Пакора і цярплівасць – найважнейшыя цноты хрысціянскай дасканаласці. Святы апостал Павел у Пасланні да Каласянаў заклікае: «Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць...» (Клс 3, 12).
Душы пакорныя – найбольш благаслаўлёныя Богам, таму што пакора чалавека ўзвышае, а пыха, наадварот, прыніжае. Хаця ж на першы погляд можа ў сучасным жыцці здавацца, што чалавек ганарысты, пыхлівы лягчэй дасягае пэўных поспехаў. Але гэта – тыповая ілюзія. Божае слова нам кажа менавіта пра гэта: «Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку. Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас. Наблізьцеся да Бога – і Ён наблізіцца да вас. (..) Прынізьцеся перад Панам – і Ён узвысіць вас» (пар Як 4, 6–10).
Сястру Фаўстыну Бог узвысіў за яе пакору і прыніжэнне, узвысіў да ўзроўню святасці, сам Бог узнёс яе на алтар.
У сваім Дзённіку «Божая міласэрнасць у маёй душы» святая Фаўстына, звяртаючыся да Езуса, вельмі якрава апісвае, наколькі велічная і шчаслівая пакорная душа, якая спазнала прыніжэнне:
«О мой Езу, няма нічога лепшага для душы, як прыніжэнні: у пагарджанасці ёсць таямніца шчасця, калі душа спазнае, што сама па сабе яна – мізэрнасць і ўбоства, а ўсё, што ў ёй ёсць добрага, - гэта толькі дар Божы; калі душа бачыць, што ўсё ёй дасталося задарма, а сама яна валодала толькі ўбоствам, то гэта ўтрымлівае яе ў пастаяннай упакоранасці перад Веліччу Божаю, а Бог, сузіраючы душу ў такім стане, спасылае ёй свае ласкі. Калі душа паглыбляецца ў прорву сваёй мізэрнасці, Бог выкарыстоўвае сваю ўсемагутнасць, каб яе ўзвысіць. Калі існуе на зямлі сапраўды шчаслівая душа, то гэта толькі па-сапраўднаму пакорная душа.
Спачатку з гэтай прычыны шмат церпіць яе любоў да сябе, але пасля мужнай барацьбы Бог удзяляе душы шмат святла, з дапамогаю якога яна ўсведамляе, якое ўсё мізэрнае і падманлівае. Адзін толькі Бог у яе сэрцы; пакорная душа не давярае сама сабе, але звяртае свой давер да Бога. Бог абараняе пакорную душу і сам пранікае ў яе справы, а душа тады прабывае ў найвялікшым шчасці, якога ніхто не можа зразумець» (Дз. 593).
Божая любоў мае бясконцую вартасць. «О, якімі неспасцігальнымі ласкамі адорвае Бог душу, якая Яго шчыра любіць. О, шчаслівая душа, якая ўжо тут, на зямлі, цешыцца Яго асаблівымі ласкамі, а гэта душы сціплыя і пакорныя», – кажа святая Фаўстына (Дз. 778).
Душа па-сапраўднаму пакорная й ціхая
Ужо тут, на зямлі, раем дыхае,
А водарам яе пакорнага сэрца
Захапляецца сам Створца (Дз. 1222).
Сястра Фаўстына старалася ўдасканальвацца духоўна, імкнучыся да святасці, таму так палюбіла мізэрнасць. Для сябе яна зрабіла такія пастановы: «Ніколі нікога не асуджаць, на іншых глядзець паблажліва, а на сябе – сурова. Усё аддаваць Богу, а ў сваіх вачах быць тым, кім я ёсць, - найвялікшым убоствам і мізэрнасцю. У цярпеннях быць цярпліваю і спакойнаю, ведаючы, што з часам усё праміне» (Дз. 253).
Шчаслівы не той чалавек, які сам сябе ўзвышае, а каго Бог узвысіць у пэўны час, таму што чалавечая хвала – прамінае, а Божая хвала трывае праз вякі. Таксама і цярпенні чалавечыя прамінаюць, а душа, якая засталася вернай Богу ва ўсіх жыццёвых выпрабаваннях – будзе вечна цешыцца Божай прысутнасцю.
Аднойчы, калі сястру Фаўстыну атуліла Божая веліч, яе душа спазнала, што, нягледзячы на тое, што Бог вялікі, Ён любіць пакорныя душы, і «чым глыбей душа прынізіцца, тым Пан ласкавей да яе набліжаецца, цесна яднаючыся з ёю, Ён узвышае яе ажно да свайго трону. Шчаслівая душа, якую Пан сам абараняе. Я зразумела, што толькі любоў мае вартасць, любоў – гэта веліч, нішто не можа параўнацца з адным актам чыстай любові да Бога – ніякія справы» (Дз. 1092).
З вуснаў святой сястры Фаўстыны ліецца прыгожая малітва. Яна моліцца не толькі вуснамі, але і сэрцам:
«Дабро найвышэйшае, я прагну любіць Цябе так, як яшчэ ніхто на зямлі Цябе не любіў. Я прагну праслаўляць Цябе кожным імгненнем майго жыцця і сваю волю цесна яднаць з Тваёю святою воляю. Маё жыццё не манатоннае і шэрае, а разнастайнае, як сад з духмянымі кветкамі, ажно сама не ведаю, якую кветку найперш сарваць: ці лілею цярпенняў, ці ружу любові да бліжняга, ці фіялку пакоры» (Дз. 296).
«О Езу мой, Жыццё, Дарога і Праўда, прашу Цябе, трымай мяне каля сябе, як маці трымае малое дзіця каля сваіх грудзей, бо я не толькі бездапаможнае дзіця, але збор мізэрнасці і марнасці» (Дз. 298).
«Дзякую Табе, Езу, за гэтую вялікую ласку, што Ты даў мне зразумець усю бездань маёй мізэрнасці; ведаю, што я – бездань убоства, і калі б мяне не падтрымлівала Твая святая ласка, то ў адзін момант я ператварылася б у нішто. І таму кожным ударам сэрца я дзякую Табе, Божа, за вялікую міласэрнасць у адносінах да мяне» (Дз. 256).
Сястра Фаўстына разумее, што без Божай дапамогі і падтрымкі яна сама нічога не можа, а ў жыцці на кожным кроку, ва ўсіх справах яе падтрымлівае толькі Божая міласэрнасць.
Сам Езус Хрыстус гэта пацвярджае ў Святым Пісанні: «...без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5), а таксама кажа: «…навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29).
Святая сястра Фаўстына параўноўвае цноту пакоры з найпрыгажэйшай кветкай і робіць акцэнт на тым, што няшмат людзей валодае пакораю: «О пакора, прыгожая кветка, я бачу, як мала душаў валодае табою, - ці таму, што ты такая прыгожая і разам з тым цябе цяжка здабыць?» (Дз. 1306). І прыходзіць да высновы, што так і ёсць.
На жаль, пакорных людзей няшмат у сучасным свеце. А ўсё менавіта з-за таго, што чалавек увесь час кудысьці спяшаецца; у штодзённай мітусні не можа адшукаць цішыню ў глыбіні сваёй душы; замест таго, каб спыніцца, памаліцца, паразважаць, ён часта раздражняецца, гневаецца; не можа іншым разам прамаўчаць, калі нехта яго абражае і зневажае; не можа прабачыць сваім крыўдзіцелям; зайздросціць поспехам іншых, параўноўвае сябе з іншымі, імкнецца ўзвысіцца над бліжнімі. У такім стане чалавек не заўважае прысутнасці Бога ў сваім жыцці.
Чалавеку здаецца, што толькі ён сам здольны вырашаць свае складаныя жыццёвыя пытанні. Калі штосьці добра складваецца, удаецца, тады ён забываецца нават падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі, а як здараецца нешта дрэннае, калі прыходзяць сапраўдныя выпрабаванні, то пачынае наракаць на Бога. Тады чалавек звычайна кажа: «Гэта Бог мяне за нешта моцна пакараў». На самой жа справе не Бог пакараў, а сам чалавек пакараў сябе праз грэх. Вельмі часта менавіта праз грэх непрабачэння чалавек сам закрывае сваю душу на міласэрнасць Бога Усемагутнага. Калі глыбока ў сэрцы ён мае крыўду на бліжняга, доўгі час не можа і не жадае прабачыць, то сам таго часта не разумее, што праз грэх непрабачэння сам сябе аддзяляе ад Божай любові. А ўсё бярэ пачатак ад граху пыхі, адсутнасці пакоры і цярплівасці. Ганарысты чалавек не мае сапраўднай Божай радасці і супакою ў сэрцы.
