Пошук

12.11.2021 09:46   Паводле: SIR / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Getty images

Напрыканцы 2020 года ў Каталіцкім Касцёле ў Італіі было 31 793 святары, а ў 1990 г. — 38 209. Такім чынам, іх колькасць за 30 гадоў скарацілася на 6 416 — прыблізна на 16,5 працэнта.

Як паведаміла італьянскае рэлігійнае інфармацыйнае агенцтва SIR, толькі за апошняе дзесяцігоддзе зніжэнне колькасці духавенства на Апенінах склала 11 працэнтаў. Гэты недахоп у пэўнай ступені кампенсуецца павелічэннем прытоку замежных святароў у Італію, якія ў цяперашні час складаюць амаль 10 працэнтаў духавенства ў гэтай краіне. Пры гэтым за апошнія 20 гадоў на 4,1 працэнта вырас сярэдні ўзрост святароў, які цяпер складае амаль 62 гады (61,8); сярод замежных святароў гэты паказчык складае 46,7 года.

Гэтыя і многія іншыя дадзеныя ўключаны ў нядаўняе даследаванне Нацыянальнага агенцтва душпастырства пакліканняў Канферэнцыі біскупаў Італіі.

Недахоп айчыннага духавенства ў пэўнай ступені кампенсуецца за кошт замежных святароў, колькасць якіх у Італіі за апошнія 30 гадоў павялічылася больш чым у 10 разоў.

У 1990 годзе іх было 204, а ў 2020 годзе іх лічба вырасла да 2631; калі ў 2000 г. яны складалі 3,4 працэнта ўсяго духавенства, якое служыць у Італіі, праз 10 гадоў гэты паказчык вырас амаль удвая (да 6,4), а напрыканцы мінулага года — ужо да 8,3 працэнта. З 2000 года колькасць італьянскіх святароў скарацілася амаль на 20 працэнтаў: з 36 350 да 29 162 у 2020 годзе.

Каментуючы сітуацыю, дырэктар Нацыянальнага агенцтва душпастырства пакліканняў і дапаможны сакратар епіскапату ксёндз Мікэле Джанола сказаў агенцтву SIR, што гэтыя лічбы «не павінны выклікаць панікі, але іх трэба ўспрымаць усур’ёз, бо яны ўздымаюць пытанне аб эфектыўнасці душпастырства пакліканняў у нашых мясцовых Касцёлах».

Святар адзначыў, што біскупы падзяляюць «заклапочанасць, выказаную Папам Францішкам у прамове на адкрыцці 71-а Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі біскупаў Італіі 21 мая 2018 года, калі ён казаў пра „крывацёк пакліканняў“». У сувязі з гэтым «прынятыя імі меры па выпраўленні сітуацыі паказалі слабасць у пошуку правільнага адказу, паколькі меры, прынятыя на сярэдні або кароткі час, могуць падарваць здольнасць супольнасці да адраджэння. Неабходна памятаць, што пакліканні нараджаюцца з Касцёла-Маці, і што гэтыя магчымасці адраджэння часам забываюцца або не заўважаюцца».

Следам за Папам ён дадаў, што «Касцёл, які не нараджае сваіх душпастыраў, які не дае плёну пакліканняў свецкіх, сужэнскіх і да кансэкраванага жыцця, з’яўляецца Касцёлам, які задыхаецца».

Сярэдні ўзрост італьянскіх святароў за апошнія 20 гадоў павялічыўся на 4,1 працэнта і цяпер складае 61,8 года, у той час як сярод духавенства з-за мяжы — 46,7 года. Асабліва заўважна змяншэнне колькасці духоўных асоб да 30 гадоў: у 2000 годзе іх было яшчэ 1708, а ў 2020 годзе — усяго 599, гэта значыць на 60 працэнтаў менш, тады як агульны дэмаграфічны спад у Італіі за гэты час склаў 20 працэнтаў.

У 2020 годзе налічвалася 25 595 парафій з 15 133 пробашчамі, гэта значыць кожны з іх абслугоўваў у сярэднім 1,7 парафіі, а на аднаго пробашча даводзілася 4 160 жыхароў. Варта таксама адзначыць, што калі ў Італіі ў цяперашні час служыць, як ужо згадвалася, 2631 замежны святар, то за мяжой дзейнічае толькі 348 італьянскіх святароў fidei donum, або 1,1 працэнта агульнай колькасці духавенства, тады як у 2000 годзе іх налічвалася 630.

Нарэшце, у справаздачы адзначаецца, што ў мінулым годзе памерлі 958 святароў, і гэта амаль на трэць больш, чым годам раней (742).

Значная частка гэтых смерцяў была выклікана каранавірусам, бо толькі ў сакавіку – красавіку 2020 года 248 святароў адышлі ў вечнасць, што амаль у два разы больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года (129). Падобнае адбывалася і падчас другой хвалі эпідэміі ў лістападзе і снежні мінулага года. Тады было зафіксавана 240 смерцяў, гэта значыць больш як удвая болей, чым у мінулым годзе, калі іх было 119.

Абноўлена 12.11.2021 09:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.