У сваім блогу адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі працягвае разважаць над Апостальскай адгартацыяй папы Францішка «Хрыстус жыве», якая з’яўляецца своеасаблівым лістом да сучасных юнакоў і дзяўчат.
Дарагія браты і сёстры, любая моладзь!
Зноў прыйшла ў наш край восень, залатая восень! Так мы называем пару года, якая ўпрыгожвае золатам дрэвы. Аднак налятаюць вятры і неўзабаве зрываюць з дрэваў гэты іх прыгожы восеньскі ўбор…
Вятры ўвосень бываюць вельмі моцнымі, часам небяспечнымі. Пра тое, колькі бяды можа нарабіць гвалтоўны вецер, даведваемся з навін: паламаныя дзясяткі гектараў лесу, сарваныя стрэхі хат, паваленыя слупы і дарожныя знакі…
Час ідзе, прагрэс уздымаецца на новыя вышыні, але паведамленняў пра стыхійныя бедствы ва ўсім свеце не становіцца менш. Чалавеку застаецца толькі падлічваць страты. Міжволі задаемся пытаннем: ці магчыма было гэтага пазбегнуць, прадугледзець, асцерагчы?
Вядома, існуюць спецыяльныя службы, якія ў выпадку надзвычайных сітуацый робяць усё для таго, каб пазбегнуць ахвяр сярод людзей. А дрэвы? Кажуць, што лес вырасце, што дрэвам не баліць. А я чуў, як казалі некалі старэйшыя людзі, што «дрэва таксама плача».
Разглядаючы фотаздымкі з месцаў стыхійных бедстваў, мы можам бачыць не толькі агульную карціну знішчэння, на якой магутныя на погляд дрэвы ляжаць паламаныя, нібы запалкі. Часам на іх можна ўбачыць паасобныя дрэвы, якіх стыхія не закранула, хоць яны, на першы погляд, нічым не адрозніваюцца ад тых, што пацярпелі. Чаму так здараецца ў прыродзе?
У чацвёртым раздзеле Апостальскай адгартацыі «Хрыстус жыве» менавіта на гэтую тэму папа Францішак разважае:
«Часам я бачыў маладыя прыгожыя дрэвы, якія ўздымалі свае галіны да неба, імкнучыся заўсёды вышэй, і яны здаваліся мне песняй надзеі.
Пазней, пасля буры, я бачыў, як яны ляжалі, не маючы ў сабе жыцця. Гэта таму, што ў іх не было моцных каранёў.
Яны раскідвалі свае галіны, не пускаючы ў зямлю глыбокіх каранёў, таму не вытрымалі націску прыроды».
Працягваючы сваю думку, Святы Айцец кажа: «Мне вельмі балюча бачыць, што некаторыя прапануюць маладым людзям будаваць будучыню без каранёў, нібы свет пачаў існаваць цяпер».
Адкуль гэты неспакой і боль у сэрцы Папы? Бо «чалавек не можа развівацца без трывалых каранёў, якія дапамагаюць моцна стаяць на нагах і трымацца зямлі» (пар. ChV, 179). Пра гэта папа Францішак казаў таксама ў відэапасланні да моладзі падчас Сусветнай сустрэчы моладзі ў Панаме ў студзені 2019 года:
«Вярніцеся да каранёў, таму што з каранёў паходзіць сіла, якая дазваляе расці, квітнець і прыносіць плён».
Дарагія сябры, на жаль, у нашым жыцці здараецца нямала духоўных стыхійных бедстваў глабальнага, рэгіянальнага і асабістага характару, якія пакідаюць пасля сябе спусташэнне і раны на душы. Хоць чалавек далей жыве і рухаецца, аднак сэрца яго можа быць моцна параненым. Хуткай дапамогі пры гэтым ніхто не выклікае, бо раны на сэрцы не забінтуеш і не заклеіш пластырам.
На думку Айцоў Сіноду на тэму моладзі, які праходзіў у Рыме ў 2018 годзе, гэта здараецца з-за таго, што маладыя людзі скіраваны ў будучыню, падыходзяць да жыцця з энергіяй і дынамізмам, але часам маюць схільнасць звяртаць замала ўвагі на памяць пра мінулае, з якога паходзяць, і, у прыватнасці, на тыя шматлікія дары, перададзеныя ім бацькамі, бабулямі і дзядулямі; на культурную спадчыну грамадства, у якім яны жывуць (пар. ChV 187).
Папа Францішак сцвярджае, што свет ніколі не меў карысці і не будзе мець, калі разарве сувязь паміж пакаленнямі.
