Пошук

24.12.2019 11:17   Catholic.by
Фота Вольгі Сяліцкай

У вігілію Божага Нараджэння адказны за душпастырства моладзі ў беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу дзеліцца з маладымі вернікамі сваімі разважаннямі і святочнымі пажаданнямі.

Дарагія ў Хрысце Пану браты і сёстры, любая моладзь!

У сённяшні святочны вечар мы з вялікаю радасцю паўтараем, вітаючы адзін аднаго: «Хрыстус нарадзіўся — Бог аб’явіўся». У Бэтлееме, родным горадзе караля Давіда, нарадзіўся Валадар усяго свету.

Кожны з нас у гэты момант вандруе верай і думкамі менавіта туды, дзе Бог з дзявочага ўлоння Панны Марыі ўваходзіць у гісторыю чалавека, у жыццё кожнага з нас, становіцца нашым братам.

Пра гэта сведчаць сціплыя пастушкі і тры каралі-мудрацы, якія першымі прывіталі Дзіцятка Езуса ў бэтлеемскай пячоры. Прывіталі, бо пазналі ў ім Збаўцу-Месію, якога выбраны Богам народ чакаў доўгія стагоддзі. І вось, нарэшце, настаў гэты момант сустрэчы чалавека з Богам, стварэння — са сваім Стварыцелем. Момант, калі ў пацалунку любові яднаецца зямля і Неба: Бог дазваляе сябе прытуліць, каб чалавек больш не адчуваў сябе самотным і пакінутым у зямным выгнанні.

Фота: namenu.ru

Дарагія браты і сёстры! Да гэтага месца, да Бэтлеема, на працягу стагоддзяў кіруюцца мільёны пілігрымаў, бо там Неба яднаецца з зямлёй. Калісьці святы Францішак Асізскі «ажывіў» словы весткі аб Божым Нараджэнні, ладзячы ў італьянскім мястэчку Грэчо першую батлейку на ўзор ясляў у пячоры, што служыла загонам для авечак у Бэтлееме, дзе прыйшоў на свет Хрыстус.

Там, дзе святы бядняк з Асізі змайстраваў першую батлейку, сёння знаходзіцца кляштар і санктуарый, дзе папа Францішак 1 снежня абвясціў свой Апостальскі ліст пад назваю Admirabile signum — «Цудоўны знак», — прысвечаны значэнню і каштоўнасці калядных батлеек.

Батлейка — гэта як быццам жывое Евангелле. Яна паказвае нам пяшчоту Бога і тое, што Ён апускаецца да нашай мізэрнасці; батлейка дапамагае нам нанава перажыць тое, што адбывалася ў Бэтлееме, дае адчуць свой уласны ўдзел у гісторыі збаўлення, а таксама дазваляе перадаць праўду веры, якая кранае за душу.

Браты і сёстры, таксама і ў нас даўно стала традыцыяй ладзіць святочныя дэкарацыі задоўга да свята. Вуліцы і плошчы нашай краіны зіхацяць святлом гірлянд і святочных упрыгожанняў. Дзеці і моладзь радуюцца першаму снегу і першай зорцы, і ўсе мы цешымся тым, што дар міру, які прынёс на зямлю Нованароджанны Езус, сёння пануе і на нашай зямлі, бо нашыя продкі прынялі і здолелі адстаяць, захаваць і перадаць нам гэты Божы дар. Сёння мы дзякуем таксама і ім за мір, за жыццё і за веру.

Фота: Daniel Ibáñez/CNA

Любая моладзь! «Сэрца» батлейкі, па словах Пантыфіка, пачынае «біцца» толькі ў той момант, калі на Божае Нараджэнне ў ёй з’яўляецца фігура нованароджанага Дзіцяткі Езуса.

Таму звяртаюся да вас, дарагія юнакі і дзяўчаты, з заклікам Езуса Хрыста: «Сябра, кажу табе, устань», — і ўдакладняю: адарвіся ад манітора і імкнення да кар’еры, багацця і дабравольнай самотнасці; прыйдзі ў касцёл, сустрэнься з Богам, бо без тваёй прысутнасці не «ажыве» батлейка ў тваёй парафіяльнай святыні.

Больш за тое: без цябе не будзе Божага Нараджэння ў тваім сэрцы, а яно так прагне Бога, жыцця ласкаю Пана, каб біцца для іншага чалавека. Абудзіся, устань, прыйдзі і схіліся над адвечнай праўдай: Бог цябе любіць! Адчыні свае дзверы на заклік Хрыста Пана.

Фота кс. Паўла Раманоўскага

Умілаваныя!

Жадаю вам, каб вашае сэрца жыло Богам і білася для іншага чалавека.

Няхай Новы 2020 год Пана ў нашай Бацькаўшчыне будзе напоўнены мірам, дабрабытам і братняю любоўю.

Благаслаўлёных усім вам святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2020 года!

Тут Слова сталася Целам. Месца Нараджэння Хрыста ў бэтлеемскай базыліцы / Фота: ippo.ru

Абноўлена 24.12.2019 11:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.