Ва ўспамін Святога Мікалая 6 снежня да дзяцей прыходзіць не толькі сам Святы Мікалай, але і яго «напарнік» Крампус — «калядны д’ябл». Гэта міфічная істота альпійскага рэгіёна найбольш распаўсюджана ў Аўстрыі.
У ноч з 5 на 6 снежня Крампусы сноўдалі па вуліцах, пужаючы дзяцей сваімі ланцугамі і званочкамі.
Традыцыя сведчыць, што добрыя і паслухмяныя дзеці атрымлівалі ад Святога Мікалая падарункі, а неспалухмяных і капрызных дзяцей Крампус саджаў у мех, або ў кошык, і забіраў з сабою, пасля чаго зжыраў або скідваў са скалы.
Традыцыя, якая бярэ свой пачатак ў XVI стагоддзі, акрамя Аўстрыі распаўсюджваецца таксама на поўдзень Германіі (Баварыю), а таксама на некаторыя рэгіёны Італіі, Венгрыі, Чэхіі, Славеніі і Харватыі.
У кожнай з вышэй згаданых краін імя Крампуса, як і яго знешні выгляд, могуць розніцца. Нязменным застаецца адно: крампус — істота жахлівая, таму нават маскі, змайстраваныя акцёрамі да 6 снежня, выглядаюць адпаведна. Кампус пакрыты поўсцю, у яго казліныя рогі і раздвоеныя капыты, а з пашчы вывальваецца доўгі завостраны язык.
Нездарма гэтай істотай страшаць непаслухмяных дзяцей. Часта Крампус нясе на сабе ланцуг, што ў хрысціянскай традыцыі сімвалізуе кайданы на д’ябле. Часам для больш поўнага эстэтычнага эфекту ланцугі дапаўняюцца званочкамі розных памераў.
Здаралася, што Крампус мог мець пры сабе і звязку бярозавых розгаў ці хлыст, якімі раней каралі дзяцей. Часам ён пакідаў розгі ў сям’і, якую наведваў, на ўвесь год. І тады розгі вешалі ў хаце на бачным месцы як напамін дзецям пра тое, што трэба добра сябе паводзіць.
Часам Крампус ва ўяўленнях змешваўся з іншай міфічнай істотай — вядзьмаркай Перхтэн (нешта нашкталт вобраза Бабы Ягі). Пертхен «прыходзіла» да дзяцей на Тры каралі і паслухмяным клала ў абутак манеткі, а тым, хто ленаваўся, магла ўспароць жывот і напіхаць яго саломай. У Італіі гэта вядзьмарка клала дзецям цукеркі або вугалькі ў залежнасці ад таго, як яны паводзілі сябе ўвесь год.
Згадкі пра Крампуса трапляюцца яшчэ ў дахрысціянскім нямецкім фальклоры. У часы інквізіцыі Каталіцкі Касцёл забараняў святкаванні з удзелах пераапранутых рагатых істотаў.
Тым не менш традыцыя прысутнасці Крампуса на калядных карнавалах захавалася і да XVII стагоддзя зацвердзілася, калі істоту пачалі атаясамліваць са спадарожнікам Святога Мікалая да святаў Божага Нараджэння.
У XX стагоддзі пэўны час гэта традыцыя была забаронена, але ў 1950-я яе аднавілі, правёўшы грамадскую дыскусію на тэму дапушчальнасці гэтага вобраза для маленькіх дзяцей.
А хто ж прыносіць дзецям падарункі 24 снежня? У Аўстрыі, згодна з традыцыяй, гэта робіць дзіцятка Езус. У доказ гэтаму вынаходлівыя дарослыя раскідваюць пад ёлкай пасмы русых валасоў, якія «згубіла» Божае немаўля.