Пошук

25.07.2019 16:18   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Фота: https://0.allegroimg.com / Catholic.by

Апошні час у Беларусі, падобна як і ва ўсім свеце, усё больш набірае, а лепей будзе сказаць — адраджае сваю папулярнасць крыж альбо сам медальён святога Бэнэдыкта. Яго вельмі часта называюць таксама бэнэдыктынскім крыжам ці проста крыжам з медальёнам святога Бэнэдыкта.

Гэта крыж у выглядзе лацінскага крыжа, а ад «звычайнага» ён адрозніваецца тым, што мае ў сабе медальён св. Бэнэдыкта.

Павагу і цікавасць да гэтага крыжа ва ўсім свеце можна патлумачыць і тым, што яго ахвотна выкарыстоўваюць экзарцысты падчас малітваў аб вызваленні, бо на медальёне размешчаны кароткі экзарцызм, напісаны святым Бэнэдыктам.



На аверсе медальёна знаходзіцца сам святы Бэнэдыкт, які трымае ў правай руцэ крыж, які ён сам вельмі часта ўшаноўваў, а ў левай — кнігу, што сімвалізуе статуты ордэну. На гэтым жа баку можна пабачыць на тарцы надпіс: Eius in obitu nostro praesentia muniamur (Няхай яго прысутнасць абараняе нас у момант смерці).

Ля постаці святога — надпіс: Crux sancti patris Benedicti (Крыж Святога Айца Бэнэдыкта). Ніжэй гэтага надпісу па правай руцэ святога знаходзіцца келіх, з якога выпаўзае змяя. Гэта вобраз, які сімвалізуе келіх з атрутай, дадзены яму ворагамі.

На той жа вышыні па левай руцэ святога — крумкач з распасцёртымі крыламі ідзе побач з хлебам. Гэта напамін пра іншую падзею з жыцця св. Бэнэдыкта. Ён загадаў крумкачу схаваць атручаны хлеб, які павінен быў забіць манаха.


На другім баку медаля знаходзіцца вялікі крыж. Над ім бачны дэвіз бэнэдыктынскага ордэну: Pax — супакой. На чатырох палях вакол крыжа размешчаны літары:

C S P BCrux Sancti Patris Benedicti (Крыж Святога Айца Бэнэдыкта), а на бэльках крыжа, зверху ўніз:
C S M LCrux Sacra Sit Mihi Lux (Крыж святы няхай будзе мне святлом)
і па гарызанталі: N D S M DNon Draco Sit Mihi Dux (Д'ябал (літаральна: цмок) няхай не будзе мне правадыром).

На тарцы медальёна размешчаны надпіс. Літары справа:

V R S N S M V — S M Q L І V B:
Vade retro Satana, Numquam Suade Mihi Vana — Sunt Mala Quae Libas, Ipse Venena Bibas (Святлом няхай будзе мне крыж святы, і ніколі правадыром цмок пракляты. Адыдзі прэч, сатана, дух гневу, ніколі не спакушай мяне да марнасці. Дрэнна тое, што ты прапануеш мне. Сам пі сваю атруту!).

Абноўлена 26.07.2019 22:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа