Пошук

29.12.2019 08:21   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Святая Сям’я / gettyimages.com

У нядзелю ў актаве Нараджэння Пана, калі ў Касцёле адзначаецца свята Святой Сям’і, біскуп Юзаф Станеўскі допіс у сваім блогу прысвяціў тэме мінулага пастырскага года ў Касцёле на Беларусі «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі».

Дарагія браты і сёстры! Любая моладзь!

Сёння завяршаецца пастырскі год, які ў Касцёле на Беларусі праходзіў пад дэвізам: «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі». Год мінуў, а з ім і прысвечаныя яго тэме спецыяльныя мерапрыемствы, аднак мы ў нашым штодзённым жыцці не развітваемся з сям’ёю, бо сям’я — гэта сапраўды радасць і надзея, яна — крыніца і пачатак нашага жыцця.

У нашых санктуарыях у Будславе, Тракелях, Браславе і Лагішыне — у гэтых «школах Марыі» — мы дзякавалі за сям’ю, дзе любоў — гэта як хлеб штодзённы, прабачэнне i неабходнасць разумення — як глыток свежага паветра, а праўда — як святло, якое напаўняе сэрцы супакоем.

Сям’я — добрая справа, калі ўсе маюць у ёй сваё месца і рэалізуюць сваё пакліканне, на якое кожнага натхняе Пан Бог.

Таму вашае «гераічнае» прабачэнне мужу ці жонцы мае сваю крыніцу ў любові Хрыста да Касцёла. Менавіта пра гэта разважае ў адгартацыі «Хрыстус жыве» папа Францішак.

Ілюстрацыйнае фота: pravlife.org

У гэтым лісце да моладзі Святы Айцец піша: «Мне падабаецца думаць, што двое хрысціянаў, якія заключаюць сужэнскі саюз, распазналі ў сваёй гісторыі кахання заклік Пана; пакліканне да таго, каб з дваіх, мужчыны і жанчыны, стварыць адно цела, адно жыццё. А сакрамэнт сужэнства ахоплівае гэтую любоў Божаю ласкаю, закараняе яе ў самім Богу. З гэтым дарам, будучы ўпэўненымі ў гэтым пакліканні, можна, не баючыся нічога, вырушыць у дарогу, можна перамагаць усім разам» (пар. ChV, 260).

Ці ўсе гэта разумеюць? На жаль, не. Таму ў «школе Марыі» мы і далей будзем прасіць аб шчасці і дабрабыце, багацці і супакоі нашых сем’яў.

Мае дарагія!

Напэўна, многія з нас у сваім жыцці чулі такую фразу: «Адзін любіць, а другі дазваляе сябе любіць». У размове з моладдзю я заўважыў, што многія падзяляюць такую думку.

Нядаўна я сустрэў знаёмую дзяўчыну, якая хадзіла ў касцёл, на катэхезу, у пілігрымкі і г.д. Цяпер яна маці і… была ў касцёле, а да Камуніі не прыступіла. Гэта мяне насцярожыла, і пры сустрэчы з ёй я спытаў яе пра жыццё. Яна здагадалася, што я маю на ўвазе, і, нібы апраўдваючыся, сказала, што з любові да свайго абранага, каб давесці яму сваю любоў, яна адмовілася ад сакрамэнту сужэнства, бо ён, хоць і ахрышчаны, але няверуючы. Я, у сваю чаргу, запытаўся ў яе, якім чынам ён даў доказ сваёй любові, ад чаго ён адмовіўся, якую ахвяру прынёс? Адказ не паддаецца нармальнай логіцы: «Ён жа няверучы: ад чаго ён будзе адракацца?..»

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

Працягваючы дыялог, я спытаўся, ці гэтая маладая жонка і маці чытала ліст папы Францішка да моладзі «Хрыстус жыве». Са здзіўленнем адказала пытаннем на пытанне: «А што, хіба там пра маю сітуацыю Папа ўзгадвае?..» «Так, — адказаў я. — Святы Айцец разважае з моладдзю аб жыцці, а ў тым ліку і аб такіх жыццёвых сітуацыях».

Пра любоў і ахвяру ў каханні Папа напісаў так:

«Сапраўдная любоў гарачая. Каханне паміж мужчынам і жанчынай, калі яно гарачае, вядзе да аддачы жыцця назаўсёды. Назаўсёды. І да аддачы яго з целам і душою» (пар. ChV, 261).

Таму фраза «адзін любіць, а другі дазваляе сябе любіць» не мае нічога супольнага з сапраўднай хрысціянскай любоўю.

«Не паддавайцеся падману тых, — піша далей Пантыфік, — хто прапануе індывідуалістычнае жыццё ў разбэшчанасці, якая ў выніку прыводзіць да ізаляцыі і жахлівай адзіноты» (пар. ChV, 263).

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

Дарагія нарачоныя! Мы ведаем (і не толькі са статыстыкі), што, як некаторыя кажуць, сужэнства «выйшла з моды», што няварта прысвячаць сябе на ўсё жыццё, што трэба, пакуль ёсць час, проста «атрымліваць асалоду». На жаль, многія так і жывуць.

Папа Францішак заклікае вас быць у гэтай справе рэвалюцыянерамі, ісці супраць гэтай культуры часовасці, якая лічыць, што вы не ў стане ўзяць на сябе сталую адказнасць, што вы не можаце па-сапраўднаму кахаць (гл. ChV, 264).

Кахайце ж і будзьце па-сапраўднаму каханымі.

Умейце весці дыялог і служыць. Выхоўвайце сексуальнасць, каб яна ўсё менш была інструментам выкарыстання іншых і штораз больш станавілася ўменнем цалкам прысвяціць сябе іншай асобе, велікадушна просіць вас Святы Айцец.

Святая Сям’я / diocesicassanoalloionio.it

Мае дарагія, няхай адным з пладоў мінулага пастырскага года будзе наша малітва за сем’і. Узнясём яе словамі святога Яна Паўла ІІ, якому будзе прысвечаны наступны пастырскі год у нашым Касцёле:

Божа, ад Цябе паходзіць усялякае бацькоўства ў небе і на зямлі. Ойча, Ты з’яўляешся Любоўю і Жыццём, учыні, каб нашая сям’я і кожная чалавечая сям’я на зямлі праз Твайго Сына Езуса Хрыста, «народжанага з Жанчыны», і праз Духа Святога станавілася сапраўдным прыкладам жыцця і любові для новых пакаленняў.

Учыні, каб Твая ласка скіроўвала нашыя думкі і ўчынкі да дабра нашай уласнай сям’і і на карысць усіх сем’яў у свеце.

Учыні, каб новае пакаленне знаходзіла ў нашых сем’ях моцную апору для сваёй чалавечнасці і развіцця ў праўдзе і любові.

Учыні, каб любоў, узмоцненая ласкаю сакрамэнту сужэнства, была мацнейшая за ўсялякія слабасці і крызісы, праз якія часта праходзяць нашыя сем’і.

Урэшце, просім Цябе праз заступніцтва Святой Сям’і з Назарэта, учыні, каб Касцёл сярод усіх народаў на зямлі мог плённа выконваць сваю місію ў сем’ях і праз сем’і.

Ты, які з’яўляешся Жыццём, Праўдаю і Любоўю, у еднасці Сына і Духа Святога. Амэн.

(Ян Павел ІІ, Сінод Біскупаў, прысвечаны сям’і, 1980 г.)

Абноўлена 29.12.2019 17:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.