Пошук


Рараты — адмысловыя святыя Імшы ў перыяд Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.

Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок.

Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.


Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету.

У Беларусь раратняя Імша прыйшла з Захаду, дзе была вядома ўжо ў XIII ст. Падчас гэтай Імшы запальваюць дадатковую свечку, якая называецца раратняй і з’яўляецца сімвалам Апякункі перадкаляднага чакання — Марыі. Найсвяцейшая Дзева з’яўляецца не толькі Апякункай чакання, але перш за ўсё прыкладам чакання і прыпадабнення Богу.


Раратка — сімвал Марыі, якая сярод змроку граху нясе свету Хрыста, праўдзівае Святло. Звычайна гэта свечка белага альбо светла-жоўтага колеру, перавязаная белай (ці блакітнай) стужкай і ўпрыгожаная зеленню ці ліліямі. У касцёлах раратку ставяць у сярэдзіну адвэнтавага вянка або пры алтары.

Белая стужка на раратняй свечцы нагадвае праўду аб чысціні і Беззаганным Зачацці Марыі, а зеляніна — колер надзеі — гэта знак, што Марыя прынесла свету Надзею ўсіх часоў і пакаленняў. Ліліі і блакітная стужка традыцыйна сімвалізуюць саму Багародзіцу.

Раратняя святая Імша цэлебруецца ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі і з’яўляецца следствам урачыстасці Звеставання (якая святкавалася з даўніх часоў 18 снежня).

Засяроджанне на Панне Марыі ў часе Адвэнту мае сваё важнае значэнне: дачка Ізраэля, Маці Езуса і Маці Касцёла вучыць нас сапраўднаму чуванню перад прыйсцем Бога. Яна разам са старазапаветным народам чакала прышэсця Месіі. Пасля звеставання, як будучая маці, цярпліва чакала ўзрастання новага Жыцця, якое прыносіць у свет збаўленне. Сёння, узятая на нябёсы, Багародзіца чакае разам з усім Касцёлам на зямлі і на небе другога прыйсця Суддзі справядлівага, узмацняючы Касцёл сваім заступніцтвам і апекаю.

Рараты — гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы. Раратняя Імша з’яўляецца знакам асаблівай прысутнасці Марыі падчас Адвэнту, бо менавіта яна чакала Збаўцу так, як ніхто іншы. Перажывала яна гэты час чакання як дачка Ізраэля, як Маці Езуса і як Маці Касцёла.



З 17 снежня распачынаем другую частку Адвэнту, адной з праяваў якой з’яўляецца адмысловы спеў на вячэрняй Літургіі гадзінаў сямі «О»-антыфонаў — такая назва вынікае з таго, што ўсе гэтыя антыфоны пачынаюцца з «о».

«О»-антыфоны складаліся на працягу самых першых стагоддзяў Касцёла. Пра іх згадвае Баэцый (пам. у 525 г.). У VIII стагоддзі яны ўжо выкарыстоўваліся ў Рыме. Усяго існуе сем гэтых адмысловых антыфонаў, тэксты якіх узыходзяць да габрэйскіх пісанняў Старога Запавету, да кніг Прарокаў і Прамудрасці. Яны ўтрымліваюцца ў Літургіі гадзінаў і ў старым Рымскім Брэвіярыі, які выкарыстоўваюць святары, манахі, кансэкраваныя панны і іншыя вернікі для сваёй штодзённай малітвы.

Цікавае назіранне: у гэтых антыфонах выкарыстоўваюцца наступныя лацінскія найменні Месіі: Sapientia (Прамудрасць), Adonai (Бог), Radix (Корань), Clavis (Ключ), Oriens (Усход), Rex (Цар) і Emmanuel (Эмануіл). Калі ўзяць першыя літары гэтых слоў і выбудаваць іх у зваротным парадку, атрымаецца EROCRAS — «Ero cras» («Я буду заўтра»).

Кс. Сяргей Сурыновіч,
фота Аляксандры Шчыглінскай


Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.