Аднойчы малы хлопчык назбіраў жменьку малінаў каля дзядулевай хаты. Бацька пахваліў малога: «Бачыш тата, — сказаў ён, звяртаючыся да дзеда, — якога маеш спрытнага ўнука: раз-два — і назбіраў». Стары таксама пахваліў унука, а сыну з усмешкаю сказаў: «Назбіраў бы ён, каб я не пасадзіў гэтую маліну раней…»
Браты і сёстры, гэта рэальны выпадак з жыцця, і мы можам падзяліцца падобнымі прыкладамі з нашага асабістага досведу.
Як кажуць, кроўная роднасць яшчэ не гарантуе любові. Тое, пра што мы чыталі ў школе, праходзячы твор Івана Тургенева «Бацькі і дзеці», сустракаем не толькі ў літаратуры, але і ў нашым жыцці. У такіх сітуацыях, калі ў сям’і няма згоды і разумення, мы жартуем, што на сям’ю, як і на горы, лепш глядзець здалёк, або што сям’я найлепш выходзіць на фота. Але ж такія жарты — толькі вартая жалю спроба прыхаваць праблему, якую неабходна вырашыць.
Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН арцыбіскуп Іван Юркавіч, які калісьці быў Апостальскім нунцыем у Беларусі, падчас 42-й сесіі Рады па правах чалавека сказаў:
«Цывілізацыя будзе развівацца, калі будзе шанаваць мудрасць старэйшых людзей».
Любая моладзь! Кажучы прасцей, калі нашыя продкі прайшлі праз гады вайны, рэлігійнага пераследу, гіперінфляцыі і іншых палітычных і эканамічных выпрабаванняў, але пры гэтым не згубілі веру, пабудавалі дамы, залячылі раны вайны, нарадзілі дзяцей і сёння маюць, што паставіць на стол, то нам варта да іх прыслухоўвацца і ў іх вучыцца. Карысна дазваляць пажылым людзям расказваць доўгія аповеды, піша папа Францішак, якія часам здаюцца міфічнымі, фантастычнымі: гэта мары пажылых людзей, вельмі часта поўныя каштоўнага досведу, яскравых сімвалаў, схаваных пасланняў (пар. ChV 194).
Маю надзею, што моладзь таксама будзе згодная з гэтым. Таму размаўляйце з бабулямі і дзядулямі, запытайцеся ў іх пра іх мары аб нас яшчэ да нашага нараджэння. Можа, гэта акурат тое, пра што вы самі не адважваецеся сказаць сваім бацькам. У асобе бабулі і дзядулі юнакі і дзяўчаты могуць мець аднадумцаў і нават хадайнікаў у сваіх жыццёвых інтарэсах.
Папа Францішак кажа: «Існаванне сувязі паміж пакаленнямі азначае, што супольнасць можа мець калектыўную памяць, бо кожнае пакаленне пераймае досвед сваіх папярэднікаў, пакідаючы тым самым спадчыну сваім нашчадкам» (пар. ChV 191).
Дарагія сябры, перад намі вялікія выклікі, і мы зможам іх пераадолець толькі сумесна, аб’яднаўшы вопыт і энтузіязм — усё лепшае, што маюць розныя пакаленні. Нездарма народная мудрасць гаворыць:
«Калі б малады ведаў, а стары мог, не было б нічога, чаго чалавек зрабіць не змог».
Любыя бабулі і дзядулі, трымайцеся! Вы нам патрэбныя. Гэта нічога, што вы ўжо не можаце самі схадзіць па хлеб у краму ці прыбраць у кватэры. Вашая ўсмешка, якую мы бачым у вакне ў пахмурны дзень, вяртаючыся дамоў, — гэта моцная падтрымка для нас, маладых.
Так, часам адна лагодная ўсмешка можа стварыць атмасферу любові ў доме. Скажыце маладым людзям, якія носяць у сэрцы спалучаныя між сабою гераічныя амбіцыі і страх, што жыццё без любові пазбаўлена плоднасці. Падтрымайце іх і дайце ім упэўненасць у тым, што яны могуць перамагчы сваю трывогу за будучыню і даць адказ на ўсе жыццёвыя выклікі. Навучыце маладых, што больш радасці ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць, і што любоў праяўляецца не ў словах, а ва ўчынках (пар. ChV 197).
Жыццядайная сіла чалавецтва ў сувязі пакаленняў, таму давайце паклапоцімся пра свае «карані».