Пошук

10.08.2019 10:10   Тэкст: Ганна Блюшч, Ірэна Ахрамовіч / Фота: Ніна Бабіч, Паліна Барадзевіч, Юля Ахрамовіч / Catholic.by

Ужо адгрымелі Музычная майстэрня, Малітоўная сустрэча моладзі і парафіяда, у Івянцы зноў ціха і спакойна, але рэха ў сэрцах удзельнікаў засталося.

Сёлетняя сустрэча моладзі праходзіла на тэму: «Рэха сіноду: моладзь, вера, пакліканне». Быццам павуцінкай, уся сустрэча іскрылася Адгартацыяй папы Францішка Christus Vivit. Аб гэтым сведчыла таксама і прысутнасць аніматараў у адметных майках #моладзь_для_моладзі. Сваімі ўражаннямі і думкамі ад перажытага ў Івянцы падзяліліся некаторыя з іх.

Ян Корабаў: Пачну з таго, што гэта быў мой першы вопыт у якасці аніматара; раней я нават не ведаў значэння гэтага слова. Калі мне прапанавалі быць аніматарам разам з усёй моладдзю мінскай катэдры, то, здаецца, я адразу згадзіўся і пасля не пашкадаваў аб гэтым.

На працягу малітоўнай сустрэчы я быў адказны за намёт «Нябесная канцылярыя». У гэтым намёце можна было запісаць інтэнцыі на святую Імшу, а таксама пакінуць запіс у кнізе заўваг і прапаноў.

У «Нябесную канцылярыю» ўсіх удзельнікаў сустрэчы павінен быў таксама прывесці квэст, бо адным з заданняў быў рэбус, разгадкай якога была назва нашага намёта. Справіўшыся з рэбусам, удзельнікі маглі ў нашым намёце выбраць, якім чынам яны могуць служыць супольнасці: прачытаць чытанне або малітву вернікаў на Імшы, несці дары падчас Імшы, запісаць сваю інтэнцыю на Ружанец і пасля гэтага памаліцца адну таямніцу ва ўсіх пададзеных інтэнцыях.

Без аніматараў МСМ выглядала б зусім па-іншаму… Калі будзе магчымасць быць аніматарам у наступным годзе, то я ім буду.

 

Ніна Бабіч: Я не першы год прыязджаю ў Івянец, і тут заўсёды знаходжу супакой і асабліва адчуваю сустрэчу з Богам. Цяпер, калі я была аніматарам, пачуццё не змянілася, але з’явілася больш адказнасці.

Гэтым разам, лётаючы з камерай і гледзячы на ўсё як быццам з боку, я яшчэ больш пераканался ў тым, што служэнне Богу і людзям — гэта выдатна!

Эльвіра Юхневіч: Было весела. Але і папрацаваць таксама давялося!

Ганна Блюшч: Вера мёртвая без учынкаў…Досвед быць аніматарам дазволіў крыху наблізіцца да гэтай праўды. Бо любіць значыць служыць. Здаецца, усё зразумела і нават лёгка. Што тут такога: любі бліжняга свайго, як сябе — і ўсё…

Цяпер я магу сказаць дакладна, што для меня Любоў — гэта не назоўнік, а дзеяслоў; дзеяслоў складаны і вельмі нялёгкі для выканання і дасягнення, які пастаяна кліча да дзеяння і прымушае зноў і зноў падымацца і штосьці рабіць; дзеяслоў, які дазваляе адчуць сябе вартым і патрэбным для свету.

Гэта разуменне, што, нават калі ты і слабы і нешта ў цябе не атрымліваецца, але ты гэта можаш, толькі трэба працаваць далей і далей. І цяпер я разумею: любіць вельмі складана, але толькі так адчуваеш сябе паўнавартасным чалавекам і маеш усё, каб ажывіць веру ўчынкамі.

Улад Дарошка: Калі ў мяне хтосьці запытаецца: «Валанцёрства ў Івянцы — як гэта было?», то адказам не будзе слова «лёгка» альбо яго сінонімы. Наадварот, гэта была сапраўдная праца, праца на працягу цэлага паўгоддзя.

Тэма МСМ — «Рэха Сіноду: моладзь, вера, пакліканне». Асноўнай думкай мы абралі ідэю служэння, распазнання свайго паклікання і дасягенння шчасця праз служэнне. І першай думкай былі словы са Старога Запавету, з кнігі прарока Ісаі: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Прарок адказвае сваё «так» Нябеснаму Айцу, калі Ён пытаецца: «Каго мне паслаць?» Няўжо ж не ў гэтым сэнс хрысціянскага жыцця, каб адказаць сваё «так», калі Бог звяртаецца да нас?..

Гэтыя тры дні былі вельмі напружанымі, але замест стомленасці я адчуваў нейкую палёгку, нібы няма ніякай штодзённасці, не было да гэтага працоўнага тыдня, і я там, дзе трэба. Калі мы рыхтавалі МСМ, то было шмат розных думак і ідэй, якія хацелася рэалізаваць.

Адной з такіх ідэй стаў квэст з сямі заданняў. Было цяжка прыдумаць, што будзе ўзнагародай для ўдзельнікаў пасля выканання ўсіх заданняў. Адказ знайшоў нас сам: чалавек атрымае духоўнае багацце, далучыцца да супольнасці, склаўшы кветку з сямю пялёсткамі і сваім імем на фінальнай дэкарацыі, знойдзе новых сяброў, атрымае магчымасць праверыць самога сябе на вытрымку, крытычны склад розуму, веданне Бібліі і Катэхізісу і ўсміхнецца ад вуха да вуха.

Было важна данесці да моладзі, што Бог кліча кожнага, што для кожнага ёсць «месца», дзе чалавек будзе шчаслівы, што дастаткова адказаць сваё «так» , каб служыць нашаму Айцу і бліжняму.

Квэст закранаў духоўныя, фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці моладзі. Недастаткова было выканаць заданні: трэба было яшчэ паразважаць над самой загадкай да гэтага задання, бо яны не былі проста пададзены на паперцы, а ўтрымлівалі нейкі намёк ці нейкую загадку да задання.

Адным з заданняў было далучыцца да вячыстай Адарацыі, але гэта было магчыма, толькі калі узнавіць у памяці веды па Катэхізісу, Бібліі і… матэматыцыі. А на самой Адарацыі ўдзельнік мог знайсці пялёстак і Слова Божае. Гэта толькі ў межах квэсту. Галоўная мэта была іншай. Мы хацелі, каб малады чалавек прыйшоў да Пана не за пялёсткам, але каб затрымаўся на хвілінку, прыпыніў празмерна хуткі тэмп уласнага жыцця і паслухаў тое, што кажа Бог.

Таксама была падрыхтавана адпаведная фотазона, дзе, знайшоўшы новага сябра і зрабіўшы з ім фотаздымак, удзельнік атрымліваў пялёстак. Хрысціянскае сэрца, сэрца веруючага чалавека адкрыта не толькі для Бога, але і для бліжняга. Спазнаць сябе і свой шлях немагчыма без іншай асобы, бо кожны чалавек у нашым жыцці накіроўвае нас у той ці іншы бок.

Падчас МСМ працавалі тэматычныя намёты: «Майстэрня святога Юзафа», «Нябесная канцылярыя», «Войска святога Міхала Арханёла», «Ок, святы Антоній». Кожны намёт меў назву, якая адпавядала пэўнай функцыі.

«Ок, святы Антоній» — палатка рэгістрацыі, а таксама інфармацыі. Там можна было атрымаць бэйджык, важную для ўдзельніка інфармацыю, а, магчыма, і падказку ад аніматараў на заданні квэсту.

«Нябесная канцылярыя» працавала як сакрыстыя пад голым небам. Але там не толькі можна было запісаць інтэнцыю на св. Імшу. Можна было і атрымаць пялёстак, калі прымеш удзел у св. Імшы, прачытаўшы чытанне ці малітву вернікаў альбо змесціш ружу са сваёй інтэнцыяй на Ружанцы і возьмеш абавязак памаліцца адну таямнічку Ружанца ва ўсіх інтэнцыях.

«Войска святога Міхала Арханёла» выконвала функцыю службы парадку, а таксама было часткай квэсту, яго спартыўнай часткай. Цяжка было ўначы, калі нястомныя ўдзельнікі парушалі спакой у намётавым гарадку, але ўсе мы ведаем, што гэта толькі ад таго, што мы, маладыя людзі, маем шмат энергіі, якую не паспелі патраціць за дзень. Таму ў суботу была прадугледжана «паласа іспытаў». Кожнаму ўдзельніку, каб атрымаць пялёстак, неабходна было справіцца з чатырма выпрабаваннямі. Некаторыя пры гэтым ставілі «рэкорды дня». Гэта было весела, але не ведаю, каму больш: аніматарам ці ўдзельнікам…

«Майстэрня святога Юзафа» на працягу суботы рабіла з моладдзю дары, якія сімвалізавалі моладзь, веру і пакліканне і былі прадстаўленны падчас Імшы ў нядзелю. За ўдзел у падрыхтоўцы дароў моладзь атрымлівала яшчэ адзін пялёстак.

Пасля МСМ засталося пачуццё, што штосьці не было скончана да канца. І ведаю, што гэта мая энергія, мой запал, мае думкі і маё натхненне, якія маю намер рэалізоўваць далей, бо хачу служыць і быць шчаслівым, таму што служу іншым.

Ірэна Ахрамовіч: МСМ у Івянцы — гэта цудоўны час для супольнай малітвы, а таксама для вясёлых забаў з сябрамі. Самым запамінальным і кранальным момантам была працэссія з дарамі падчас святой Імшы ў нядзелю. Моладзь прынесла тры зробленыя ўдзельнікамі МСМ дары, якія сімвалізавалі моладзь, веру і пакліканне.

Моладзь была прадстаўлена дарам у выглядзе малюнку, зробленага адбіткамі нашых пальцаў, што паказвае: разам мы — супольнасць.

 

Сімвалам веры быў дар, зроблены з цвікоў. Цвік моцна трымаецца ў дрэве, так як і мы павінны моцна трымацца Езуса Хрыста. Сімволіка МСМ складаецца з крылаў і мяча святога Арханёла Міхала — асаблівага апекуна Касцёла на Беларусі, імя якога азначае «Хто як Бог».

Компас — сімвал распазнання жыццёвага паклікання пад кіраўніцтвам Святога Духа. Каб рэалізаваць сваё пакліканне, неабходна развіваць, узрошчваць і даглядаць усё тое, што мы маем, адкрываць сябе ў Божым святле і даць расквітнець уласнаму існаванню.

Абноўлена 18.05.2020 13:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця