Пошук

15.09.2019 09:38   Catholic.by
Фота а. Аляксандра Махнача SP

Дарагія браты і сёстры, пілігрымы па зямных шляхах і ў духоўным вандраванні, вось і завяршыўся сезон пілігрымак 2019 года.

На дарогах да будслаўскай святыні, тракельскай і лагішынскай, браслаўскай і бялыніцкай да наступнага лета не сустрэнеш гэтых нястомных вандроўнікаў, маладых узростам і ўжо дасведчаных, але маладых сэрцам, з крыжам наперадзе, з заплечнікамі і сцягамі, з песняй і малітвай на вуснах. Мазалі на нагах загаіліся, загар паволі знікае, а пра стомленасць ужо ніхто з іх і не памятае.

За хлеб і кубак вады дзякуюць нашым гасцінным людзям пілігрымы Экуменічнай пешай пілігрымкі Беласток – Вострая Брама, самы доўгі этап якой праходзіць па тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны.

Фота Віктара Ведзеня

Дзякуй Богу, што ёсць на нашай зямлі гэтыя намоленыя санктуарыі і святыя месцы, куды вандруюць вернікі, каб сустрэцца з ласкаю Бога.

Аднак, на жаль, сёння з вуснаў адказных за пілігрымкі можна пачуць не толькі сведчанне духоўнай радасці ад пройдзенага шляху, але і заклапочанасць.

Маўляў, з кожным годам змяншаецца лічба пілігрымаў, усё менш і менш тых, хто дзеліцца верай на шляху пешай вандроўкі да святыняў.

Разам з тым развіваюцца і новыя ініцыятывы, такія, як аўта- і авіяпілігрымкі далёка за мяжу, пілігрымкі на роварах, на матацыклах і па вадзе, пакаянныя пілігрымкі з посным устрыманнем… Хто ведае, якімі яшчэ новымі шляхамі павядзе чалавека Дух Пана на сустрэчу з Ягонай ласкай?

Фота Васіля Цітова

Памятаю, як я спытаўся ў аднаго маладога пілігрыма: «Чаму не ідзеш у пілігрымку?» Дадаў пры гэтым, што яго талент і здольнасці вельмі патрэбныя ў пешай вандроўцы, бо юнак добра спявае і грае на гітары. Пачуў адказ у вельмі сучасным моладзевым стылі: «Пешая пілігрымка — гэта пройдзены этап».

Дарагія сябры, я сам не магу сябе назваць актыўным пілігрымам (але гэта — іншая гісторыя) і таму сёння юнакам і дзяўчатам, якія лічаць для сябе пілігрымкі «пройдзеным этапам», адказваю словамі пілігрымаў з вопытам.

Кардынал Конрад Краеўскі, папскі элемазінарый — той, хто адказвае за духоўныя даброты Касцёла, — нягледзячы на свой высокі статус, ужо на працягу дзесяцігоддяў штогод ідзе ў пешай пілігрымцы. Ён пры гэтым кажа, што кожная пілігрымка для яго — першая.

Пілігрымка, на яго думку, гэта не пакрыццё новых кіламетраў, гэта нават не пераадоленне сваіх фізічных абмежаванняў.

«Пілігрымка — гэта дарога ў адпаведным кірунку, час на роздум і разважанне над тым, чым для мяне з’яўляецца Касцёл, якое месца я займаю ў гэтай супольнасці. Пілігрымка — гэта вызнаванне маёй веры, і гэта — самае важнае», — лічыць кардынал Краеўскі.

Кардынал Конрад Краеўскі ў пілігрымцы. Фота: niedziela.pl

І дадае:

«І ў пілігрымцы, і па жыцці трэба ісці ў рытме Евангелля. Важна, каб рухацца ў адпаведным кірунку і несці ў сэрцы і на далоні Бога, каб дзяліцца Ім з іншым чалавекам».

А для моладзі, якая толькі марыць аб «пілігрымкавых рэкордах», адказвае пілігрым са стажам, 84-гадовая Ганна з Экуменічнай пешай пілігрымкі Беласток – Вострая Брама: «Я іду і адчуваю, што ўжо не магу ісці хутчэй, нароўні з моладдзю, аднак разумею, што мой павольны крок дапамагае сабрацца з думкамі, што немагчыма ўсё жыццё лётаць навыперадкі, хто хутчэй. Размераны рытм дапамае лепш усвядоміць, хто я і што зрабіла, а таксама колькі ўсяго не паспела».

Фота Аляксандры Шчыглінскай

А яшчэ пілігрымка — гэта ўпэўненасць у бяспечным супольным шляху разам з іншымі, у вялікай сям’і спадарожнікаў. Гэта жарты з аднагодкамі, слуханне апавяданняў старэйшых, прыняцце цяжкасцяў і дзяленне радасці ўсёй вандроўнай групы. Пра гэта піша ў Апостальскай адгартацыі «Хрыстус жыве» Святы Айцец Францішак, які дадае, што пілігрымка — гэта навука вандраваць з іншымі (гл. ChV 29).

«Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды»

(Лк 1, 39).

Гэтыя словы гавораць пра падарожжа Найсвяцейшай Панны Марыі да сваёй сваячкі Альжбеты, у якое Яна скіравалася, каб падзяліцца сваёю радасцю: Сын Божы пад Яе сэрцам. Марыя разумее, што Богам трэба дзяліцца, несці Яго ў кожнае месца, да кожнага чалавека (пар. Лк 1, 26–38).

Фота Васіля Цітова

Пілігрымка — гэта таксама пошук Бога, супольны шлях са Святой Сям’ёй: Езусам, Марыяй і Юзафам у Ерузалем на свята Пасхі, куды бацькі Езуса хадзілі штогод (пар. Лк 2, 41).

Дарагія сябры! Дык ці ж завяршыўся пілігрымкавы сезон 2019 года?.. Не, не завяршыўся!

Неспакойнае сэрца чалавека, піша святы Аўгустын, пакуль не наталіцца Богам. Таму жадаю вам, дарагія сёстры і браты, менавіта такога «аўгустынава» неспакою сэрца.

Не спыняйцеся, пілігрымуйце кожны дзень, шукайце Бога і дзяліцеся Богам і такім чынам пашырайце нашую каталіцкую сям’ю Беларусі праз удзел у катэхэзе, моладзевых сустрэчах, частай споведзі і Камуніі, нядзельняй святой Імшы, ружанцовых колах і «маргарытках» малітвы за святароў і сясцёр, Легіёну Марыі і Трэцім ордэне свецкіх і г.д.

Папа Францішак, знаходзячыся з Апостальскім візітам на Мадагаскары, прасіў моладзь Мадагаскара: «Не зачыняйцеся ў сваім „маленькім свеце“, у коле сям’і, блізкіх асобаў, пагоні за ўладай і грашыма, але ўзніміце позірк угору, пастаўце не сябе, а Бога ў цэнтр уласнага жыцця і такім чынам адкрывайцеся для братоў».

Сябры, ідзіце па жыцці ў рытме Евангелля, у якім Езус заахвочвае нас: «Ідзіце і навучайце» (пар. Мц 27, 19).

Няхай Хрыстус крочыць перад вамі, каб вас весці,
за вамі, каб вас сцерагчы,
і пасярод вас, каб вас благаслаўляць.

Фота Віктара Ведзеня

Абноўлена 16.09.2019 01:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця