Прапануем вашай увазе новы цыкл відэа пад вымоўнай назвай «Школа малітвы» на нашым youtube-канале.
Калі патрэба малітвы ў жыцці хрысціяніна не выклікае сумневаў, то прапанова «сесці за парту» можа выглядаць не вельмі прывабнай. Яшчэ адна школа? Зноў нам раскажуць, як трэба і правільна? Ды яшчэ папракнуць за нядбайнасць?
Насамрэч, гэта было б зусім нескладана зрабіць, бо дасканаласць межаў не мае, як вядома. Але такой мэты мы не ставім. Калі чалавек моліцца як можа і ўмее, то гэта ўжо вялікая справа, якая прыносіць карысць і яму, і Касцёлу, таму любыя ацэнкі былі б недарэчнымі.
Тым не менш, праўда і тое, што ў малітоўным жыцці хрысціяне пакліканыя да ўзрастання. Вось у чым мы і спадзяемся быць вам карыснымі.
Што адбываецца з маёй малітвай? Ці яна змянілася з часоў дзяцінства? Ці паглыбляюцца мае адносіны з Богам?
Запрашаем паразважаць разам, задаць сабе простыя практычныя пытанні і знайсці свае адказы, якія будуць адпавядаць умовам і магчымасцям рэальнага жыцця. Мы пагаворым аб розных формах і спосабах малітвы, каб падзяліцца багатай традыцыяй Касцёла і натхніць на ўласныя пошукі, спробы і ўзрастанне.