Пошук


Добра гэта ці не, але жыццё стала моцна віраваць у інтэрнэт-прасторы. Здаецца, нашыя зносіны адбываюцца ўжо там. Прынамсі, добрая іх частка. А дзе камунікацыя, там заўсёды і культура. Ці не?

Як паказаў час, пазітыўнай камунікацыі (гаворка пра анлайн) трэба вучыцца. Абодвум бакам: аднаму, каб належным чынам афармляць свае пасланні, другому — каб адпаведна іх успрымаць. Для гэтага ў дапамогу нам прапануецца шырокі спектр смайлаў, гіфак, сімвалаў і, канешне, ёсць клічнікі, пытальнікі і шматкроп’е — усё для афармлення нашых эмоцый і настрояў. Аднак не толькі гэтыя «памочнікі» афарбоўваюць нашыя меркаванні, якія мы выказваем анлайн.

Галоўным пэндзлем, на маю думку, тут з’яўляецца намер. Калі мы не маем намеру кагосьці пакрыўдзіць, хутчэй за ўсё, у нас гэта і не атрымаецца. Калі мы толькі не натрапім на ўражлівую асобу, якая дадумае штосьці, прачытае з іншай інтанацыяй і на гэта пакрыўдзіцца. Таму будзем уважлівымі да таго, як мы выказваем нашыя меркаванні або заўвагі.

А вось колкасць у выказваннях схаваць не ўдасца. Заўважалі? Яна праб’ецца праз абагульненне, асуджэнне, прадузятасць, ярлыкі... Заўвага можа быць і слушнай, і да ўвагі яе прымуць, але ці захочацца дзякаваць за яе, калі, напрыклад, аўтар каментара кіне сваё: «Яны, як заўсёды, у сваім рэпертуары!» Бясспрэчна, у гэтых словах адчуваецца боль за агульную справу, і, магчыма, менавіта таму рэакцыя рэзкая. Як у Оскара Уайльда: «Я заўсёды вельмі па-сяброўску стаўлюся да тых, хто мне абыякавы». Аднак боль за справу можна выказаць цалкам іначай — з павагай да другога боку і да зробленай ім працы.

На прыватных акаўнтах радзей сустрэнеш негатыўныя эмоцыі ў каментарах. Ці то элементарная павага, ці то нежаданне адкрыта выказваць сваё стаўленне, каб не страціць «сябра», бо гэта ж свайго роду прыватны зварот... Іншая справа, калі зварот скіраваны да супольнасці — скажам, на старонцы пэўнай арганізацыі ці хаця б нашага парталу. Тут ужо можна не хаваць свой негатыў.

Аўтар паслання кажа ўсё, што думае (дарэчы, у прыватным паведамленні гэта ўспрымецца і будзе наладжаны дыялог), і пры гэтым нібы ні з кім не пасварыўся. Ён па-ранейшаму будзе чытаць рэсурс і нават знойдзе там штосьці карыснае, але ці здагадаецца адзначыць гэтае карыснае хаця б сціплым лайкам? Затое абавязкова не праміне магчымасці ізноў пакрытыкаваць, калі будзе прычына.

На жаль, калі браць наш фармат — камунікацыю на хрысціянскіх старонках — назіраецца пэўная нецярпімасць да сваіх жа. Ці ж не кожны хрысціянін пакліканы да пакорнага служэння адно аднаму (і нават шырэй) — у дадзеным выпадку праз камунікацыю? Ці не забываем мы, што ў аснове нашых словаў (якія маюць моц!) павінна быць праўда і міласэрнасць? З праўдай часцей за ўсё парадак. А вось са спагадай?..

Узгадаем спагадлівую маці. Яна робіць заўвагу дзіцяці, але пры гэтым дзіця не мае сумніву, што мама яго любіць. Заўвага са спагадай. З добрым намерам.

Святы апостал Павел у пасланні да Рымлянаў кажа: «Я сам упэўнены ў вас, браты мае, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім пазнаннем, і можаце настаўляць адзін аднаго» (Рым 15, 14). Праз прызму гэтых слоў апостала Паўла будзем старацца глядзець на кожнага свайго апанента.

Крытычны падыход да інфармацыі — выдатная і патрэбная якасць. Нават абавязковая. Таму задумаемся над практычнымі крокамі ў кірунку вырашэння ўзнятай праблемы.

Па-першае, падумайце, ці добра вы зразумелі аўтара артыкула ці апанента, ці можаце паўтарыць яго тэзісы.

Па-другое, падрыхтуйцеся да каментара, не спяшайцеся. Уявіце сабе асобу, да якой вы звяртаецеся. Будзьце сардэчнымі, працуйце над сваімі пачуццямі.

Па-трэцяе, адшукайце сярод сваіх думак, дзе могуць бліскаць маланкі ад абурэння, галоўную — я хачу дапамагчы. І з гэтай думкай камунікуйце і будзьце сведкамі праўды і міласэрнасці.

Валянціна Грамыка

Абноўлена 21.06.2017 13:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця