Пошук

Кароль Генрых VІІІ

Пачатак Рэфармацыі ў Англіі адносяць да 1534 года і выдання Акта аб супрэматыі, або вярхоўнай уладзе караля над Касцёлам. Аднак вытокі гэтых падзей належыць шукаць у самым пачатку XVI стагоддзя.

У 1503 г. кароль Англіі Генрых VII Цюдор звярнуўся да папы Юлія ІІ за дазволам на шлюб свайго малодшага сына Генрыха з Кацярынай Арагонскай, удавой прынца Уэльскага Артура, які памёр у хуткім часе пасля заключэння сужэнства. Кацярына Арагонская была дачкой Фердынанда і Ізабэлы, каралёў-заснавальнікаў іспанскай дзяржавы. Калі саюз Кацярыны і Артура павінен быў садзейнічаць англа-іспанскаму збліжэнню, то шлюб з новым прынцам Уэльскім Генрыхам адбыўся таксама і з-за імкнення караля гарантаваць працяг дынастыі Цюдораў.

Папа дазволіў гэты шлюб, але ўжо ў 1514 г. сталі з'яўляцца чуткі аб тым, што Генрых VIII збіраецца пакінуць Кацярыну з-за яе няздольнасці падарыць кароне нашчадка мужчынскага полу. У караля не было сына, але была дачка Марыя. Тым не менш, у Англіі на той момант не было ніводнай правячай каралевы. Лічылася, што, калі трон зойме жанчына, то дынастыя Цюдораў і дзяржаўная бяспека апынуцца пад пагрозай.

Адсутнасць нашчадка Генрых VIII у многім звязваў з абставінамі свайго шлюбу з Кацярынай Арагонскай як удавой свайго старэйшага брата. Чуткі пра нявернасць караля пастаянна луналі ў паветры.

Паралельна з гэтымі падзеямі ў кантынентальнай Еўропе набіраў моц працэс Рэфармацыі. Ужо ў 1520-я гады лютэранства стала пранікаць у Англію, але да пачатку 1530-х гг. лічылася ерассю. Пачыналася ўсё са сходаў кембрыджскіх навукоўцаў у адной з гарадскіх тавернаў, дзе абмяркоўваліся надзённыя для Англіі праблемы. Іх ідэі ў многім супадалі з ідэямі Лютэра.

Папа Юлій ІІ

Сам кароль у 1521 годзе ўступіў у палеміку з Лютэрам, напісаўшы трактат «Зацвярджэнне сямі Сакрамэнтаў супраць Марціна Лютэра». У напісанні гэтай працы ўдзельнічаў даволі вядомы Томас Мор. За свой трактат Генрых VIII атрымаў ад Папы званне «Абаронцы веры». Тытул «Абаронцы веры» не павінен быў атрымлівацца ў спадчыну. Аднак з таго часу ён стаў пастаянна выкарыстоўвацца каралеўскай сям'ёй. Лютэр празваў Генрыха «каралём хлусні».

Сам жа Генрых ніколі не сімпатызаваў лютэранству. Акрамя таго, вясной 1521 года кардынал Уолсі публічна спаліў кнігі Лютэра побач з саборам святога Паўла. Пазней з'явілася каралеўская пракламацыя «Супраць ілжывых кніг і ерасяў».

Ключавую ролю ў гісторыі англійскай Рэфармацыі адыграў скандал аб разводзе Генрыха і Кацярыны Арагонскай. У 1527 годзе кароль усур'ёз задумаўся аб скасаванні шлюбу і пачаў наймаць навукоўцаў, каб тыя даследавалі прэцэдэнты і дапамаглі яму дабіцца прызнання сужэнства несапраўдным. Быў складзены спіс аргументаў на карысць разводу караля, Генрых называў яго «Нашай кнігай». Да падобных дзеянняў яго штурхала не толькі адсутнасць нашчадка, але і пачуцці да Ганны Балейн, якая ўваходзіла ў склад світы Кацярыны Арагонскай.

Генрых VІІІ і Ганна Балейн

Для таго, каб прызнаць шлюб несапраўдным, кароль звярнуўся да Папы. Той апынуўся ў надзвычай складанай сітуацыі: Кацярына Арагонская даводзілася роднай цёткай імператару Карлу V, пад кантролем якога знаходзілася значная частка Еўропы. Папа абраў тактыку зацягвання рашэння, што ў выніку стала прычынай для разрыву Англіі з Рымам. Ён заявіў, што не можа прыняць рашэнне, не выслухаўшы абодва бакі.

У 1528 годзе, нягледзячы ні на што, поўным ходам ішла падрыхтоўка да вяселля Генрыха і Ганны Балейн. Уплывовы у кембрыджскім асяродку дзеяч Томас Кранмер прапанаваў каралю спыніць безвыніковыя перамовы з Рымам і вырашыць пытанне аб несапраўднасці шлюбу, звярнуўшыся напрамую да навукоўцаў з лепшых універсітэтаў Еўропы.

Лічылася, што калі яны выкажуцца на карысць караля, то Папу давядзецца прыняць рашэнне, якое задавольвала Генрыха. Гэтае мерапрыемства было не цалкам паспяховым. Парыж, Балонья і яшчэ шэсць універсітэтаў падтрымалі англійскага караля, а вось Падуя, Феррара, Венецыя — не. Акрамя таго, Пуацье і Саламанка ўсталі на бок Кацярыны Арагонскай. Хадзілі чуткі, што нават у Оксфардзе не падтрымліваюць караля.

Да 1529 года кардынал Уолсі перастаў быць давераным чалавекам караля ў сувязі з раскрытай інфармацыяй аб тайнай перапісцы кардынала і Папы. У кастрычніку таго ж года яго абвінавацілі ў тым, што ён ставіць інтарэсы Папы вышэй за інтарэсы караля.

У 1529 годзе пачаў працу «Парламент рэвалюцыі», у якім засядалі прыхільнікі каралеўскай палітыкі. Гэты парламент прыняў шэраг дакументаў, якія аслаблялі ўладу Папы ў Англіі. Першым з іх стаў «Акт аб абмежаванні выплаты аннатаў». У «Акце аб абмежаванні апеляцый да Рыма» была прадстаўлена аргументацыя, на аснове якой меркавалася весці барацьбу за вызваленне Англіі ад улады Папы. Аднаўлялася дзеянне статута 1279 года аб абмежаванні росту касцёльнага землеўладання.

Парламент устанавіў новы парадак прызначэння на біскупскія і арцыбіскупскія кафедры. Цяпер патрабавалася згода караля і арцыбіскупа Кентэрберыйскага на заняцце вольнага месца. Арцыбіскуп, склаўшы з сябе паўнамоцтвы папскага легата, стаў лічыцца проста главой англійскага духавенства. Англія перастала выплачваць дынарый Святога Пятра, які з гэтага часу стаў перадавацца ў каралеўскую казну.

Так была завершана падрыхтоўка да прызнання англійскага караля главой Касцёла і секулярызацыі касцёльных земляў, што адкрывала перспектыву канфіскацый. Парламент, дваране і гараджане спадзяваліся прыняць у іх удзел. Нездарма менавіта ў гэты час узніклі велізарныя маёнткі дваран, прыбліжаных да караля. Пачалося закрыццё кляштараў. Да 1533 года ў Ланкашыры было закрыта некалькі кляштараў, як і Олдгейцкае абацтва ў Лондане і кляштары ў раёне Іпсвіча і Оксфарда. Генрых усталяваў шэсць новых біскупстваў.

Томас Кранмер, стаўшы біскупам Кентэрберыйскім, прызнаў шлюб Генрыха і Кацярыны незаконным. Адразу ж пасля гэтых падзей адбыўся шлюб караля і Ганны Балейн. Аднак у сакавіку 1534 г. Папа абвясціў шлюб Кацярыны Арагонскай і Генрыха VIII усё яшчэ сапраўдным. У Англіі слова «Папа» пачалі выдаляць з усіх малітоўнікаў.

Калі Пантыфік і ўзгадваўся, то толькі ў якасці Біскупа Рыма. У лістападзе 1534 года з'явілася забарона на прамовы супраць караля і каралеўскай сям'і. Лічылася здрадай называць караля, напрыклад, ератыком, схізматыкам і тыранам.

З'явіўся тэкст прысягі новаму закону аб пераходзе ў спадчыну трона, які зацвярджаў каралеўскія правы Ганны Балейн, другой жонкі караля, і яе нашчадкаў. Усе члены духавенства Лондана і Вестмінстэра, акрамя духоўніка Кацярыны Арагонскай, а таксама Томаса Мора і біскупа Джона Фішэра, падпісалі гэты дакумент. У тэксце прысягі змяшчалася формула адрачэння ад папскай улады, як улады іншаземнага валадара.

Адмовіўшыся прыносіць прысягу новаму закону аб пераходзе ў спадчыну трона, Мор і Фішэр былі пасаджаны ў Таўэр.

Пры гэтым Томас Мор не выступаў супраць правоў нашчадкаў Генрыха і Ганны Балейн на трон, але не мог згадзіцца з тым, што папярэднія акты парламента з'яўляюцца сапраўднымі, і, у тым ліку, не мог адмаўляць аўтарытэту Папы.

Пакаранне смерцю Мора і Фішэра разглядалася як варварскі акт у каталіцкіх краінах Еўропы. Пазней яны былі абвешчаны святымі Каталіцкага Касцёла.

Томас Мор сустракае сваю дачку пасля вынясення яму смяротнага прысуду

Канчатковае зацвярджэнне каралеўскага верхавенства над Касцёлам было абвешчана «Актам аб супрэматыі». Пасля з'яўлення гэтага акта Папа наклаў інтэрдыкт і адлучыў Генрыха ад Касцёла.

У 1536 годзе па асабістым распараджэнні Генрыха быў створаны «Камітэт Рэфармацыі». Яго члены павінны былі прадставіць праект новага Сімвалу веры, асноўныя палажэнні якога былі выпрацаваны ў форме «Дзесяці артыкулаў». У 1537 годзе быў створаны дакумент у форме катэхізіса пад назвай «Епіскапская кніга». Гэты дакумент прадэманстраваў жаданне пратэстантаў працягваць пераўтварэнні ў галіне веравучэння і культу.

Такім чынам, Рэфармацыя ў Англіі пачалася з устанаўлення Англіканскай Царквы, якая з'яўлялася дзяржаўнай. Англійскі абсалютызм супрацьпаставіў сябе Каталіцкаму Касцёлу. І хаця ў гэтай краіне меў месца працэс Контррэфармацыі, звязаны з імем Марыі Цюдор, дачкі Генрыха VIII і Кацярыны Арагонскай, дзяржаўная ўлада выбрала шлях падтырымкі англіканства, не цураючыся пераследу католікаў.

Абноўлена 30.10.2017 14:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.