Я люблю падарункі. Я люблю дарыць іх і, зразумела, вельмі люблю іх атрымліваць. Але некалькі гадоў таму я дакладна зразумеў, што падарункі, якія сыходзяць ад самага сэрца да іншага сэрца, нашмат больш каштоўныя, чым тыя, якія звычайна знаходзяць пад ялінкаю.
Дарыце вашу любоў
У першы год навучання ў семінарыі ў Канадзе я не змог паехаць на Божае Нараджэнне дадому ў Індыю, бо дарога вельмі дорага каштавала. Я развітаўся са сваімі братамі-семінарыстамі, якія ад’ехалі на калядныя канікулы, і застаўся ў будынку нашай супольнасці сам-насам, з перакананнем, што ў мяне будуць адны з самых сумных святаў Божага Нараджэння ў маім жыцці.
Але ў Бога быў іншы план. Як я ўжо казаў, я павінен быў застацца адзін у чужой краіне на Божае Нараджэнне, але дзверы пачалі адкрывацца. Я трапіў на Вігілію ў адну сям’ю, а першы дзень Раства правёў у іншай, бо, як высветлілася, некалькі сем’яў змагаліся за тое, каб дапамагчы мне адчуць сябе патрэбным і як мага больш цёпла прыняць у новым месцы. Я параіў бы вам рабіць штосьці падобнае ў гэтую актаву Божага Нараджэння.
Абавязкова знойдзецца хтосьці ў вашай парафіі ці раёне або, можа, нават родны ці сябра, якому няма куды пайсці на Божае Нараджэнне, і ён сустракае свята ў самоце. Магчыма, гэта не адзін чалавек, а цэлая сям’я, якая перажывае складаны перыяд з прычыны смерці блізкай асобы або нейкую іншую непакоячую сітуацыю.
Крыху радасці для іх у гэтыя святы можаце падарыць менавіта вы. Вам не абавязкова скакаць вышэй галавы. Сям’я, якая перажывае фінансавыя цяжкасці, можа годна ацаніць дапамогу ў выглядзе смачнага абеду або падарункаў для дзяцей. Калі вы ведаеце, што нехта па нейкай прычыне перажывае неспакойны час у святы Божага Нараджэння, падарыце любоў і спачуванні, якія ім найбольш патрэбны.
Праяўляйце міласэрнасць
Святочныя дні могуць стаць важным часам для большасці сем’яў. Не абыходзіцца ў гэты час і без сапраўдных драм, асабліва на кухні, дзе гатуюцца стравы на калядны стол, або калі сям’я ўжо гатова ісці ў касцёл, а хтосьці акупіраваў прыбіральню. У маёй сям’і такое звычайна здараецца, калі мы збіраемся зрабіць супольны здымак з цёткамі, дзядзькамі, стрыечнымі братамі і сёстрамі. На шчасце, пазней мы ўмеем з гэтага пасмяяцца. Хоць і не ўсе гэтыя драматычныя моманты завяршаюцца пазітыўнай нотай.
Святочны сезон можа быць крыніцаю болю і можа зраніць некаторых людзей. Праблема крыецца ў тым, што стары хлам вылазіць на паверхню і трывожыць старыя і глыбокія раны.
Благаслаўленні вучаць нас быць міласэрнымі: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7). Таму выкарыстоўвайце сваю здольнасць быць крыніцай міласэрнасці ў гэтае Раство. Яна можа праявіцца ў дробных справах, якія робяць вас прыкладам міру і доўгацярплівасці. А можа, ваша дапамога будзе больш значнай. Калі нейкі час вы трымалі крыўду на каханага чалавека — выкарыстайце гэтае Божае Нараджэнне як магчымасць прабачыць яму крыўду, якую ён вам учыніў.
А што яшчэ прыгажэй, калі ведаеце, што вам трэба выправіць сваю правіну перад кімсьці, не змарнуйце гэтай цудоўнай нагоды памірыцца з чалавекам, якому вы ўчынілі боль. Зразумела, што вынік такога ўчынку будзе залежаць ад дынамікі адносін, таму трэба маліцца за гэта і абмеркаваць гэта з сябрам, перш чым што-небудзь рабіць. У любым выпадку, прабачыць камусьці — гэта ўжо рашэнне, якое мы на пачатку прымаем, а потым перажываем яго вынікі. А сказалі мы гэта ў слоўнай форме ці не — пытанне цалкам другараднае.
Падарыце вашу веру
Вярніце Хрыста на свята Божага Нараджэння!
Калі вы можаце знайсці спосаб падштурхнуць чалавека зрабіць крок у кірунку веры, хоць сабе і маленькі, — вы зробіце яму падарунак на ўсё жыццё.
Калі вам пашчасціла ў нейкі момант свайго жыцця асабіста сустрэцца з Езусам, падзяліцеся гэтым! Няхай гэта будзе вашай стратэгіяй, каб тэставанне вашага жыцця на новай сцяжынцы не было дарэмным.
Ведаючы, каго вы сустрэнеце на Раство, абдумайце і творча падыдзіце да задання падзяліцца сваім духоўным шляхам, так, каб вашыя словы як мага больш пераканаўча прамаўлялі да слухачоў.
У большасці парафій падчас святаў Божага Нараджэння адбываюцца сустрэчы для людзей рознага ўзросту. Даведайцеся, калі збяруцца дзеці, калі моладзевая група будзе мець калядную вечарыну. Вазьміце з сабою туды каханага чалавека.
Заахвочвайце сяброў і сем’і, якія, магчыма, знеахвоціліся або адпалі ад сваёй веры, прыйсці да споведзі або прынамсі скласці вам кампанію на Божай літургіі ў дзень Божага Нараджэння. Калі вы даеце камусьці грошы на Божае Нараджэнне, прапануйце выкарыстаць гэтыя грошы, напрыклад, на евангелізацыйны курс або на выязныя рэкалекцыі (або, калі вы блізкія знаёмыя, проста аплаціце ўнёсак самастойна і скажыце, што ўдзел у рэкалекцыях — гэта і ёсць падарунак на Божае Нараджэнне для вашых блізкіх).
Вярніцеся думкамі да папярэдніх, даўно мінулых святкаванняў Божага Нараджэння. Ці можаце пералічыць усе да аднаго падарункі, якія атрымалі на святы? Хутчэй за ўсё, не. А цяпер падумайце пра тое, што вы памятаеце. Ці памятаеце нейкія матэрыяльныя падарункі, а можа, засталіся ў памяці дары, якія зачапілі струны вашага сэрца? Дар любові, міласэрнасці і веры пакінулі вас бязмерна шчаслівымі. А зараз падумайце пра гэта як пра дар для самога сябе.
Радасць, якую вы адчуеце ў гэты святочны час, ведаючы пра змены, якія адбыліся ў жыцці кагосьці дзякуючы вам, будзе самым цудоўным падарункам, які вы зможаце сабе зрабіць на гэтае Раство.
Брэнтан Кардэйру, паводле CREDO
Пераклад Валянціны Грамыка