Прыкладам сапраўднай пакоры, цярплівасці, супакою з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя. Сястра Фаўстына звяртаецца да Яе: «О найчысцейшая і найпакорнейшая Дзева, дапамажы мне здабыць глыбокую пакору» (Дз. 1306). «Цяпер я разумею, чаму так мала святых, - таму што мала глыбока пакорных душаў», – кажа яна.
Падчас выпрабаванняў ганарысты чалавек не можа згадзіцца з тым, што ён мізэрны, а Бог - вялікі і ўсемагутны. Такі чалавек не ў паўнаце разумее, што жыццё – гэта змаганне, а перамагчы ў такой барацьбе можна толькі, калі цалкам даверыцца міласэрнаму Богу.
Праз сябе Фаўстына кажа: «У цяжкасцях, якія я перажываю, я нагадваю сабе, што час змагання не скончыўся, узбройваюся цярплівасцю і такім чынам перамагаю свайго праціўніка» (Дз. 509).
Душа пакорная і цярплівая – моцная, таму што яе моцаю ёсць моц Божая. Святая сястра Фаўстына заўсёды і ва ўсім давярала міласэрнаму Збаўцу, разумеючы, што яна – слабы грэшны чалавек, праз прыніжэнні знайшла ключы да Божага сэрца, а гэта – пакора і цярплівасць.
Таму сэрцам і душою з вялікім даверам яна просіць Езуса: «Езу, Праўда Справедвечная, умацуй мае слабыя сілы. Ты, Пане, усё можаш. Я ведаю, што мае намаганні нішто без Цябе. О Езу, не хавайся ад мяне, бо я не магу жыць без Цябе. Пачуй маленне душы маёй; не вычарпалася, Пане, міласэрнасць Твая, а таму злітуйся над мізэрнасцю маёю. Міласэрнасць Твая пераўзыходзіць розум і Анёлаў, і людзей, і хоць мне здаецца, што Ты мяне не чуеш, аднак давер свой я ўсклала на мора Тваёй Міласэрнасці і ведаю, што надзея мая не будзе падманутая» (Дз. 69).
Калі аднойчы сястра Фаўстына папрасіла Езуса навучыць яе дасканаламу духоўнаму жыццю, Збаўца адказаў ёй: «Я быў, ёсць і буду тваім Настаўнікам; старайся, каб тваё сэрца прыпадобнілася да Майго пакорнага і ціхага сэрца. Ніколі не заяўляй аб сваіх правах. Усё, што цябе напаткае, перанось з вялікім спакоем і цярплівасцю; не бараніся, калі цябе будуць незаслужана сарамаціць; дазволь трыумфаваць іншым. Не пераставай быць добраю, калі заўважыш, што тваёю дабрынёю злоўжываюць; калі будзе патрэбна, Я сам заступлюся за цябе. Будзь удзячная за найменшую Маю ласку, бо гэтая ўдзячнасць змушае Мяне ўдзяляць табе новыя ласкі…» (Дз. 1701).
І сапраўды, чым больш чалавек дзякуе Богу, прычым шчыра, ад чыстага сэрца, тым больш ён атрымлівае. Бог шчодра благаслаўляе, абсыпае ўдзячныя душы сваімі святымі дарамі. Так ёсць, таму што ўдзячнае чалавечае сэрца адкрывае Божае сэрца, з якога струменяць прамяні бескарыслівай любові і бязмежнай міласэрнасці.
Таму для хрысціяніна, каб быць па-сапраўднаму шчаслівым, неабходна штодзённа практыкавацца ў цнотах пакоры, цярплівасці і навучыцца сэрцам і душою за ўсё дзякаваць міласэрнаму і любячаму Богу.
Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова