусь? Якую Біблію перакладаў Скарына? Чаму на Беларусі часцей за ўсё перапісвалі Евангеллі і Псалтыр?
Cёння мы змяшчаем другую частку даклада бібліста і дактаранта Варшаўскага ўніверсітэта кс. Сяргея Сурыновіча ў мастацкай галерэі TUT.BY, дзе святар распавёў пра асаблівасці перакладаў Кнігі кніг.
Catholic.by выбраў ТОП-5 самых цікавых фактаў.
1. Біблія трапіла ў Беларусь з Украіны
Упершыню Біблія патрапіла на тэрыторыю сучаснай Беларусі з Кіева. Калі больш дакладна, то яе прывезлі ў Полацк пасля хрышчэння Русі. Гэта была Біблія на царкоўнаславянскай мове ў перакладзе Кірылы і Мятода.
Біблія на царкоўнаславянскай мове, пачынаючы з Х ст., была найбольш распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Найперш гэта былі Псалтыры і Евангеллі — тое, што найбольш запатрабавана ў кляштарах.
Чытайце таксама:
Перапісвалі Біблію ў манастырах і кляштарах на беларускіх земляў з ХІ стагоддзя. Праца была вельмі карпатлівая. За дзень можна было перапісаць максімальна чатыры старонкі. Той, хто рабіў гэтую справу, павінен быў быць вельмі засяроджаны.
Матэрыял, на якім перапісвалася Біблія, каштаваў вельмі дорага. Кляштару даводзілася працаваць год, каб набыць некалькі аркушаў.
Пачынаючы з ХІІ стагоддзя, пры перапісванні Бібліі на царкоўнаславянскую мову ўваходзілі беларусізмы. Гэта рабілася ў першую чаргу беларускімі манахамі, якія карысталіся мясцовай мовай у штодзённасці.
Практычна адначасова, а магчыма, і раней, лацінская Біблія Вульгата трапіла ў Беларусь са Скандынавіі і з тэрыторыі Германіі. Лацінскую Біблію распаўсюджвалі найперш католікі місіянеры. Напрыклад, Торвальд Вандроўнік трапіў у Полацк менавіта з Вульгатай. Бруна Баніфацый з Кверфурта таксама нёс на ўсход лацінскую Біблію.
2. Пры перапісванні Бібліі ў манастырах яе дапаўнялі каментарыямі
Пасля малітвы «Ойча наш...» падчас Імшы ў некаторых традыцыях адразу чытаецца дадатак «бо Тваё Валадарства і моц...».
Гэтага радку няма ў Бібліі і ён быў кімсьці дапоўнены пры перапісванні. Калі Новы Запавет трапляў у манастыры, яго перапісвалі, але рабілі гэта часам з памылкамі. Умоўна кажучы, магло здарыцца так, што замест слова «сонца» перапісчык напіша «сніцца».
Дапісваліся і каментарыі. Калі згадаць Александрыйскі кодэкс з яго шматлікімі дадаткамі, то іх не існавала ў больш ранніх тэкстах Новага Запавету.
3. У навуковым дыскурсе вядома некалькі варыянтаў Старога і Новага Запавету
Біблія — гэта збор кніг, таму часта перакладаліся толькі найбольш запатрабаваныя з іх. Напрыклад, у часы перапісвання кніг Бібліі найбольш часта перапісвалі чатыры Евангеллі і Псалтыр.
У каноне Новага Запавету 27 кніг — чатыры Евангеллі, кнігі Дзеяў Апосталаў, 21 пасланне апосталаў і Апакаліпсіс Яна Багаслова. Кнігі Старога Запавету адрозніваюцца па канонах — у каталіцкім каноне іх 46.
Важнейшым вывучаным і апрацаваным зборам кніг Бібліі Старога Запавету з’яўляецца Ленінградскі кодэкс XII ст. н.э. — адзін з найстарэйшых у свеце. Яшчэ вылучаюць Алепскі кодэкс (тэксты каля 920 г.) і т. зв. Кумранскія рукапісы — сувоі (назвы знойдзеных манускрыптаў) Мёртвага мора, знойдзеныя ў 1947 годзе і датаваныя ад 250 г. да н.э. і да 68 г. пасля н.э. Гэтая знаходка зрабіла сенсацыю ў біблійным свеце.
Манускрыпты Новага Запавету налічваюць каля 24 тысяч фрагментаў. Больш раннія іх зборы — гэта Сінайскі і Ватыканскі кодэксы (IV-V ст.), пазнейшыя — Александрыйскі, Яфрэма і Безы.
Асноўная крыніца большасці сучасных перакладаў Новага Запавету — тэкст «Нэстле-Аланда». У акадэмічным асяроддзі ён лічыцца стандартам па вывучэнні Новага Запавету. На сёння вядома 28-е перавыданне гэтай кнігі (NA28).
4. Скарына пераклаў Біблію не цалкам
Беларускі першадрукар Францішак Скарына не перакладаў усю Біблію. Ён пераклаў некаторыя кнігі Старога і Новага Запавету.
6 жніўня 1517 года Францішак выдаў першую друкаваную кнігу на беларускай мове «Псалтыр». На форзацы кнігі ўказаны не толькі год, але і дата. Указанне даты не прынята ў кнігадрукаванні, навошта Скарына яе пакінуў?
Даследчыца Бібліі Ірына Дубянецкая лічыць, што Скарына зрабіў гэта наўмысна, каб паказаць сімвалічнасць — 6 жніўня ў Касцёле святкуюць Перамяненне Пана, калі Езус увайшоў на гару Табор.
Той факт, якую менавіта кнігу Бібліі абраў для перакладу Скарына, сведчыць аб тым, што друкар лічыў яе найбольш патрэбнай для суайчыннікаў. Мяркую, ён хацеў перамяніць беларусаў і даць ім кнігу, якая лечыць і якая змяшчае мудрасць.
5. Скарына перакладаў Біблію з чэшскай мовы
Пераклады Бібліі Францішка Скарыны розняцца паміж сабой па ўплыву царкоўнаславянскай мовы. Дзесьці яе больш, дзесьці менш.
Скарынаўская Біблія ўяўляе сабой 20 кніг (ці 23 кнігі, калі лічыць кожную кнігу Царстваў паасобку) Старога Запавету аб'ёмам 2400 старонак пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людем посполитным к доброму научению».
Пры перакладзе Скарына карыстаўся чэшскамоўнай Бібліяй, якую перакладалі з лацінскай Вульгаты, але ці была чэшская Біблія адзінай крыніцай перакладу?
Я перакананы, што Скарына дасканала валодаў лацінскай мовай. Як навуковец, які атрымліваў адукацыю на Захадзе, ён не мог не ведаць лаціну. Тыя ж чэшскія словы, якія ёсць у беларускім (заходнерускім) перакладзе Скарыны, гэта, хутчэй за ўсё, вынік недахопу адпаведнай лексікі ў нашай мове.
Мне падаецца, што чэшская Біблія мела ўплыў на Скарыну, як бестселер свайго часу ў славянскім свеце.