Іспанскі рэдэмптарыст Padre Damián можа стаць першым каталіцкім святаром, які выступіць у фінале «Еўрабачання». Для гэтага яму трэба перамагчы ў нацыянальным адборы, вынікі якога стануць вядомыя ў сакавіку.
Ці могуць выступленні духоўных асобаў на прафесійнай сцэне ўспрымацца як форма евангелізацыі? Разважаем над гэтым пытаннем і разам з каталіцкімі СМІ ва ўсім свеце сочым за іспанскім адборам «Еўрабачання-2017».
Падрэ Дам’ян: гісторыя незвычайнага спевака
Ксяндзу Дам’яну Монтэсу сёлета споўнілася 30. У яго святарскім багажы — вучоба на факультэце тэалогіі, служба на місіях у Калькуце і прэзбітэрскае пасвячэнне. Пішуць, што яго бабуля была спявачкай фламенка, а ён сам даўно марыў выступіць на «Еўрабачанні».
Так ці інакш, творчы шлях кс. Монтэса зусім нетыповы для беларускіх святароў: ён наведваў заняткі ў кансерваторыі, школе танцаў і музычным тэатры, пакуль у 2015 г. не заявіў пра сябе ў вакальным шоў «Голас».
Кампазіцыя, з якой іспанскі святар збіраецца на «Еўрабачанне», носіць назву «Тысяча сонцаў». У ёй спявак распавядае пра тое, што свет можна змяніць, калі ў сэрцы адчуваеш для гэтага сілы.
Дагэтуль хто толькі не выступаў на «Еўрабачанні» — дуэты, трыа, квартэты, трансвесціты, транссексуалы, пераможцы песенных талент-шоў, двайняты, блізняты, бабулі і нават... індык. Але не здаралася такога, каб на сцэну выходзілі манахіні ці святары. Што ж будзе, калі кс. Дам’ян здолее гэта зрабіць?
Апошні раз краіна перамагала ў «Еўрабачаннні» ў 1969 годзе. Сёння Іспанія ўваходзіць у лік арганізатараў конкурсу, яе прадстаўнік аўтаматычна трапляе ў фінал. Выступленне іспанца на сцэне перад больш чым мільярднай тэлеаўдыторыяй, у ліку якой Кітай і Аўстралія, безумоўна, можа прынесці свой евангелізацыйны плён.
«Сведчыць пра Бога там, дзе гэтага ніхто не робіць». Вось яна — новая евангелізацыя, важнасць якой падкрэслівае Папа Францішак.
Вядомая ў Італіі сястра Крысціна Скучыя (пра якую мы пісалі тут›› і тут››) у фінале шоў «Голас» пасля перамогі прызналася, што мае адну мару — памаліцца «Ойча наш» у прамым эфіры. І яна гэта зрабіла!
Не ўсе паўтаралі за ёй словы малітвы, тым не менш манахіня не адступіла. Яна прачытала малітву ў мікрафон — так, каб кожны ў зале яе пачуў.
Каб пераможца шоў чытаў малітву са сцэны — такога яшчэ не было. Але Крысціна Скучыя, поўная мужнасці, рашылася на гэта. І ў гэтым яе маленькая перамога — маленькі прагрэс новай евангелізацыі.
Сястра Крысціна, як і іераманах Фоцій з Расіі, пасля перамогі ў шоў вярнуліся да сваіх звычайных заняткаў — брэвіярый, малітва і праца ў манаскай супольнасці. Гэта сведчыць найперш пра тое, што духоўныя асобы не ставілі мэтай зрабіць кар’еру. Але іх удзел у свецкім шоў шырока абмяркоўвалі.
І хто ведае, магчыма, камусьці такое сведчанне таксама адкрыла вочы: духоўныя асобы — такія ж жывыя людзі. Не рэлігійныя фанатыкі, якія толькі і ўмеюць, што маліцца ў келлі, але таленавітыя, творчыя і яркія асобы, якія, нягледзячы на гэта, адмовіліся ад дабротаў свецкага жыцця і прысвяцілі сябе служэнню Богу.
Расказаць гісторыю — «падчапіць» гледача
Прадзюсары і сцэнарысты бачаць, аднак, у такіх удзельніках сваю выгаду. Манахіня ці святар — гэта найперш фактура. На выступленне чалавека ў габіце ці сутане зверне ўвагу куды больш людзей, чым на звычайнага хлопца ў касцюме.
Часта прадзюсары могуць нават заплаціць удзельніку з «выгаднай гісторыяй», толькі каб ён згадзіўся прыйсці на кастынг. Цікавая гісторыя — гарантаваны рэйтынг. Ці задумваліся вы, навошта ўдзельнікі такіх шоў, як «Х-фактар», «Голас» ці «Топ-мадэль» у сваёй відэапрэзентацыі расказваюць пра галоднае дзяцінства, няпоўную сям’ю ці няшчаснае каханне? Якое гэта дачыненне мае да таленту, які яны хочуць паказаць?
Гісторыя чапляе гледача. А суперажыванне спараджае сімпатыю: людзі ўключаюць праграму, каб паглядзець, як там іх «любімчык» з няпростым лёсам.
Гісторыя ж чалавека, які спявае ў габіце, — навідавоку. Разам з песняй глядач як бы аналізуе карцінку, якую бачыць. Кожнаму цікава: чаму ён/яна пайшлі ў кляштар, што падштурхнула іх да гэтага і ці не шкадуюць аб прынятым рашэнні?
Падрэ Дам’ян не першы святар, які спрабуе трапіць на «Еўрабачанне». Але яго папярэднікам заўсёды чагосьці не ставала: уршулянкі з Мальты, якія не мелі вопыту выступленняў на вялікай сцэне, згубіліся перад больш вопытнымі канкурэнтамі; святары з Германіі рабілі ўхіл на знешні эфект ад выступлення — у выніку ў іх заяўцы быў бачны больш камерцыйны пасыл, чым евангелізацыйны.
Чытайце таксама:
- Законніца перамагла ў кулінарным рэаліці-шоў на амерыканскім ТБ
- Духоўныя асобы і сцэна: па слядах Крысціны Скучыі
Слухаючы ж песні падрэ Дам’яна, яму хочацца верыць. Хочацца верыць яго гісторыі: святара, які прысвяціў сваё жыццё Богу, але хоча падзяліцца атрыманым ад Бога талентам з іншымі. І ў гэтым яго козыр.
Падрэ Дам’ян разам з Тона Касада ў супрацоўніцтве з пяццю каталіцкімі рэперамі запісаў песню, якая суправаджала маладых іспанцаў у пілігрымцы на СДМ у Кракаў
«Калі вобраз Канчыты Вурст змог перамагчы, то чаму б за перамогу не пазмагацца і святару, тым больш што на конкурсе ацэньваюць твой талент?» — прызнаецца ў інтэрв’ю кс. Дам'ян.
Паводле яго слоў, той факт, што святар прымае ўдзел у «Еўрабачанні», якое сёлета пройдзе, лічы, у цэнтры Еўропы — у Кіеве, — можа быць вельмі значным, не кажучы ўжо пра тое, што гэта здзівіць і ўразіць. «Гэта можа быць вельмі прыгожая падзея, бо ў Еўропе вельмі шмат вернікаў», — заключае святар і ўсміхаецца.
Тым часам прыхільнікі творчасці святара ў інтэрнэт-каментарыях спадзяюцца на сумесны дуэт падрэ Дам’яна з с. Крысцінай Скучыяй. Я, відаць, таксама паслухаў бы такі дуэт. А вы?