Кардынал Галцьера Басэці, прымаючы прызначэнне на пасаду старшыні Канферэнцыі Біскупаў у Італіі, падкрэсліў, што не ставіць перад сабой спецыяльных праграм, але зробіць акцэнт на калегіяльнасці ў працы епіскапату.
24 мая Святы Айцец прызначыў кардынала Басэці новым старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі.
У сваёй першай прамове на пасадзе кіраўніка італьянскага Касцёла кардынал указаў на адзін «маленькі, але вельмі істотны знак»: калі пра яго прызначэнне даведаліся юнакі з супольнасці нарказалежных, пра якую клапоціцца іерарх, яны пажадалі яму і надалей заставацца для іх айцом.
«7 красавіка мне споўнілася 75 гадоў. Гэта сапраўдны знак таго, што Святы Айцец верыць у здольнасць старых марыць», — сказаў новаабраны старшыня італьянскага епіскапату.
Кардынал адзначыў, што пасланне папы Францішка італьянскім біскупам выразна зразумелае: «На пачатку працы біскупскай канферэнцыі Папа заклікаў нас дзяліцца адзін з адным сваім часам, слухаць і суцяшаць адзін аднаго, дзяліцца крэатыўнасцю. Яго словы — гэта ўжо салідная праграма працы, якую мы, біскупы, будзем выконваць разам. Да таго ж Святы Айцец заклікаў нас жыць у калегіяльнасці і ісці разам: менавіта гэта дазволіць нам разумець рэаліі — і свету, і нашага Касцёла — вачыма і сэрцам Бога»
Паводле sib-catholic.ru
(VGr)