У перыяд Божага Нараджэння і пасля святаў у кожнай парафіі адбываецца душпастырскае наведванне сем’яў — так званая каляда. Аб чым трэба памятаць, рыхтуючыся да яе?
Каляда — гэта перш за ўсё падзяка Богу за атрыманыя ласкі ў мінулым годзе і малітва аб апецы ў наступным, а таксама магчымасць асабістага знаёмства са святаром. У Каталіцкім Касцёле да душпастырскага візіту абавязвае кананічнае права, якое прадпісвае наведванне сем’яў для пашырэння веры і аказання неабходнай духоўнай дапамогі.
Як адбываецца «калядаванне святара»?
Для таго, каб дадзеная рэлігійная падзея прайшла належным чынам, неабходна стварыць адпаведныя ўмовы: засцяліць стол белым абрусам, на якім будуць знаходзіцца крыж, свечка, асвячоная вада і крапідла.
Асаблівасцю душпастырскай сустрэчы з’яўляецца тое, што ў ёй павінна ўдзельнічаць уся сям’я (і толькі адна). Таму сям'я абавязана даведацца, у які дзень і ў якую гадзіну святар наведае дом, каб усе члены сям’і маглі ў гэты час быць дома.
Важна запрасіць святара менавіта з той парафіі, да якой сям'я належыць тэрытарыяльна. Гэта будзе выхоўваць пачуццё адказнасці за сваю парафіяльную супольнасць, за яе будучыню.
Напачатку гаспадар дома павінен прывітаць святара і пазнаёміць яго з тымі членамі сям’і, якіх ён не ведае. Пастырскае наведванне мае характар хатняга набажэнства. Яно можа распачынацца з абраду благаслаўлення сям’і разам з супольнаю малітвай і разважаннем над Божым словам.
Часам наведванне распачынаецца са спеву калядкі, якую разам з сям’ёй спявае і святар. Вітаючыся словамі «Спакой гэтаму дому», святар жадае, каб у гэтым доме пастаянна прысутнічаў Хрыстус, які сваім з’яўленнем на свет прынёс людзям спакой. Пасля гэтага прывітання адбываецца благаслаўленне ўсёй сям’і і дома з акрапленнем усіх прысутных асвячонаю вадою.
Са святаром стараюцца сустрэцца ўсе члены сям’і. Гэта добры час для прыватных размоваў са святаром, падчас якіх у хатняй атмасферы можна пачуць адказы на хвалюючыя пытанні.
Пасля адбываецца супольная малітва і асвячэнне пакояў. Візіт святара доўжыцца самае большае паўгадзіны.
Адкуль пайшла традыцыя каляды?
У старажытным Рыме святочнае наведванне «календэ» (callandae) адбывалася ў першыя дні студзеня, ад чаго ў еўрапейскіх мовах з’явілася слова «каляндар».
Вядома таксама, што ад слова «каляда», якое на нашу тэрыторыю прыйшло праз пасрэдніцтва чэхаў і палякаў, паходзіць і назва вясёлых песняў — «калядак». Калядкі спяваюцца на праслаўленне вялікай падзеі — Нараджэння Хрыстовага.
Гэтыя песні з’явіліся яшчэ ў дні зараджэння хрысціянства, але толькі ў славянскіх народаў яны атрымалі сваю назву.
Касцёл пераняў народны звычай калядавання, аб’яднаўшы яго з благаслаўленнем дамоў ва ўрачыстаць Аб’яўлення Пана.
Паколькі ў гэты дзень немагчыма наведаць усіх жадаючых, наведванне расцягваецца на паслясвяточны час. Заходняя традыцыя, а таксама ўжо і наша, раіць пісаць на дзвярах дамоў, кватэр асвячанаю крэйдаю літары «С+М+В» + год.
Гэтыя першыя літары з лацінскага выразу: «Christus mansionem benedicat» («Няхай Хрыстус благаславіць дом»), а таксама першыя літары імёнаў трох мудрацоў. Цяпер візіт святара азначае не толькі благаслаўленне дома, але і сустрэчу пастыра з вернікамі.
Якой можа быць сума ахвяравання?
Традыцыйна сем’і, якія наведвае святар, складаюць сваё ахвяраванне. Наколькі вялікім яно павінна быць? Адказ просты: кожны ахвяруе, колькі можа.
Сабраныя сродкі могуць пайсці не толькі на патрэбы парафіі і святара, але і на патрэбы сем’яў парафіі, якія сапраўды чакаюць дапамогі: калі, напрыклад, адзін з членаў сям’і мае залежнасць і ад яго пакутуюць усе родныя; калі дзіця выхоўваецца толькі адным з бацькоў або бабуляю і дзядулем; калі ёсць моцна або невылечна хворы член сям’і, калі сям’я шматдзетная і працуе адзін з бацькоў.
Святар павінен усё ведаць і занатоўваць, каб быць падрыхтаваным да размовы з тымі, хто жыве без шлюбу, без споведзі або нават неахрышчаны, а таксама каб пасля пастырскага наведвання даць «падарунак» святога Мікалая тым, хто вельмі гэтага чакае.