Святы апостал Пётр у Божым слове нагадвае нам: «Бог усялякай ласкі, які паклікаў вас да сваёй вечнай славы ў Хрысце Езусе, пасля таго як крыху пацерпіце, сам удасканаліць, загартуе, умацуе і зробіць вас непахіснымі» (1 Птр 5, 10).
Якім жа чынам зразумець «Бог усялякай ласкі»? У гэтых словах мы знаходзім адно з імёнаў Бога. У Святым Пісанні мы сустракаем шмат імёнаў: Ён ёсць Бог супакою, Бог надзеі, Бог усялякага суцяшэння, Бог ёсць любоў; Бог ёсць дарога, і праўда, і жыццё; тут апостал называе Яго Богам «усялякай ласкі». Такая назва пакрывае сабою ўсялякую нашу патрэбу. «Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю…» (2 Кар 9, 8).
Ад нас патрабуецца пакорлівасць Ягонай волі, спадзяванне на Яго любоў і міласэрнасць, каб заўсёды трываць каля крыніцы Яго бязмежнай, няспыннай, усепераможнай ласкі. Ніхто з нас не спазнае, што такое ласка, пакуль мы не навучымся спадзявацца на ўсепрабачаючую любоў Бога да нас у Езусе Хрысце.
Дабрыня, любоў, міласэрнасць Божая – гэта ўсё тыя ласкі, якіх мы не заслужылі ў жыцці. Бог любіць чалавека бескарысліва, без аніякай прычыны. Любоў Бога да чалавека не мае межаў. «Бог ёсць любоў» (1Ян 4, 16) – гэта Ягоная сутнасць, таму Ён проста любіць кожнага чалавека. Бог пераўзыходзіць чалавечую годнасць і абараняе нас, нягледзячы на розныя нашыя дасягненні або падзенні.
Ласка Божая дзейнічае ў нас не толькі тады, калі мы, абцяжараныя грахом і скрухаю, прыходзім да Бога першы раз, але і на ўсім нашым жыццёвым шляху. Кожную хвіліну нашага жыцця, калі мы ходзім у святле Ягонага Аблічча як Божыя дзеці, Божая ласка на нас сплывае і ўдасканальвае нас, каб мы, «заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы» (2 Кар 9, 8).
Галоўнае — не чыніць добрыя справы напаказ перад людзьмі, а перш за ўсё старацца рабіць іх з любові да Бога і бліжняга.
Вельмі цікава пра гэта кажа святая сястра Фаўстына: «Я буду хавацца ад людскіх вачэй, калі буду чыніць што-небудзь добрае, каб праз гэта сам Бог быў маёю ўзнагародаю. І як малая фіялка, схаваная ў траве, не раніць нагі чалавека, які яе топча, але, цалкам забываючы пра сябе, распаўсюджвае водар, імкнучыся зрабіць прыемнае таму, хто яе топча. Хоць для натуры гэта вельмі цяжка, але Божая ласка прыходзіць на дапамогу» (Дз. 255).
Вялікая моц Божай ласкі. «Ад нас патрабуецца толькі не супраціўляцца Божаму дзеянню» (Дз. 283).
Тым больш, сястра Фаўстына заўсёды дзякавала Богу за ўсе Яго шчодрыя ласкі, яна дзякавала не проста словамі, але сэрцам. Яна жыла ў духу падзякі.
«Дзякую Табе, Езу, за гэту вялікую ласку, што Ты даў мне зразумець усю бездань маёй мізэрнасці; ведаю, што я – бездань убоства, і калі б мяне не падтрымлівала Твая святая ласка, то ў адзін момант я ператварылася б у нішто. І таму кожным ударам сэрца я дзякую Табе, Божа, за вялікую міласэрнасць у адносінах да мяне» (Дз. 256).
Святая сястра Фаўстына, гледзячы на жыццё многіх людзей, заўважала, што многія з іх служаць Богу з пэўным недаверам і больш спадзяюцца на ўласныя сілы, чым на моц Божую. Але «гэтыя душы ўцякаюць з поля бітвы», калі сустракаюцца з рознымі цяжкасцямі ў жыцці. Для сябе яна ў жыцці зрабіла пэўны выбар: «…я не адступлю з поля бітвы, хоць смяротны пот выступіць на маім чале, я не выпушчу мяча з рукі, пакуль не спачну каля падножжа Святой Тройцы. Што б я ні рабіла, я разлічваю не на ўласныя сілы, але на Божую ласку. З Божаю ласкаю душа здольная пераможна прайсці праз найвялікшыя цяжкасці» (Дз. 287).
Таксама і нам, сучасным хрысціянам, неабходна вызначыць для сябе важныя жыццёвыя арыенціры – заўсёды старацца шукаць Божую волю і памятаць пра тое, што «…калі душа верная Божай ласцы, то за вельмі кароткі час яна можа дасягнуць найвышэйшай святасці, якой толькі магчыма дасягнуць стварэнню тут, на зямлі. Бог вельмі шчодры і нікому не адмаўляе ў сваёй ласцы – Ён дае больш, чым мы Яго просім. Вернасць у выкананні натхненняў Духа Святога – гэта самы кароткі шлях» (Дз. 291).
Аднойчы сам Езус Хрыстус скіраваў да сястры Фаўстыны словы, да якіх неабходна прыслухацца сёння і нам: «Я прагну аддаваць сябе душам і напаўняць іх сваёю любоўю, але мала ёсць душаў, якія хацелі б прыняць усе ласкі, прызначаныя ім Маёю любоўю. Мая ласка не прападае; калі душа, для якой яна прызначана, не прымае яе, то яе бярэ іншая душа» (Дз. 1017).
Таму неабходна маліцца і працаваць, змагацца, каб не змарнаваць у жыцці тыя Божыя ласкі, якімі так шчодра штодзённа нас адорвае Бог.
«…ласку Божую трэба прымаць так, як Бог яе спасылае, і такім чынам, якім Ён хоча, і што трэба яе прымаць у такім выглядзе, у якім Бог нам яе спасылае» (Дз. 715).
Калі сястра Фаўстына аднойчы малілася ў малой каплічцы, раптам яна ў адну хвіліну ўбачыла, як тая «малая каплічка ператварылася ў вялікую і прыгожую святыню». Тады яна ўбачыла Маці Божую з Дзіцяткам Езусам на руках. І, як распавядае святая Фаўстына на старонках свайго духоўнага Дзённіка: «У адно імгненне Дзіцятка Езус знікла з рукі Маці Божай, і я ўбачыла жывы вобраз укрыжаванага Езуса. Маці Божая сказала мне, каб я паступала так, як Яна: нягледзячы на радасць, заўсёды ўглядвалася ў крыж, і сказала, што ласкі, якія мне ўдзяляе Бог, прызначаныя не толькі для мяне, але і для іншых душаў» (Дз. 561).
«Я ведаю, што ласкі, якія мне ўдзяляе Бог, іншы раз прызначаныя выключна для некаторых душаў. Усведамленне гэтага напаўняе мяне вялікаю радасцю; я заўсёды радуюся дабру іншых душаў, як быццам сама ім валодаю» (Дз. 579), — заўважае сястра Фаўстына.
А сучасны ж чалавек, наадварот, замест таго, каб радавацца дабру бліжніх, вельмі часта пачынае зайздросціць, абгаворваць, беспадстаўна гневацца і абвінавачваць іншага. Пры гэтым увогуле забываецца аб тым, што несправядлівае абвінавачванне, абгаворы, зайздрасць – гэта цяжкія грахі, а грэх перашкаджае дзейнічаць Божай ласцы. Бог глядзіць не на аблічча чалавека, а на яго сэрца. Калі ж сэрца хрысціяніна будзе адкрытае на Божую дабрыню, любоў і міласэрнасць, то тады ў сэрцы запануе супакой і Божая радасць.
Варта нам навучыцца радавацца, радавацца дабру бліжніх, таму што да гэтага нас заклікае сам Бог. «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу. І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе» (Флп 4, 4-7). Бог кліча нас да сапраўднай радасці, а дасягнуць яе можна, цалкам давяраючыся Божай міласэрнасці і любові Усемагутнага Бога – у гэтым і ёсць простая мудрасць Божая.