11 ліпеня ва ўсіх краінах Старога Свету, у тым ліку і ў Беларусі, адзначаецца свята святога Бэнэдыкта — апекуна Еўропы. З гэтым святым звязаны найбольш папулярны ў Касцёле Крыж з экзарцызмам, які абараняе ад усялякага духоўнага зла.
Практычна ў кожным кіёску, дзе можна набыць прадметы рэлігійнага прызначэння, знойдуцца выявы так званага Крыжа святога Бэнэдыкта, выкананыя ў форме крыжыкаў, медалікаў, уставак у ружанцы і нават бірулек для ключоў. Вялікая папулярнасць гэтых выяваў звязана перадусім з тым, што на Крыжы святога Бэнэдыкта змешчаны найбольш вядомы экзарцызм — малітоўная формула, якая абараняе чалавека ад сатаны і ўсялякага зла, якое можа пашкодзіць душы і целу.
Крыж святога Бэнэдыкта належыць да каталіцкіх сакрамэнталіяў.
Сакрамэнталіямі (не блытаць з сакрамэнтамі!) называюцца рэлігійныя прадметы або дзеянні, якія з пэўным падабенствам да сакрамэнтаў выкарыстоўваюцца ў Касцёле для дасягнення духоўнага плёну, аздараўлення для душы і для цела і гэтак далей. Сакрамэнталіі — гэта прадметы: медалікі, шкаплеры, а таксама дзеянні: благаслаўленне, знак крыжа, намашчэнне, пасыпанне попелам, экзарцызмы, ускладанне рук і шмат іншых.
Моц і плённасць сакрамэнталіяў дасягаецца дзякуючы няспыннай малітве Касцёла. Гэта ні ў якім выпадку не «амулет», які механічна забяспечвае патрэбны вынік.
На Крыжы святога Бэнэдыкта на пярэднім баку (аверсе) змешчаны сімвалы і надпісы, звязаныя з жыццём айца заходняга манаства святога Бэнэдыкта Нурсійскага. З адваротнага боку (на рэверсе) мы бачым выяву крыжа з першымі літарамі найбольш папулярнай малітоўнай формулы экзарцызму.
Традыцыя звязвае паходжанне Крыжа са святым Бэнэдыктам.
Ён спалучаны з ласкамі і благаслаўленнем і прызначаны для таго, каб абараняць людзей ад духоўных і фізічных небяспекаў, асабліва звязаных з чарамі, атрутаю і спакусамі злога духа.
Паводле падання, у ХІ стагоддзі адбылося цудоўнае аздараўленне маладога чалавека, укушанага ядавітаю змяёю. Ніякія сродкі яму не дапамаглі, і юнак быў ужо ў агоніі. Раптам яму з’явіўся старац, у якім паміраючы пазнаў святога Бэнэдыкта. Той дакрануўся да ягонай раны крыжам, які трымаў у руках, і ўкушаны ачуняў.
Пасля гэтага малады чалавек стаў манахам, а праз пэўны час быў абраны Папам і прыняў імя Льва ІХ. Ён распаўсюджваў культ святога Бэнэдыкта, а пасля смерці таксама быў абвешчаны святым.
Папа Бэнэдыкт XIV у 1742 годзе ў дакуменце ў форме папскага брэвэ зацвердзіў выявы і тэксты, якія павінны быць змешчаны на Крыжы святога Бэнэдыкта.
У адпаведнасці з папскім дакументам, на пярэднім баку змешчана выява святога Бэнэдыкта, апранутага ў манаскае адзенне з каптуром. У правай руцэ манах трымае крыж, а ў левай — кнігу, статут Ордэна. Вакол яго пададзены надпіс на лацінскай мове: Crux sancti patris Benedicti — «Крыж святога айца Бэнэдыкта». Каля ног святога знаходзіцца воран і мітра — сімвал улады манаскага абата.
З адваротнага боку на Крыжы святога Бэнэдыкта ў цэнтры павінна быць выява крыжа, а паміж яго плячыма — лацінскія літары CSPB, скарот пададзенага вышэй надпісу.
Над крыжам павінна быць змешчана манаграма Езуса IHS (грэцк. IHΣΟΥϚ), альбо крыжык.
На вертыкальнай бэльцы крыжа знаходзяцца літары CSSML, якія расшыфроўваюцца: Crux Sancta Sit Mihi Lux — «Крыж святы няхай будзе мне святлом», а на гарызантальнай бэльцы літары NDSMD: Non Draco Sit Mihi Dux — «Няхай цмок (маецца на ўвазе злы дух) не будзе маім правадыром». Вакол крыжа справа ідуць літары VRSNSMV, якія расшыфроўваюцца: Vade Retro Satana, Numquam Suade Mihi Vana — «Ідзі прэч (адыдзі), сатана, не спакушай мяне да марнасці», а злева SMQLIVB, што азначаюць: Sunt Mala Quae Libas, Ipse Venena Bibas — «Злое ты прапануеш, сам пі атруту».
У 1880 годзе, калі адзначалася 1400-годдзе з дня нараджэння святога Бэнэдыкта, з’явілася новая версія Крыжа, якая нязначна адрозніваецца ад апісання, пададзенага ў брэвэ папы Бэнэдыкта XIV.
Так, на аверсе з’явіўся келіх са змяёй, якая з яго выпаўзае, пад кнігаю — воран побач з боханам хлеба, а за святым Бэнэдыктам — штосьці накшталт алтара. Новыя элементы сімвалізуюць матывы з жыцця святога. Вакол выяваў змешчаны надпіс на лацінскай мове: Eius in obitu nostro praesentia muniamur — Няхай яго прысутнасць абараняе нас у хвіліну адыходу (смерці)».
Рэверс быў графічна перапрацаваны з захаваннем усіх скарачэнняў. Толькі манаграма Езуса была заменена лацінскім словам PAX — «супакой», што з’яўляецца разам з заклікам Ora et labora — «Маліся і працуй» — адным з дэвізаў ордэна бэнэдыктынаў. Такую замену тлумачаць тым, што ў тэксце экзарцызму няма непасрэднага звароту да Хрыста, з-за чаго Яго манаграма абавязкова павінна была б прысутнічаць на Крыжы святога Бэнэдыкта.