Марк Цукерберг падчас публічнага выступлення падкрэсліў, якую ролю выконвае ў яго жыцці малітва. Выступленне аднаго з заснавальнікаў Facebook адбылося ў Гарвардскім універсітэце і было скіравана да студэнтаў.
Прамова датычыла пошуку сэнсу жыцця і будавання такога свету, у якім кожны чалавек атрымае магчымасць гэтую мэту знайсці. Цукерберг падкрэсліў, што сітуацыя, у якой знаходзяцца сёння маладыя людзі, з’яўляецца цяжэйшай за тую, у якой былі іх бацькі:
«У тыя часы, калі нашы бацькі заканчвалі школу, сэнс іх жыцця задаваў касцёл, супольнасць або праца, сёння ж тэхналогіі і аўтаматызацыя многіх працэсаў выключаюць месца працы, а заангажаванасць у лакальныя супольнасці падае».
Таксама Цукерберг прыгадаў, што кожны вечар перад сном спявае сваёй дачцэ яўрэйскую малітву Mi Shebeirach. Паводле яго слоў, гэта малітва дапамагае яму ў пераадоленні цяжкасцяў.
Марк Цукерберг працытаваў малітву: «Няхай Той, які з’яўляецца крыніцай сілы і благаславіў нашых продкаў, дазволіць нам знайсці адвагу, каб зрабіць нашае жыццё святым».
У снежні 2016 года заснавальнік Facebook публічна прызнаўся ў тым, што ўжо не з’яўляецца атэістам, і перыяд сумненняў у яго жыцці ўжо мінуў. Цукерберг выхоўваўся ў яўрэйскай сям’і і адзначае, што рэлігія з’яўляецца вельмі істотнай для яго.