«Карытас» Індыі шукае валанцёраў, якія належаць да розных рэлігій. Гэтая каталіцкая дабрачынная арганізацыя мае 20 тысяч валанцёраў-католікаў, якія дапамагаюць жыхарам краіны, у тым ліку ў сферах аховы здароўя, навакольнага асяроддзя і знішчэння гандлю людзьмі.
Некаторыя пазаўрадавыя арганізацыі прапаноўваюць «Карытас» кароткатэрміновую дапамогу ў крызісных сітуацыях — такіх, як натуральныя катастрофы — напрыклад, у выглядзе харчавання.
Выканаўчы дырэктар «Карытас» Індыі кс. Фрэдэрык Дэ Суза падкрэслівае, што дабрачынная дзейнасць задавальняе кароткатэрміновыя патрэбы людзей і ў той жа час ставіць іх у залежнасць ад яе. «Нам патрэбны змены ў грамадстве, а не залежнасць людзей», — сцвярджае святар.
Каб прыйсці да такіх зменаў, «Карытас» Індыі ініцыявала праграму пашырэння сваёй базы валанцёраў з асобаў, якія не належаць да Касцёла, так, каб замест 20 тысяч за пяць гадоў іх было мільён. «Валантарыят існуе ў розных рэлігіях», — гаворыць старшыня «Карытас» Індыі біскуп Люмэн Мантэйра з дыяцэзіі Агартала.
«Нашым пакліканнем як хрысціянаў з’яўляецца таксама падтрымка еднасці», — заўважыў Мігель Валлас з Міжнароднага Карытас. Ён прызнаў, што не кожны мае грошы, якія можа ахвяраваць на дабрачынную дзейнасць. «Але ўсе мы можам ахвяраваць свой час. Нават малы жэст дапамогі можа змяніць свет», — падкрэсліў Валлас.