Пошук

29.07.2019 13:19   Тэкст: а. Яўген Голуб OFMConv / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Відэа: Віталь Жартун / Catholic.by

Уяві сабе, што ты знаходзішся ў старым, прыгожым, поўным святла касцёле, прымаеш удзел у святой Літургіі, навокал сотні дзве-тры маладзёнаў з засяроджанымі тварамі слухаюць гамілію. I раптам, у той момант, калі павінен заспяваць арганіст, пасля далікатнага знаку дырыжора нараджаецца сугучча галасоў...

Яно навокал, яно ахоплівае ўсіх прысутных, літаральна пагружае іх у змест і прыгажосць спеву, які з'яўляецца расповедам пра любоў Бога да чалавека. Літургія ззяе новымі фарбамі, кожны жэст напаўняецца глыбінёй і павагай. Музыка вакол цябе, яна ўзносіцца аж да скляпення святыні, уздымаючы і цябе ўгару...

 

«Усё пачалося з даволі смешнай гісторыі, — распавядае а. Лех Баханэк OFMConv, ініцыятар і арганізатар "Майстэрні". — Я шукаў інструменты для хлопцаў з нашай парафіі, якія хацелі граць у гурце. Не хапала нам толькі барабанаў, з гэтым было найбольш клопату. Адзін з нашых айцоў у Польшчы пазнаёміў мяне са спадаром Янам Паспяшальскім, кажучы, што той ведае шмат музыкаў і, напэўна, дапаможа.

Мы сустрэліся ў яго дома падчас Божага Нараджэння, і там пасля доўгай размовы прыйшлі да высновы, што ўжываныя барабаны атрымалася б дзесьці знайсці, але ёсць магчымасць нечага іншага — служэння польскай моладзі братам і сёстрам з Беларусі».

Яна Паспяшальскага, вядомага польскага музыку, журналіста і тэлевядучага, уразілі не толькі босыя ногі францішканіна, але і яго непасрэднасць ды адкрытасць на супрацоўніцтва, таму Ян стрымаў свае словы і з групай энтузіястаў варшаўскага хору з парафіі св. Тамаша прыехаў першы раз у Івянец у 2003 годзе. Вось як ён сам узгадвае пра гэта:

«На нашую першую сустрэчу прыехала каля ста чалавек. Надвор'е нам тады не спрыяла: увесь тыдзень ліў дождж, таму мы былі "вымушаныя" знаходзіцца разам і працаваць. Паволі мы пачалі вучыць нашых новых сяброў: шмат з тых, хто прыехаў, не ведалі нотаў, таму вучылі па чарзе ледзь не кожную ноту. Але гэтая праца не была дарэмная, бо падчас выступу новаўтворанага хору "Майстэрні" перад івянецкай публікай некаторыя слухачы ўзрушана плакалі.

За першы музычны тыдзень мы настолькі зблізіліся са сваімі беларускімі сябрамі, што ў выніку "Майстэрня" стала штогадовай музычнай падзеяй».

I сапраўды, не злічыць, колькі маладых людзей дзякуючы штогадовым сустрэчам у Івянцы захапіліся прыгажосцю спеву, іншымі вачыма сталі глядзець на літургічную музыку, атрымалі імпульс да ігры на разнастайных інструментах, а галоўнае — знайшлі супольнасць аднадумцаў, якія праз хараство гукаў шукаюць Аўтара гэтай прыгажосці.

Звычайны летні дзень...

На вуліцы каля трыццаці па Цэльсію, а апоўдні вакол кляштара францішканаў, месца, здавалася б, зацішнага, адусюль льецца музыка. Пад навесам група маладзёнаў б’е наўзахваткі ў джэмбе. Адчуванне, што ты не ў 60 км ад Мінска, а дзесьці ў афрыканскай вёсцы ці, хутчэй, на вулічных танцах у Буэнас-Айрэсе. Не-не — і ногі самі пачынаюць танцаваць. «Зараз паспрабуем яшчэ адзін папулярны паўднёваамерыканскі рытм», — Нікадэм Паспяшальскі, перкусіяніст з Варшавы, натхняе сваіх вучняў.

Непадалёк, у кляштарным рэфекторыі (ці, кажучы звычайна, сталоўцы) каля дваццаці гітарыстаў у чаканні: сёння іх будуць вучыць асновам блюзавай імправізацыі. Для некаторых з іх гэта першае знаёмства з новым музычным стылем, таму хвалююцца.

Госпел і джаз, асновы гармоніі, новыя рытмы, цікавыя знаёмствы і абмен досведам, бо «Майстэрня» — гэта перадусім форум, дзе няма лепшых і горшых, дзе кожны можа як вучыцца, так і дзяліцца ўласным музычным майстэрствам.

Кожны вечар «Майстэрні» — гэта асобная падзея: тут і кілаваты радасці канцэртаў праслаўлення, і цішыня паміж медытацыйнымі спевамі на традыцыйнай ужо адарацыі ў стылі Тэзэ, і вечар талентаў, падчас якога не перастаеш дзякаваць Пану за нашую адораную беларускую моладзь. Завязваюцца знаёмствы, нараджаюцца гурты і музычныя праекты (пэўна, не зграшу, калі сцверджу, што амаль кожны з беларускіх каталіцкіх музычных гуртоў прынамсі раз наведаў Івянец). А напрыканцы дня, ва ўтульнай кавярні «У францішканаў» гучыць жывы джаз, а кожны з гасцей «Майстэрні» ў цёплай сяброўскай атмасферы можа выпіць філіжанку латэ, пагутарыць «за жыццё» ці нават паджэмаваць з музыкамі.

Мая «Майстэрня» — гэта... Гэта толькі некалькі ўражанняў, замалёвак, што першыя прыходзяць у галаву на ўспамін леташняй «Майстэрні». Для мяне асабіста гэта не проста сустрэча, падрыхтоўкай да якой жывеш цэлы год, альбо магчымасць убачыць старых знаёмых і атрымаць асалоду ад іх музычнага майстэрства.

Мая «Майстэрня» — гэта нагода глыбей уразіцца прыгажосцю святой Літургіі, гэта сапраўдная «школа», дзе вучышся не толькі спяваць і граць, але, як належыць сапраўднаму хору, шанаваць і цаніць кожную асобу як непаўторны дар.

Гэта працяг нашай васьмівекавой францішканскай харызмы — заўважаць прыгажосць і дабро ва ўсім, хвалячы Створцу ў супольнасці. Гэта месца, дзе моладзь пачынае верыць у свае здольнасці, сустрэча, якая ўжо падарыла і, безумоўна, яшчэ падорыць нашай Радзіме шмат цудоўных хрысціянскіх музыкаў. Але перадусім — месца сустрэчы чалавека з Богам, які любіць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа