Пошук

11.09.2016 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

Беларускія капуцыны на ўрачыстасцях у Будславе апошнія гады актыўна рэкламавалі «капучына ад капуцынаў». Знакаміты напой і сапраўды бярэ свой пачатак ад манахаў капуцынаў. Catholic.by пашукаў і знайшоў таксама іншыя вядомыя прыклады вынаходніцтваў манахаў.

Вынаходніцтва нумар 1: ноты

Знаёмы нам сёння запіс музыкі на паперу ў выглядзе нот упершыню выкарыстаў бэнэдыктынскі манах Гвіда д’Арэцца *(Гвіда Арэцінскі). Ён увёў гукарад з шасці частак, кожная з якіх атрымала імя -ut, -rе, -mi, -fa, -sol, -la.



Назвы былі ўзятыя з пачатковых складоў першых шасці слоў лацінскага гімна «Ut queant laxis» да Яна Хрысціцеля (да іх увядзення ў музыцы выкарыстоўваліся т.зв. неўмы):

UT queant laxis
REsonare fibris
MIra gestorum
FAmuli tuorum,
SOLve polluti
LAbii reatum
Sanctus Ioann

(Прыблізны пераклад):

Каб у поўны голас
Змаглі праславіць рабы
Тваіх учынкаў цуды
Здымкі грэх з (іх) вуснаў,
Святы Ян


Варта дадаць, што доўгі час выкарыстоўваліся толькі гэтыя шэсць нот. Сёмая частка была ўведзена толькі праз 500 гадоў, а яе назва -сі ўтворана ад «Sanctus Ioann» (святы Ян). Пры гэтым у Венгрыі і ЗША нота -сі гучыць як -ці.
Вынаходніцтва нумар 2: парода сабак «святога Бярнарда»

У XIX cтагоддзі сабакі-сенбернары былі ці не самай пазнавальнай у свеце пародай сабак-выратавальнікаў. Назва пароды паходзіць ад назвы кляштара св. Бярнарда ў Альпах, пабудаваным у адным з самых высокіх горных месцаў у Еўропе.



Менавіта там побач з небяспечным перавалам св. Бярнарда сенбернары былі выведзеныя манахамі аўгустынцамі, якія дапамагалі падарожнікам не згубіцца ў гарах падчас вялікіх снегападаў. У XVII стагоддзі манахі пачалі выкарыстоўваць сенбернараў для выратавання людзей, якія трапілі пад лавіну.

Так, аднаму з сенбернараў у 1899 г. у Парыжы нават паставілі помнік як сабаку, які за 12 гадоў у пачатку XIX стагоддзя выратаваў з-пад снежных лавін 41 чалавека.

Сёння сенбернары куды часцей выкарыстоўваюцца як вартаўнічыя сабакі. Праз іх буйны памер яны амаль не прыдатныя да ўтрымання ў гарадскіх кватэрах.

Вынаходніцтва нумар 3: стараславянскі алфавіт

Кірыл і Мятод, якія распрацавалі пісьменнасць на аснове стараславянскай мовы і вынайшлі першы стараславянскі алфавіт, былі не толькі роднымі братамі (малодшым і старэйшым у сям’і з сямю дзецьмі), але і праваслаўнымі манахамі.



Доўгі час заставалася дыскусійным пытанне, кірыліцу ці глаголіцу вынайшлі браты. Так, глаголіцу пэўны час нават лічылі тайнапісам, які з’явіўся пасля забароны кірыліцы.

Сёння ў лінгвістыцы пераважае думка, што першай была глаголіца. Большасць вучоных лічыць, што глаголіцу стварыў Кірыл (свецкае імя Канстанцін), а кірыліцу — яго вучань Клімент Ахрыдскі.
Вядома, што Кірыл з дапамогай свайго брата Мятода і вучняў выкарыстоўваў азбуку для запісу на стараславянскую мову Евангелляў, Псалтыра і іншых частак Бібліі, каб выкарыстоўваць іх для богаслужэнняў на стараславянскай мове.

Дарэчы, рускі першадрукар Іван Фёдараў таксама быў духоўнай асобай — дыяканам Рускай Праваслаўнай Царквы.

Вынаходніцтва нумар 4: акуляры

Вынаходніцтва акуляраў для зроку звязваюць з працай манахаў па перапісванні кніг. Згодна з адной з тэорый, стваральнікам акуляраў, якімі карысталіся ўжо на пачатку XIV ст., быў манах Алесандра Спіна з Пізы.



Дамініканін Джардана да Рыальта, захавальнік кляштарнай бібліятэкі дамініканаў у Фларэнцыі, называў вынаходніцтва Спіна «адным з лепшых і неабходных мастацтваў у свеце».

Цікава, што першапачаткова акуляры служылі толькі для карэкцыі дальназоркасці (т.зв. «акуляры для старых»). Дваякаўвагнутае шкло, якое магло б выпраўляць блізарукасць, з’явілася пазней і было вынайдзена выпадкова.

Першым выкарыстаннем акуляраў для блізарукасці (т.зв. «акуляры для маладых»), зафіксаваным дакументальна, лічыцца партрэт папы Льва Х, напісаны Рафаэлем у першай палове XVI ст. Пантыфік не бачыў удалечыню і таму, выпраўляючыся на паляванне, надзяваў акуляры.

Вынаходніцтва нумар 5: механічны гадзіннік

Кажуць, што гадзіннік прыдумалі, каб не спазняцца на святую Імшу. Прыпісваюць вынаходніцтва французскаму манаху Герберту дэ Арыла, які захапляўся астраноміяй і быў майстрам у механіцы.



Першы механічны гадзіннік з’явіўся ў Магдэбургу ў X стагоддзі. Ён знаходзіўся на вежы і сваю варту каля яго нёс часавы. У адпаведны час часавы біў у звон, нагадваючы жыхарам, якая гадзіна.

Невядома, калі дакладна механічны гадзіннік з’явіўся на беларускіх землях, але на тэрыторыі сучаснай Расіі вежавы гадзіннік з боем быў усталяваны толькі ў пачатку XV стагоддзя дзякуючы манаху Афонскага манастыра Лазару Сербіну.

Вынаходніцтва нумар 6: манекены

Першы манекен быў створаны ў фларэнційскім кляштары Сан Марко. Варта адзначыць, што гэта быў жаночы манекен, яго стваральнікам быў манах Бачыа, які змайстраваў манекен з дрэва і апрануў яго ў палатняную сукенку. Падзеі разгортваліся ў XVI ст.

На фота: манекен дзяўчыны, які выкарыстоўваўся для малявання

Доўгі час Бачыа пісаў карціны святых і займаўся роспісам касцюмаў на драўляных статуях апосталаў, святых і анёлаў. Аднойчы для больш поўнага роспісу фігуры анёла мужчына змайстраваў драўляную фігуру жанчыны, з якой змалёўваў контуры.

Кажуць, што тую фігуру майстар назваў манекенам. Мастакі-дэкаратары, якія распісвалі тканіну, перанеслі гэту назву на драўляныя падстаўкі для роспісу. Французскія мастакі ў сваю чаргу вымаўлялі гэтае слова як «манекін».

З цягам часу драўлянымі фігуркамі зацікавіліся і краўцы, якія пачалі выкарыстоўваць манекены для стварэння эскізаў адзення. Раней для гэтага служылі пап’е-машэ і манекены з воску, але гэты матэрыял не быў практычным. Гандаль у крамах, дзе на вітрыне былі выстаўлены манекены, ішоў куды лепш.

Вынаходніцтва нумар 7: адкрыццё генаў

Які колер вачэй атрымае дзіця, калі і маці і бацька блакітнавокія?

Ці могуць ад мужчын, якія паходзяць з сям’і, дзе былі блізняты, нарадзіцца блізняты?

Сёння такія задачы падлеткі вучацца рашаць у старэйшай школе, а ўпершыню разгадку на іх прадставіў манах аўгустынец.

Аўстрыйскі аўгустынец Грэгар Мендаль, які займаўся вывучэннем батанікі і біялогіі, у 1865 годзе прадставіў вынікі сваіх даследаванняў, якія пазней ускалыхнулі свет.

Шмат часу Мендаль прысвячаў даследаванням аб перадачы ў спадчыну прыкметаў пры скрыжаванні гароху.

Вучоны даказаў, што спадчынныя прыкметы не змешваюцца, а перадаюцца ад бацькоў нашчадкам у выглядзе адасобленых адзінак. Пазней гэтыя вынайдзеныя адзінкі ДНК  назавуць генамі, а вынаходніцтва стане прарывам у малекулярнай біялогіі.

Такім чынам, манах аўгустынец Грэгар Мендаль стаў заснавальнікам развітай сёння генетыкі.

Вынаходніцтва нумар 8: тэніс

Невядома, ці ў курсе Вікторыя Азаранка, Марціна Хінгіс і Серэна Уільямс, што іх любімым відам спорту ўпершыню пачалі займацца французскія манахі. Але менавіта ў Францыі прыдумалі гульню жэ-дэ-пом (jeu de paume, літаральна «гульня далонню»).



У французскіх кляштарах гэтай гульнёй бавілі час, перакідваючы мяч праз вяроўку ці сетку проста рукой. Пазней у гульню прыйшлі пальчаткі, біты і ракеткі. У жэ-дэ-пом гулялі не толькі ў адзіночку, але і цэлымі камандамі па 12 чалавек.

З цягам часу гульня стала папулярнай і ў дваранства — у адным толькі Парыжы, дзе сёння праводзіцца «Ралан Гарос», адзін з чатырох турніраў Вялікага шлему, ігральных залаў было больш за 200. Паступова перакідваннем мяча праз сетку захапіліся і ў іншых краінах. У жэ-дэ-пом гулялі нават каралі!

Такім чынам, менавіта жэ-дэ-пом стала першаасновай для такога спорту як вялікі тэніс.

Вынаходніцтва нумар 9: пармезан

Кулінарнае майстэрства манахаў не абмяжоўвалася толькі вынаходніцтвам папулярных сёння рэцэптаў для напояў з хмелю, або старанным вырошваннем вінаграду для вырабу віна. Сыр пармезан таксама быў вынайдзены ў кляштары! Яго прыдумалі айцы бэнэдыктыне.

Больш грубы ў параўнанні з іншымі гатункамі цвёрды сыр пармезан павінен быў перасцерагаць ад граху абжорства. Да таго ж ён мог захоўвацца значна даўжэй за астатнія сыры, што аблягчала працу манахам кухарам.

Датай вырабу першага пармезану называюць XII стагоддзе. Асноўным крытэрыем новага гатунка сыра павінен быў стаць вялікі перыяд яго захоўвання. І не дзіва: каб атрымаць пармезан, сыр павінен мець два гады (!) вытрымкі.

Сваю назву пармезан атрымаў ад назвы рэгіёна ў Італіі, дзе яго ўпершыню зрабілі. Да слова, неапалітанскае пірожнае, вядомае ў Беларусі як простая «слойка» ці «пясочнае сочыва» — таксама справа рук манахаў.

Што яшчэ?

Манахам прыпісваюць вынаходніцтва прыліўных мельніц, пораху, хранографаў, відэльца, фарбаў для пісьма на празрыстым шкле (для роспісу вітражоў), ружанца, брэвіярыя і іншых карысных рэчаў.

Падрыхтаваў Ілья Лапато

Абноўлена 21.06.2017 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця