У Старым Запавеце народ абраны называе Нябеснага Айца Бог Сабаот. Патлумачце, калі ласка, адкуль такое імя, што яно азначае?
Імя Бог Сабаот сустракаецца 279 разоў у Старым Запавеце і 2 разы ў Новым. Напэўна, найбольш блізкі і вядомы нам фрагмент з кнігі прарока Ісаі, які ўжываецца у літургіі святой Імшы: «Святы, Святы, Святы, Пан Бог усемагутны (Сабаот). Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй» (пар. Іс 6, 3).
Габрэйскае слова «сабаот» — гэта назоўнік множнага ліку, які найчасцей перакладаецца як войска. Што цікава, паводле некаторых біблістаў, гэта заўсёды добра арганізаванае і дысцыплінаванае войска. У некаторых месцах Святога Пісання імя Бог Сабаот ужываецца як азначэнне Бога, які кіруе ізраільскім войскам (пар. 1 Сам 17, 45). У іншых месцах так называецца той, хто сядзіць над Херувінамі і кіруе войскам анёльскім.
У кожным выпадку, аднак, гэтае імя ўказвае на магутнасць Бога. Варта заўважыць, што ў часы з’яўлення кніг Старога Запавету магутнасць кіраўніка любой імперыі ці краіны ў многім залежала менавіта ад велічыні яго войска. Таму ў грэчаскім перакладзе габрэйскага тэксту (Септуагінта) імя Бог Сабаот часта ўжываецца ў значэнні «Бог Магутны».
Кс. Дзмітрый Леўчык — святар Гродзенскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.
Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».